Каледж канцэртаў

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

Музычная дзейнасць праз нелакальную танальнасць
Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Рыгора Шырмы днямі справіць сваё 75-годдзе. Размову пра гэтую навучальную ўстанову мы вядзем з дырэктарам Рамуальдам ЖАБІНСКІМ — не толькі знаным баяністам, але і аўтарам аб’ёмнай, надзвычай змястоўнай манаграфіі “Брэсцкі музычны каледж: гісторыя і сучаснасць”, што пабачыла свет некалькі гадоў таму.

/i/content/pi/cult/525/11349/12-1.jpg— Рамуальд Адольфавіч, за дзесяцігоддзі ў каледжы склаліся цікавыя традыцыі, якія вы падтрымліваеце і дагэтуль.

— Адна з іх, і найбольш трывалая, — гэта як мага больш шырокая канцэртная дзейнасць. На сёння мы бадай адзіная навучальная ўстанова, дзе захавалася такая форма, як Тыдзень музыкі для дзяцей і юнацтва. Падобныя Тыдні, што ўзніклі ў савецкія часы і былі прымеркаваны да вясновых канікул, з цягам часу амаль паўсюль зніклі. А мы іх не толькі падтрымліваем, але і надаём ім усё больш шырокі разгорт. Па сутнасці, гэта сапраўдны музычны фестываль, адрасаваны моладзі. Невыпадкова і юбілейны гала-канцэрт пройдзе акурат у час чарговага такога Тыдня. Зірніце на афішу: гэта не выступленні “дзеля птушачкі”, а паўнавартасныя канцэртныя праграмы, скіраваныя на нязмушанае выхаванне і асветніцтва маладога пакалення. Кошт білетаў — 30 тысяч рублёў — даступны кожнаму. Пастаянна ўдзельнічаюць нашы калектывы, выкладчыкі і навучэнцы і ў Міжнародным фестывалі “Студзеньскія музычныя вечары”. Дарэчы, пачынаўся гэты форум калісьці менавіта на нашай сцэне і толькі потым “пераехаў” на пляцоўку абласнога драмтэатра. Старшыня Брэсцкага філіяла Беларускага саюза музычных дзеячаў Лідзія Батырава, якая ладзіць “... Вечары”, — нястомны “вечны рухавік”, і мы можам толькі ганарыцца, што ў горадзе ёсць такі фестываль, які з’яўляецца адметнай рысай усяго рэгіёна.

— А чаму тады панізіўся статус вашага фестывалю-конкурсу “Пралескі”? Калісьці ён лічыўся міжнародным, цяпер стаў Адкрытым абласным. Звычайна ўсе імкнуцца зрабіць наадварот — любымі сродкамі дамагчыся назвы міжнароднага.

— Хацелася, каб на ім як мага больш шырока была прадстаўлена Брэстчына. На міжнародных конкурсах заўсёды ёсць “пастаянныя” ўдзельнікі, якія з адным і тым жа добра абыграным рэпертуарам едуць “здымаць вяршкі”. Мы ж імкнёмся развіваць узровень музычнай падрыхтоўкі рэгіёна. І ганарымся тым, што сёння праводзім абласныя конкурсы і фестывалі па ўсіх спецыяльнасцях — у тым ліку, і з мэтай прафарыентацыі. Дзеля гэтага ж рэгулярна ладзім метадычныя чытанні, аказваем разнастайную іншую дапамогу, праводзім кансультацыі.

— А не перашкаджае набіраць абітурыентаў тая акалічнасць, што ў вашага каледжа, у адрозненне ад многіх іншых такіх устаноў па рэспубліцы, няма свайго інтэрната?

— Вельмі хацелася б, каб юбілейныя ўшанаванні сталі своеасаблівым штуршком да канчатковага вырашэння гэтай праблемы. На дзяржаўным узроўні ўсе неабходныя рашэнні прыняты, зямля пад будаўніцтва вылучана, дакументацыя цалкам падрыхтавана. Засталося толькі атрымаць грошы, абвясціць тэндар і знайсці падрадчыка. Спадзяюся, гэта 
будзе жытло не толькі для навучэнцаў нашага каледжа, але і для работнікаў усёй сферы культуры. Бо пакуль даводзіцца дамаўляцца з іншымі ўстановамі і рассяляць моладзь па чужых інтэрнатах.

— А між тым, нягледзячы на адсутнасць належных побытавых умоў, культурнае жыццё ў каледжы віруе. На сцэне навучальнай установы праходзіць не адзін згаданы вамі Тыдзень музыкі для дзяцей, а пастаянныя выступленні, што складаюцца ў цыклы.

