Колькі доўжыцца “часова”?

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

Акцыя “К”: журналісцкі аўтатур па СДК і не толькі: капрамонт з рэканструкцыяй, недахоп плошчаў і сацыяльныя стандарты
Сёння — пра культуру Талачына і Талачынскага раёна. А тут шмат усяго: і добрага досведу, які ў іншых раёнах не пашкодзіла б узяць на заметку, і пэўных пралікаў, ад якіх, нам падаецца, пазбаўляцца трэба рашуча. Карацей, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама не надта адрозніваецца ў сваёй стратэгіі ад іншых, што дзейнічаюць у раёнах, якія размешчаны ля не асабліва ажыўленых трас і магістраляў.

/i/content/pi/cult/524/11329/10-1.jpg

І РЦК, і манастыр

Спачатку — пра станоўчае. У цэнтры Талачына на той дзень актыўна вяліся рамонты Раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ды манастырскага будынка. У наш, не надта спрыяльны ў эканамічным плане час, — справа даволі рэдкая. Адна з прычын такой актыўнасці — абласныя “Дажынкі”, якія сёлета запланавана правесці якраз у Талачыне. Мы сустрэліся з брыгадзірам Перасоўнай механізаванай калоны з Круглага Сяргеем Гапічавым. Як высветлілася ў размове, гэтая ПМК працуе ў Талачыне ўжо не адзін год. Першым аб’ектам, з рэстаўрацыяй якога майстры паспяхова справіліся, стаў Свята-Пакроўскі жаночы манастыр, які ўвайшоў у Дзяржаўную інвестыцыйную праграму. Будаўнікі ўмацавалі падмурак храма і тым самым прадухілілі далейшае разбурэнне помніка. Зараз майстры карпатліва працуюць над манастырскімі жылымі карпусамі. А паралельна дапамагаюць у аднаўленні колішняй раскошы будынка Раённага цэнтра культуры. Сяргей Гапічаў зазначыў, што найгалоўная задача для ягонай каманды сёння — умацаванне нясучых канструкцый, а таксама ўзвядзенне прыбудовы.

Паназіраўшы за маштабнымі рамонтнымі работамі, задаліся пытаннямі: што чакае РЦК у будучым і як зменіцца праца ўстановы пасля яе вяртання ў абноўлены будынак? З гэтымі думкамі і прыйшлі да кіраўніцтва РЦК, “офіс” якога часова знаходзіцца ў Доме рамёстваў.

Сустрэла нас намеснік дырэктара Таццяна Спаткай. Яна і распавяла, што ў адрамантаваным будынку плануецца адкрыць новыя клубныя фарміраванні, у тым ліку — школу развіцця для дзяцей. Прычына не толькі ў фінансах (заняткі будуць платнымі), але і ў тым, каб малеча ўжо з 4-5 гадоў далучалася да мастацтва. У прыватнасці, дзецям будуць прапанаваны заняткі па харэаграфіі, вакале, тэатральным мастацтве. Плануюцца танцавальныя вечары. А што яшчэ? Таццяна Васільеўна прызналася шчыра: чаканні ад абноўленага РЦК залежаць ад таго, што і як у будынку зробяць майстры. Крыху здзівіліся: рамонт робіцца не дзеля рамонту ці асваення дзяржаўных сродкаў, а з прыцэлам на развіццё. І калі Цэнтр культуры будзе ў ім размяшчацца, то яму і вызначаць канцэпцыю.

Музейныя мары

РЦК можа і шмат чым пахваліцца. У прыватнасці, сваім аўтаклубам, за якім замацаваны два мікрааўтобусы. Адна машына для тэхнікі, другая — для культасветработнікаў. А вось Талачынскі краязнаўчы музей пра свае аўто можа пакуль толькі марыць.

Дырэктар установы Ірына Пікулік справу сваю любіць. Яна і правяла для нас змястоўную экскурсію. Экспазіцыя музея зроблена на высокім узроўні і спадабаецца нават самай патрабавальнай публіцы. У тым ліку турыстам. Вось толькі іх у Талачыне днём з агнём не адшукаеш. Прычына, на думку Ірыны Пікулік, у тым, што аб’екты раёна не ўваходзяць у рэспубліканскія і тым больш міжнародныя турыстычныя маршруты. Таму можна спадзявацца бадай на сваіх жыхароў. Вось толькі хто з іх прыйдзе шматкроць на адну і тую ж выстаўку? Улічваючы, што экспазіцыя ў музеі з 2001 года не змянялася, пытанне — рытарычнае.

