Запілім вініл ды запоўнім вакуум

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

У юнацтве ўзяў у старэйшага сябра кружэлку югаслаўскага ансамбля “АВС” з неймавернымі па прыгажосці і лёгкасці, як мне тады падавалася, інструменталкамі. Калі вяртаў, абурэнню таварыша не было мяжы: “Да ты мне ўвесь вініл запіліў!” І мой грэх быў неаспрэчным, бо карыстаўся не дарагой вяртушкай, а звычайнай тады лямпавай радыёлай. Так што гэта я “забіў” плыту… Мой сябра зарабляў за савецкім часам фарцой, а афіцыйна і для душы быў ды-джэем. Праўда, тады гэта называлася “вядучы танцавальных вечароў”. І па сёння карыстаемся з ім слэнгам, агульным для фарцоўшчыкаў і меламанаў. А мае абдзеленыя савецкасцю сыны не жадаюць бачыць розніцу паміж “лонгплэем” і “альбомам”. У кожнага — сваё юнацтва.

/i/content/pi/cult/524/11332/4-1.JPGІ не згадаў бы пра гэта, каб не даведаўся, што 9 сакавіка прагрэсіўная маладзёжная супольнасць адзначыла Сусветны дзень ды-джэя. У сувязі з гэтым замежная клубная індустрыя ладзіць дабрачынныя акцыі і пералічвае заробленыя на дыскатэках сродкі на лячэнне цяжка хворых. Больш чым ухвальны праект, які, на вялікі жаль, не надта праецыруецца на цяперашнія эканамічныя рэаліі. На Беларусі на гэта здольны хіба што камерцыйна паспяховыя прыватныя клубы. Але, шчыра кажучы, не чуў пра такія выпадкі высакароднага фундатарства. Дый па абавязку службы гаворку мне трэба весці найперш пра дзяржаўныя СК, СДК, РДК і абласныя Палацы культуры. Хто б ім усім дапамог?!

Тым не менш, гэтыя ўстановы маюць пэўнае дачыненне да ды-джэйскага руху. Прынамсі, гадоў сем таму ў рэспубліцы ладзіўся конкурс на яго лепшыя творчыя праявы. Аднак хто пра тое памятае? А на дварэ Год моладзі! І пра гэта цудоўна ведаюць, да прыкладу, у Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Яго вядучы метадыст Ала Лялькіна паведаміла “К”, што ва ўстанове трэці год дзейнічае творчая лабараторыя “Ды-джэй клуб “Майстар Мікс”. Тут можна стаць ды-джэем і гукарэжысёрам. Курс навучання па праграме любога кірунку, як сцвярджае Ала Лялькіна, — не менш як 12 гадзін індывідуальных заняткаў.

Кіруе клубам праграміст і будучы педагог Віктар Фралоў. Па словах метадыста Віцебскага АМЦНТ, карысць такога навучання ацанілі не толькі ў райцэнтрах вобласці ўвогуле, але і ў канкрэтных сельскіх дамах культуры. Дыскатэка — адзін з відаў платных паслуг, а CD-прайгравальнікі і мікшарныя пульты — апаратура досыць распаўсюджаная і на сяле. І калі аграгарадок па сваіх сацыяльных стандартах проста абавязаны не адставаць ад горада, дык і на танцавальнай вечарыне павінна гучаць, як мінімум, прасунутая музыка, у тым ліку, як мне падаецца, і прагрэсіў-фолк. Урэшце, верных паслядоўнікаў справы Піта Сігера, Боба Дзілана і Джаан Баэз і на Беларусі хапае. Але без дасведчанага “мадэратара” танцавальнага вечара ці атрымаецца карысная тэматычная дыскатэка? З інфармацыйным відэашэрагам, арганічнымі падводкамі паміж трэкамі і светлавым эфектам сенсібілізацыі? Хутчэй не, чым так.

Ці ёсць аналагічныя школы ды-джэяў у іншых абласцях? Ала Лялькіна не ведае. Не ў курсе і я. Штосьці падобнае, падаецца, было ў свой час у Дзяржынску. Думаецца, пасля гэтай публікацыі дасведчаныя і зацікаўленыя адгукнуцца. Было б няблага параўнаць, як пачувае сябе гэтых рух у Год моладзі. Шкада, канечне, што міжабласны інфармацыйны вакуум існаваў і існуе, а работнікі культуры, скажам, Гомельшчыны не ведаюць, як развіваецца танцавальны рух, да прыкладу, на Магілёўшчыне. Запоўнім вакуум праз “К”?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"