"Пенсія" для мастака

№ 12 (1190) 21.03.2015 - 27.03.2015 г

Вымярэнні цэнтраў сучаснага мастацтва: прыстасаваць каралеўскі замак
Гутарка пра стварэнне ў Мінску вялікага Цэнтра сучаснага мастацтва вядзецца з такой зайздроснай рэгулярнасцю, што сама думка некалі абавязкова павінна ўрэчаісніцца. Іншая справа — якім павінен быць гэты цэнтр? Натуральна, пытанне мае вельмі шмат адказаў, пра што сведчаць хаця б тыя разнастайныя ўстановы, якія паўсталі ў краінах “постсавецкага лагеру”. Думаецца, вельмі важна прааналізаваць іх досвед, каб цягам дыскусій выбраць той варыянт, які асабліва пасуе менавіта для нашай культурнай прасторы. Серыю матэрыялаў пра цэнтры сучаснага мастацтва з іншых краін мы вырашылі распачаць з найстарэйшай і ці не самай паважнай такой установы — “Замка Уяздоўскага” ў Варшаве.

/i/content/pi/cult/525/11344/13-1.jpg

Замак Уяздоўскі.

Агульная інфармацыя

Налета Замак Уяздоўскі адсвяткуе 30-годдзе. Як няцяжка падлічыць, установа з’явілася яшчэ за сацыялістычным часам, што добра характарызуе гісторыю сучаснага мастацтва Польшчы: там яно ніколі не ўспрымалася як нейкая “ідэалагічна чужародная з’ява”. Цягам дваццаці гадоў цэнтрам кіраваў знакаміты польскі мастацтвазнаўца і тэатральны дзеяч Войцэх Крукоўскі, які летась адышоў у іншы свет. У значнай меры, менавіта ён паўплываў на станаўленне ўстановы.

Фактычна ад моманту заснавання цэнтр узяў на сябе не толькі выставачныя, але і прынамсі музейныя функцыі: пры ім заснаваны Цэнтр навуковай інфармацыі і дакументацыі, вядзецца збор уласнай калекцыі. Працуе публічная бібліятэка і досыць прыстойная кнігарня, куды трапляюць тэматычныя выданні ці не з усяго свету. Не так даўно заснавана і ўласная рэзідэнцыйная праграма для мастакоў. Варта адзначыць, што ўсёй гэтай размаітай дзейнасцю займаецца досыць вялікі штат — пад сотню асобаў без уліку тэхперсанала.

Ад пачатку працу цэнтра фінансуе Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, што, аднак, не перашкаджае ўстанове знаходзіць дадатковыя крыніцы грашовых паступленняў. У ліку апошніх — не толькі спонсары і замежныя фонды, але таксама і кавярні (іх тут размешчана некалькі) ды арэнда памяшканняў пад самыя разнастайныя падзеі: ад навуковых канферэнцый да паказаў моды і карпаратываў.

Лакацыя

Шыкоўны барочны палац, дзе размешчаны Цэнтр сучаснага мастацтва, мае даволі пакручастую гісторыю. Летняя рэзідэнцыя польскіх каралёў, збудаваная напрыканцы XVI стагодзя Аўгустам ІІ, пасля падзелу Рэчы Паспалітай пераўтварылася ў казармы, а неўзабаве ў вайсковы шпіталь. У вайну будынак моцна пацярпеў, і ягоныя парэшткі ў 1952 годзе былі знесены (нетыповы выпадак для Варшавы). Але праз дваццаць гадоў варшавякі “адумаліся” і адбудавалі ўсё наноў. З аўтэнтычнага тут, натуральна, адны сутарэнні.

Замак Уяздоўскі знаходзіцца наўзбоч ад цэнтра горада — але ў крокавай ад яго даступнасці. Вакол палаца — шматлікія паркі, нядрэнна адноўленыя “пад даўніну”, зусім непадалёк — знакамітыя Лазенкі... Адным словам, мясціны ціхія, але даволі рэспектабельныя. Перыядычна мастацкія творы выстаўляюцца непасрэдна ў паркавай зоне. У іх ліку можна прыгадаць, скажам, “Палацы для птушак” беларуса Артура Клінава.

Адпаведная рэспектабельная атмасфера падтрымліваецца і ўнутры. Выставачныя залы поўняцца досыць старамоднымі наглядчыкамі паважнага веку, якія пільна цікуюць за кожным наведвальнікам. Не ведаю, чым абумоўлена такая мода на Захадзе і чаму яна тычыцца перадусім менавіта сучаснага мастацтва, бо ў кансерватыўных музеях атмасфера больш разняволеная. А калі тых наглядчыкаў становіцца больш за наведвальнікаў (што, па-мойму, тут не рэдкасць), сюррэалістычны эфект шматкроць узмацняецца.