— Так, “Музыка нашых дзён” прысвечана беларускім кампазітарам. Некаторыя з іх (тая ж Галіна Гарэлава) прыязджалі да нас на свае вечары, зладжаныя каледжам. Ёсць у нас і фэст “Фарбы аркестравага гучання”, і конкурс дырыжораў, які праходзіць у некалькі тураў: і пад раяль, і ўласна з аркестрамі, бо ў нас іх некалькі — сімфанічны, духавы, народны, цымбальны. І ўсе актыўна канцэртуюць! Гэтак жа, як і шматлікія харавыя калектывы, дзе ўдзельнічаюць не толькі будучыя спевакі і дырыжоры. Ёсць нават хор тэарэтыкаў! Чулі б вы, як яны спяваюць, да прыкладу, патрыятычныя песні. Такая практычная скіраванасць, адчуванне сваёй запатрабаванасці становяцца дадатковым стымулам да навучання. Тая ж музыказнаўца Валянціна Мальцава арганізавала і правяла цікавы цыкл “Эвалюцыя жанра фартэпіяннага канцэрта”, пачынаючы ад эпохі барока. Іграў сімфанічны аркестр каледжа, а саліравалі самыя вядомыя беларускія піяністы: народны артыст краіны Ігар Алоўнікаў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Юрый Бліноў, Кацярына Марэцкая. І гэта не адзінкавы прыклад! Так што можна сказаць ганарліва: маўляў, творчасць перамагае побытавыя праблемы. Але ўсе мы марым, каб апошнія папросту зніклі.

 

Хэдлайн рэгіёна

Геаграфічны ўхіл

Геаграфія куды больш шчыльна звязана з развіццём культуры і мастацтва, чым пра тое прынята думаць. Пачынаўся іх тандэм здавён, калі і слоў такіх не ведалі. Звярніце ўвагу, усе народныя абрады, фальклорныя традыцыі, строі, інструментарый залежаць найперш ад прыродных умоў: надвор’я, ландшафта, распаўсюджанасці пэўных жывёл ды раслін.

Продкі ўмелі выкарыстоўваць усе свае геаграфічныя асаблівасці, знаходзячы ў іх перадумовы для пэўнага мастацтва. А мы? Ці ўмеем рабіць гэтак жа? Ці разумеем, што “ў прыроды няма дрэннага надвор’я”? Бо гэта значыць — трэба кожны “мінус” ператварыць у “плюс”. У Брэсце так і робяць. Здавён. Так і склалі свае традыцыі — не толькі “блізкасці да Захаду” (чытай: Еўропы), але і “скрыжавання ўсіх шляхоў”.

Менавіта на сцэне музычнага вучылішча, як называўся калісьці каледж, выступалі еўрапейскія і расійскія зоркі. І гэта таксама паспрыяла той музычнай аўры, што пануе ў навучальнай установе. Узяты курс — дацягнуцца да зорак — вытрымліваецца цягам доўгіх гадоў. І набывае сёння асаблівае значэнне. Навучэнцы каледжа ўдзельнічаюць не толькі ў шматлікіх дабрачынных мерапрыемствах, але і, на-роўні, у фестывалях міжнароднага разгорту, што праходзяць у Брэсце. Яны могуць бачыць і чуць прыклады высокага музычнага (а таксама і тэатральнага) майстэрства. І гэта не толькі не вымушае іх “апускаць рукі”, а наадварот дысцыплінуе, настройвае на ўласныя дасягненні. Асабіста ведаючы некаторых выкладчыкаў каледжа, і не першы год, з усёй адказнасцю засведчу: многім іх напрацоўкам магла б пазайздросціць сталічная прафесура. Бо ў каледжы пульсуе дух вынаходніцтва, творчай апантанасці.

 

Кажа эксперт

Рыгор БЫСЮК, дырэктар Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”:

— Дзейнасць музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы я ведаю цягам многіх гадоў, яшчэ па сваёй ранейшай пасадзе начальніка ўпраўлення культуры Брэскага аблвыканкама. Магу даць гэтай навучальнай (а “па сумяшчальніцтве” яшчэ і канцэртнай) установе толькі самую высокую адзнаку. Калектыў сапраўдных прафесіяналаў! Умеюць працаваць з падлеткамі, знаходзяць да кожнага свой падыход. А якія канцэрты ладзяць! Узгадаю хаця б тыя праграмы, што рыхтаваліся для музейнага комплексу. Няма чаго і казаць, што салісты і калектывы каледжа выступалі ў нас неаднойчы. Летась да Дня Перамогі правялі канцэрт-марафон — з 11-й раніцы да паловы чацвёртай дня. Праграма была складзена так, каб публіка магла далучыцца да яе ў любы момант — і так жа ў любы момант сысці, як гэта ўласціва вулічным выступленням. Але былі і тыя, хто не сыходзіў, застаючыся да канца, настолькі іх захапіла і прафесійнае майстэрства, і сама апантанасць музыкантаў. Вядома, да ўгодкаў пачатку Вялікай Айчыннай мы запрасілі каледж зноў, на гэты раз з начным канцэртам. Ізноў неверагодны поспех! Выступаюць яны і на прадпрыемствах, і перад дзецьмі. Ужо адной толькі сваёй канцэртнай дзейнасцю каледж заняў годнае месца ў нашай культуры. А яны ж яшчэ і кадры рыхтуюць — ды якія!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"