Пазыўны “Тадэвуш”

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

У рэдакцыю патэлефанаваў метадыст Ганцавіцкага РМЦ Мікалай Ленкавец і прапанаваў напісаць пра лёс работніка культуры Паўла Рыгоравіча Зуйкевіча... Мікалай — даўні сябра “К”, таленавіты сцэнарыст, аўтар шматлікіх крэатыўных праектаў. Таму да ягонай прапановы прыслухаліся з увагай. Аказалася, што ў Ганцавічах і ў вёсцы Лактышы ёсць вуліцы, якія носяць імя Зуйкевіча, а ў Лактышах, да таго ж, пры сельскім клубе дзейнічае музей, прысвечаны памяці Паўла Рыгоравіча. Мікалай Ленкавец зазначыў таксама, што да 70-годдзя Вялікай Перамогі ён напісаў сцэнарый інфармацыйна-пазнаваўчай праграмы пра Зуйкевіча, які загінуў у 23 гады. Вось з гэтага сцэнарыя і можна ўзяць фактуру пра гераічнага хлопца, кавалера найвышэйшай узнагароды Чэхаславакіі — Ваеннага Крыжа І ступені. Так мы і зрабілі. Якім жа быў першы загадчык хаты-чытальні ў Лактышах Павел Рыгоравіч Зуйкевіч?

/i/content/pi/cult/524/11338/14-2.jpg

 

Нарадзіўся ён 8 верасня 1922 года ў Лактышах на Ганцавіччыне. З маленства пакаштаваў жыццё пад уладай панскай Польшчы. Дарослыя змагаліся пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, але не адставалі ад іх і дзеці: Павел і яго сябры пісалі ды распаўсюджвалі па вёсках улёткі. А калі ў верасні 1939-га прыйшла Чырвоная Армія, юнак актыўна ўключыўся ў грамадскае жыццё. Неўзабаве вясковая моладзь абірае Зуйкевіча камсамольскім лідарам. А ён не баіцца ніякай працы! І калі ў вёсцы з’яўляецца хата-чытальня, становіцца першым яе загадчыкам. Стварае мастацкую самадзейнасць, беручы ў ёй чынны ўдзел. Відаць, цудоўна разумее, што без кнігі, культуры новае жыццё не пабудуеш.

Усе мары парушыла вайна. У першыя яе дні Павел з сябрамі разнёс кнігі па хатах з просьбай захаваць кожную. Верыў: перамога будзе за намі і кнігі зноў спатрэбяцца. Фашысты пачалі знішчаць актывістаў, і аднойчы атрад карнікаў акружыў Лактышы. Зуйкевічу ў апошні момант удалося ўцякчы... Да яго і іншых хлопцаў дайшлі чуткі, што партызанскія атрады створаны ў лесе ля Дзяніскавічаў, а таксама паблізу вёсак Будча і Чудзін. Аказаўшыся сярод лясных мсціўцаў, Павел выконваў і такі загад партызанскага кіраўніцтва: здабыць зброю, якой не стае атраду. На месцах нядаўніх баёў хлопцы падабралі і накіравалі ў лес васямнаццаць аўтаматаў, некалькі карабінаў ды кулямёт. А яшчэ камсамольцы распаўсюджвалі антыфашысцкія ўлёткі, па загадзе партызан займаліся разведкай…

Неяк Зуйкевіча схапілі гітлераўцы і адправілі ў Германію. Але і тут, нягледзячы на знясільваючую працу і здзекі, Павел знаходзіў магчымасць хоць неяк працаваць на Перамогу. Яму пашчасціла сустрэць брата Міхаіла, які разам з польскімі салдатамі трапіў у палон яшчэ у 1939-м. Брат працаваў шаўцом і меў доступ у панскі дом. Павел слухаў па радыёпрыёмніку навіны з Масквы, атрыманыя звесткі перапісваў ад рукі і перадаваў зняволеным. Тыя, даведаўшыся праўду, пачалі жыць надзеяй на вызваленне…

Павел уцёк з няволі, але ў Польшчы яго схапілі, змардавалі і кінулі у лагер для ваеннапалонных. Пасля перажытага Зуйкевіч у 1944 годзе напісаў родным: “За гэтыя тры гады вандраванняў я бачыў многае. На руках сябры паміралі ад голаду. Знаходзіўся там, дзе тысячы людзей дарэмна працягвалі рукі з мальбой аб кавалку хлеба. Перанёс столькі, колькі не кожны чалавек можа перанесці. Фашысты “ўдасканальваліся” ў сваіх здзеках з нашых людзей. Бачыў, як гналі рускіх, а для таго, каб ніхто не ўцёк, абмотвалі калючым дротам людскія калоны. Аслабелых фашысты прыстрэльвалі…”

Узімку 1943 года палонных прыгналі на чыгуначную станцыю. Трэба было адгружаць сельскагаспадарчую тэхніку для адпраўкі на Украіну. Павел схаваўся ў вагоне, а праз некалькі сутак саскочыў на хаду ў лясах Чарнігаўшчыны. Адважных і мэтанакіраваных падтрымлівае Бог. Павел — ізноў у партызанах. Неўзабаве на Чарнігаўшчыну ўступілі савецкія войскі. Павел быў прызваны ў дзеючую армію. Ён атрымлівае спецыяльнасць радыста-разведчыка.

…У сакавіку 1945-га Зуйкевіч (пазыўны “Тадэвуш”) разам з чэшскім радыстам “Юрыем” накіраваны за лінію фронту ў тыл ворага, у раён Прагі. Іх скінулі ўначы на парашутах. На канспіратыўнай кватэры ў сяле Псары Павел сустрэўся з палкоўнікам Юлісам Філіпам, удзельнікам супраціўлення. І зноў — выпрабаванне. Падпольшчыкаў высочваюць. Фашысты акружаюць дом і прапаноўваюць савецкаму разведчыку здацца. Але Павел пачаў адстрэльвацца. Гітлераўцаў было шмат. Зуйкевіча забілі… На целе разведчыка налічылі потым сорак восем кулявых ран. Гэта здарылася 7 красавіка 1945-га. Хлопцу было 23 гады…

Урад Чэхаславакіі пасмяротна ўшанаваў Паўла Рыгоравіча Зуйкевіча найвышэйшай узнагародай краіны. На месцы, дзе разведчык быў забіты, яму паставілі помнік…

Вось і ўсё жыццё загадчыка хаты-чытальні. Пасля яго засталася не толькі памяць, але і кнігі, ім захаваныя. Кнігі пра тое, якім павінен быць чалавек. Прыязджайце ў Лактышы, і вам распавядуць пра хлопца, які ўмеў спяваць, любіў жыццё ды родную Беларусь, за якую і склаў галаву за яе межамі…

На здымках: Павел Зуйкевіч і ваенны крыж І ступені Чэхаславакіі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"