“Пасланні” Акадэміі

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

Што пабачылі літоўцы ў беларускім кантэксце?
З 5 сакавіка у галерэі “Тытанік” Вільнюскай мастацкай акадэміі — выставачны праект Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў “Пасланні”, які стаў найбуйнейшай на сёння прэзентацыяй сучаснага беларускага мастацтва ў Літве. У экспазіцыі — графіка і фотаграфіка, інсталяцыі, жывапіс. На адкрыцці прысутнічала дэлегацыя БДАМ на чале з рэктарам Міхаілам Баразной.

/i/content/pi/cult/524/11334/12-2.jpg

Міхаіл Рыгоравіч распавядае:

— Выстаўкай мы распачалі святкаванне 70-годдзя нашай Акадэміі. Сімвалічна, што гэта адбылося у сценах не проста партнёрскай установы, а ў тым месцы, якое наўпрост звязана са станаўленнем мастацкай адукацыі ў Беларусі. Мы добра ведаем імёны класікаў нашага мастацтва, якія вучыліся ў Віленскім універсітэце на мастацкім факультэце, які потым і стаў Акадэміяй, і мастакоў, чыя творчасць звязана з Вільняй. Гэта і Фердынанд Рушчыц — заснавальнік факультэта, і Міхась Сеўрук. А калі згадаць больш раннюю гісторыю, дык не абмінеш Валенція Ваньковіча.

Куратарам выстаўкі была прызначана Кацярына Кенігсберг. Прынцып адбору твораў, фарміравання экспазіцыі — традыцыйны для такога роду выставак, хоць для беларускага гледача ён можа і нязвыклы. Мусілі быць прадстаўлены студэнты, вядучыя выкладчыкі і рэктар, які таксама павінен быў прэзентаваць свае работы. Інакш кажучы, гледачы пабачылі Акадэмію ва ўсіх чынніках.

А рэзананс гэтай культурнай акцыі абумоўлены ўжо тым фактам, што мы выставіліся не ў нейкай прыватнай галерэі, не ў калідоры Ратушы, а ў літоўскай Акадэміі, якая мае свой аўтарытэт, уваходзіць у Сусветную асацыяцыю акадэмій мастацтваў і вышэйшых школ дызайну.

Рэктар літоўскай Акадэміі Аўдрус Клімас падкрэсліў, што ў Літве добра ведаюць высокатэхнічныя якасці беларускай мастацкай школы на прыкладзе работ Валерыя Славука, Рамана Сустава ды іншых знакамітых творцаў, але ж па экспазіцыі відаць, што беларуская Акадэмія знаходзіцца ў пошуку. Прадстаўленыя канцэптуальныя знаходкі — гэта тое мастацтва, якое ў Літве вітаецца.

Мне было вельмі прыемна пачуць меркаванне пра нашу выстаўку вядомага літоўскага фотамайстра, аўтара славутай серыі “Ню ў дзюнах” Рымантаса Дзіхавічуса. Ён сказаў, што творы беларусаў яму даспадобы таму, што ў іх ёсць самае галоўнае — адкрытая душа як сутнасць мастацтва: у сучасным арт-працэсе шмат штучнасці, падробак, імітацый, а шчырасці — бракуе.

Магу казаць, што сёння ў навучальным працэсе нашы краіны пазбавіліся таго, што звязана з рэгламентацыяй мастацкага жыцця: памятаючы гісторыю, у тым ліку — нядаўнюю, мы скіраваны ў будучыню.

Дарэчы, 2 красавіка чакаем у галерэі нашай Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў выстаўку сучасных графічных твораў з літоўскай установы-партнёра.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"