Але нават калі ўсё насельніцтва Талачына завітае раз на год у музей, то і гэта не здолее дапамагчы яму выканаць план платных паслуг у 21 мільён рублёў. Ды і аднымі школамі план не ўратуеш. А таму зразумела, што прыцягваць ва ўстанову людзей можна толькі за кошт крэатыўных праектаў, арыгінальных часовых выставак, адмысловых школьных заняткаў, сацыяльных акцый і нават тых жа навагодніх (вядома, безалкагольных) карпаратываў. Тыя ж камерцыйныя выстаўкі ў талачынскім музеі звычайна адбываюцца двойчы на год. Ды і тое дзякуючы прыватнікам і замежным установам-партнёрам. Прывезці ж выстаўку з іншага музея для талачынскіх музейшчыкаў пакуль праблема. Як ужо адзначалася, свайго транспарту ўстанова не мае, а браць у арэнду той жа мікрааўтобус аўтаклуба лічыцца нямэтавым яго выкарыстаннем.

Тым не менш, мясцовыя музейшчыкі нядаўна арганізавалі выстаўку з Крупскага раённага музея. А зараз ажыццяўляюць выставачны праект па прэзентацыі твораў дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, робяць гэта сумесна з Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

А нам падумалася: чаму б не правесці выстаўку, якая б распавяла пра гісторыю будынка, у якім зараз месціцца музей. Першапачаткова ён узводзіўся як яўрэйскі жылы дом. Пасля эміграцыі гаспадароў тут у розны час размяшчаўся райкам кампартыі, гарадскі савет, затым дом аддалі пад музей. Думаецца, атрымалася б вельмі цікава, калі дадаць да аповеду архіўныя фотаздымкі, адметныя артэфакты розных перыядаў ХХ стагоддзя.

/i/content/pi/cult/524/11329/10-2.jpg

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Камерцыйнымі выставачнымі праектамі сёння нікога ўжо не здзівіш. І калі Нацыянальны гістарычны музей можа сабе дазволіць арганізаваць так званы “музей шакаладу”, то чаму той жа Талачынскі краязнаўчы не здольны прапанаваць публіцы выстаўку васковых скульптур? Ён і прапаноўвае. Як прапаноўваюць перасоўную калекцыю “лялечных” палітыкаў іншыя краязнаўчыя музеі. А чаму б не зрабіць камерцыйную выстаўку той жа мота- і велатэхнікі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага? Ці прыдумаць нейкія свае цікавосткі? Хіба з Пецяргофа прасцей і танней прывезці тыя васковыя фігуры?

“Бэушнымі” быць надакучыла…

А цяпер — аб праблемах. Першая з іх уласцівая многім раёнам і тычыцца недахопу плошчаў, у дадзеным выпадку — для мясцовага Раённага дома рамёстваў. “Недахоп”, зрэшты, — сказана даволі мякка. “Надакучыла быць бэушнымі”, — зазначыла кіраўнік Дома рамёстваў Святлана Шыцько. Мала таго, што будынак малы ды стары (тут яшчэ яўрэйская гімназія ў свой час месцілася), дык у адно з памяшканняў РДР “падсялілі” на час рэканструкцыі РЦК ягоную службу. Цяпер тут увогуле не развярнуцца. Але з гэтай прычыны рамеснікі не бяздзейнічаюць. Ганчары, саломкапляцельшчыкі — на сваіх месцах, а творы іх — адмысловыя. А яшчэ тут вырабляюць унікальныя калекцыйныя лялькі.

Святлана Шыцько — аптымістка. Жадае, каб і стары будынак майстрам застаўся, бо на гэтай вуліцы, калі яна называлася Татарскай, жылі спрэс майстры. Дый на раёне іх хапала. Нездарма вёскі называюцца Лозы ды Ганчароўка… Але і ад новага будынка для РДР Святлана Шыцько не адмовіцца. “Чым мы горшыя за Гарадок? — разважае яна. — Там з нуля будынак для майстроў узвялі — з водаправодам, прыбіральнямі”.

Такая раскоша застаецца пакуль марай. Хаця б і з той прычыны, што хапае іншых, больш дробных, але не менш важных праблем. Да прыкладу, патрэбна муфельная печка. Тая, што існуе, — маленькая, дый сабрана з чатырох ламаных. Як тут, сапраўды, развівацца?

(Не)лірычнае адступленне Яўген Рагіна

На Віцебшчыне, па маім перакананні, любы РДР — па-свойму ўнікальны і мае перспектыву развіцця. Якую? На мой капыл (усё ж сем гадоў філолагам у школе аднастаўнічаў), варта перанесці сюды ўрокі працы для школьнікаў. Каб не “маргінальныя” табурэткі ўмелі рабіць, а традыцыйныя творы беларускага народнага мастацтва. Для таго, каб душа ў пошуках каранёў не вагалася і каб слова “пераемнасць” не заставалася пустым гукам. Але гузакоў давядзецца набіць на ўвесь лоб, бо звесці два ведамствы дзеля агульнага інтарэсу — ох, як няпроста. Была ў нас Школа бондарства ў Іванаве з адмысловай праграмай навучання. Цяпер на той установе шыльда “Дзіцячая школа мастацтваў”. Быў брэнд — засталася толькі памяць.