/i/content/pi/cult/525/11344/13-2.jpg

Адзін з прыкладаў афармлення прасторы ў Замку Уяздоўскім. / Здымкі з сайта арт-цэнтра

Экспазіцыя

Гістарычныя інтэр’еры палаца было вырашана не аднаўляць, таму ўнутры ён уяўляе з сябе класічны галерэйны “белы куб”. Умела выкарыстоўваючы прастору і сучаснае абсталяванне, дызайнеры экспазіцыі прымушаюць выйгрышна “загучаць” нават тыя творы, якія ў іншых варунках выглядалі б не надта пераканаўча. Балазе, і прасторы і абсталявання тут не бракуе...

Выставачную палітыку вызначае галоўны куратар — свайго кшталту мастацкі кіраўнік цэнтра. Варта адзначыць, што карэктаваць яго дзейнасць можа грамадская рада з дзеячаў польскай культуры.

У большасці выпадкаў, залы цэнтра аддаюцца не “перспектыўнай моладзі”, але ўжо спраўджаным творцам, і досыць рэдка камусьці з іх бывае менш за пяцьдзясят. Выключэннем з’яўляецца праект аднаго з польскіх банкаў, які ўжо некалькі гадоў рэалізуецца на пляцоўцы цэнтра і прызначаны для рэпрэзентацыі творчасці маладых. Раз-пораз надараюцца вялікія праекты, што выяўляюць “зрэз” актуальнага мастацтва пэўнай краіны (некалі, за дзедам-шведам, экспанавалася і Беларусь).

Гадоў пятнаццаць таму даводзілася наведваць тут выстаўкі такіх “монстраў”, як Марына Абрамавіч, Джэймс Тарэл, Рэбека Хорн... Адпаведна, патрапіўшы ў цэнтр, “неафіт” меў усе магчымасці зразумець, чым жа ёсць сучаснае мастацтва ў лепшых сваіх праявах. Выстаўкі, якія адбываюцца ў Замку літаральна цяпер, наўрад ці б далі рады справіцца з гэтай функцыяй.

77-гадовы класік польскага перформанса і фота-арта (ці “класічка”, бо яна ж феміністка) Наталля ЛЛ выяўляе звыклыя бакі сваёй творчасці — постмадэрнісцкую іронію ў дачыненні да міфалагічных сюжэтаў, якія зрошчваюцца з маскультурнымі вобразамі. Іншая тэма аўтаркі — сексуальнасць. Некаторыя яе працы пагэтуль досыць цяжка ўявіць у беларускіх дзяржаўных арт-інстытуцыях. Прыкладам, відэапраект “Спажывецкае мастацтва”, дзе Наталля ЛЛ здзекуецца з клішэ “дарослых фільмаў”. На цэтліку дата стварэння — 1973 год. Сапраўды, класіка... Застаецца толькі “з павагай прайсці міма”.

Другая выстаўка — “Habitat” (“Арэал бытавання”) Катажыны Юзэфовіч — выглядае куды менш прэтэнцыёзна і, мабыць, таму спадабалася болей. Аўтарка стварае дываны, абрусы ды іншыя дзіўныя творы ДПМ з драбнюткіх кавалкаў газет і рэкламных улётак — загалоўкаў, тысяч дбайна выразаных партрэтаў і г. д. І яе карпатлівая ручная праца (гэта ж колькі трэба было шчыраваць нажніцамі) нібы пераўвасабляе адчуджаны свет медыяпрасторы ва ўласны.

Праграма

Апрача выставак, у цэнтры адбываюцца дзясяткі імпрэз. Ёсць тут кінатэатр, які штодня дэманструе актуальнае незалежнае кіно, праходзяць канцэрты, тэатральныя паказы і перформансы... У цёплую пару розныя падзеі ладзяцца ва ўнутраным дворыку, які не так даўно займеў глыбока ненавісны ўсім “пурыстам ад рэастаўрацыі” хайтэкаўскі шкляны дах.

Адукацыйная праграма ўражвае размаітасцю: яна ахоплівае ці не ўсе ўзроставыя катэгорыі — ад трохгадовых дзетак і да пенсіянераў. Прычым гутарка вядзецца зусім не толькі пра банальныя заняткі па маляванні. Прыкладам, падчас аднаго з варштатаў малечы прапануецца маляваць гукі і маляваць гукамі. Незразумела толькі, як дзіцячыя “анімаваныя шпацыры” па выстаўцы суадносяцца з тымі артэфактамі, што былі апісаны вышэй.

Рэзюмэ

Можна амаль не сумнявацца ў тым, што падобная ўстанова ў нас бліжэйшым часам не паўстане. Прычым справа не толькі ў грошах. Узважанае і спакойнае стаўленне да сучаснага мастацтва як да звыклай часткі культурнага ландшафту наўрад ці выпрацуецца ў нашым грамадстве ў бліжэйшыя гадоў -наццаць. Больш за тое, празмерная рэспектабельнасць антуражу выклікае хіба нервознасць удзельнікаў працэсу і гледачоў як гэта ўжо было з вялікімі выстаўкамі ў “БелЭкспа”. Айчынны дыскурс куды больш імпульсіўны і палымяны — хаця б таму, што проста малады. А Замак Уяздоўскі — гэта пакуль далёкая ад сучасных беларускіх мастакоў пенсія.