Намаляваць героя

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

Пра вайну гаварыць трэба. Асабліва з моладдзю. Асабліва сёння. Толькі трэба знайсці правільныя словы. Вось асноўная мэта, якую ставілі педагогі Дзіцячай мастацкай школы Маладзечна, калі арганізоўвалі гутарку з навучэнцамі.

Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай частцы Вольга Роўда расказвала, як ў гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў яе дзядуля. З дзяцінства ў ейнай памяці засталіся яго ўспаміны: “Сядзім у акопе. Цішыня такая перад боем. Вясна... Маленькая птушачка па краі акопа скача і цінькае. І такое адчуванне, што нідзе не рвуцца снарады, няма смерці і крыві, што вакол мір і любата”. Вось так шанавалі салдаты кароткія імгненні зацішша перад боем, вось так марылі пра мір і спакой.

Як вядома, вобразы ўздзейнічаюць на чалавека лепш за словы. Юныя мастакі паглядзелі фільм “Абеліскі памяці”, дзе распавядаецца пра мясціны Маладзечанскага раёна, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны: Шталаг-342, Сакаўшчына — сястра Хатыні, помнік лётчыкам пад Радашковічамі, абеліск у гарадскім парку… Невялікая дакументальная стужка была знята некалькі гадоў таму навучэнцамі клуба юных журналістаў “Маладзік” пры падтрымцы мясцовага 
тэлеканала.

Зразумела, што арганізатары сустрэчы звярнуліся і да пасрэдніцтва выяўленчага мастацтва. Моцнае ўражанне ў хлопчыкаў і дзяўчынак засталося ад карціны маскоўскага мастака Барыса Няменскага з цыклу “Безыменная вышыня”. У канцы гутаркі навучэнцы напісалі, што для іх значыць слова “мір”. Так дзеці назвалі свабоду без болю і слёз, спакой, дабрыню, уменне дараваць, любоў і радасць. Некаторыя падышлі творча і выказалі сваё меркаванне не словамі, а малюнкамі: зямны шар, дзяўчынка з кветкамі ў руках, сэрца і нават марожанае. Сапраўды, цяпер мы маем магчымасць атрымаць асалоду ад многіх радасцей жыцця, розных 
прысмакаў.

Як паведаміла дырэктар Алена Кучко, мастацкая школа сумесна з Саветам ветэранаў да 70-годдзя Перамогі рыхтуе выстаўку “Галерэя партрэтаў ветэранаў”. Юныя мастакі працуюць ужо цяпер над стварэннем вобразаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны Маладзечанскага раёна, якія мы зможам убачыць у маі падчас святкавання юбілею Перамогі.

Дар’я СВІРЫДА, навучэнка школы журналістыкі “Маладзік”