Сумныя кантрасты

Так, у гэтым паселішчы здзівілі менавіта кантрасты. З аднаго боку вуліцы — навюткія шыкоўныя крама і кавярня (на той момант яна не працавала), з другога — разбітыя шыбкі ў цёмных аконных правалах цагляных шматкватэрнікаў. Але не ўсе кватэры тут — пустуючыя. Ад аднаго з пад’ездаў двое мужчын засяроджана вялі праз дарогу да крамы ровар, нагружаны мехам, дзе бразгала пустая шклатара… Аграгарадок “Серкавіцы” мы наведалі дзесьці апоўдні 12 лютага і вельмі здзівіліся, што ён — і насамрэч аграгарадок.

Доўга шукалі бібліятэку. Аказваецца, хаваецца яна за школай (з дарогі і не заўважыць). Дзіўна… Доўга не верылі, што вось гэтая будыніна з нязграбнымі ды лядашчымі сенцамі — бібліятэка. Ледзь адкрылі перакошаныя дзверы. З другога боку нам дапамагла гаспадыня — бібліятэкар Наталля Пазнякова, якая на ганку літаральна агаломшыла: “А я вас даўно чакаю!”. Наталля Аляксандраўна — актыўная чытачка “К”, і так шчасліва здарылася, што на той дзень быў у яе дзень народзінаў. Павіншавалі, разгаварыліся…

Аказваецца, колісь бібліятэка месцілася ў адным памяшканні з клубам. І ўсё было б добра, але… Калі вёска пераўтваралася ў аграгарадок, у СДК вырашылі стварыць танцавальную залу, таму бібліятэку выселілі. Часова. І вось гэтае “часова” доўжыцца, па словах бібліятэкаркі, сем гадоў. Клубнае памяшканне — прыстойнае, бібліятэчнае — арандаванае ў школы (тут знаходзіцца і актавая зала адукацыйнай установы) і цеснае да мяжы. Больш за тое, камп’ютар — старэнькі. Інтэрнэту — няма. Для чытачоў ён, мабыць, і не вельмі патрэбны (амаль у кожнага цяпер — ПК), а вось для адказнага бібліятэкара без выхаду ў Сеціва не абысціся. Як, сапраўды, той інфармацыяй валодаць ды з калегамі ў свеце кантактаваць?

Чарговая праблема звязана з выкананнем плана па аказанні платных паслуг. Ва ўстанове — 290 чытачоў, у тым ліку і з навакольных вёсак (сярод аматараў кніг — мама бібліятэкаркі і яе брат). Натуральна, людзі больш чым сярэдняга веку. Як, насамрэч, выконваць з імі гадавое заданне ў 3 мільёны 450 тысяч рублёў, калі камп’ютарная тэхніка — амаль бездапаможная, а камерцыйны фонд — не карыстаецца попытам з той простай прычыны, што сёння ў селяніна — кожны рубель на ўліку?

З бібліятэчнага акна бачны яшчэ яшчэ адзін шматкватэрнік, і таксама — паўсляпы. Што ж гэта за аграгарадок такі? І чаму нельга ўладкаваць бібліятэку ў закінутым жыллёвым фондзе?

Шчыра кажучы, з такім аграгарадоцкім уладкаваннем мы сустрэліся ўпершыню. Шкада бібліятэкара, шкада чытачоў. Сем гадоў чакання прайшло. А колькі іх яшчэ будзе?

Агульнае (не)лірычнае адступленне

Забягаючы наперад, зазначым, што нам шанцавала ў гэтую вандроўку на дні народзінаў менавіта бібліятэкарак. І не абы-якіх. Так што працяг гэтай і іншых тэм — у наступных нумарах. А выснова сённяшняга артыкула — несуцяшальная. У № 32 “К” за 2013 год пісалі пра банкруцтва сельгаспрадпрыемства, што месцілася ў аграгарадку “Вяркуды” Ушацкага раёна. Дык вось, няўжо такі ж незайздросны лёс чакае і Серкавіцы? Прынамсі, па стане жыллёвых аб’ектаў і бібліятэкі такая выснова сама напрошваецца.

 

Працяг матэрыялаў аўтатура пра культуру Сенненшчыны чытайце ў наступных нумарах.

Матэрыялы папярэдніх аўтатураў чытайце тут.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"