Мастацтва для рэлаксу

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

Што засведчылі сем гадоў галерэі
У сталічнай карціннай галерэі “Вільнюс” праходзіла выстаўка, якую можна лічыць справаздачай за сем гадоў работы ўстановы. Называлася яна “Сустрэча”, а ўдзел у ёй бралі тыя мастакі, якія ў 2007 — 2014 гадах ладзілі ў згаданай галерэі персанальныя выстаўкі. Гэта Мікалай Ісаёнак, Віталь Чарнабрысаў, Алег Стасевіч, Барыс Бондараў, Сяргей Пыжыкаў, Уладзімір Сытчанка, Уладзіслаў Пятрунчык, Юрый Яскевіч ды іншыя.

/i/content/pi/cult/524/11328/9-3.jpg

Пазіцыю “Вільнюсa” ў рэйтынгу сталічных галерэй вызначае месца знаходжання: адзін са складнікаў гандлёва-культурнага цэнтра раёна на ўсходзе сталіцы. Наведвальнікі — у асноўным жыхары спальнага раёна, у тым ліку — чытачы бібліятэкі № 18, у якой “Вільнюс” размешчаны. Тое, што кінатэатр з такой жа назвай, вакол якога сфарміравалася культурная інфраструктрура раёна, перароблены у спартыўны аб’ект, на навакольнай прасторы не адбілася. Да ўсяго, дабірацца сюды ад асноўных камунікацый не зусім зручна, таму і верагоднасць таго, што тут на вернісажы з’явіцца немясцовы чалавек, невялікая.

Але ёсць іншы бок медаля: пэўныя з’явы і тэндэнцыі ў мастацтве можа нават больш цікава адсочваць і аналізаваць не на прыкладзе ўзораў, вартых упрыгожваць залы нацыянальных музеяў. Вядома ж, калі нейкая эстэтыка становіцца пануючай, дык яе праявы можна ўбачыць і ва ўбранні палаца, і ў аздобе стандартнай кватэры, і ў творах мэтраў, і ў работах пачаткоўца ці адмыслоўца не надта вядомага.

Час з 2007 па 2014 год не вызначаўся у беларускім мастацтве чымсьці надзвычайным у пазітыўным ці адмоўным сэнсах. Адно, хіба, відавочна: за гэты час мы яшчэ далей адышлі ад савецкай эпохі і яе эстэтычных канонаў. Сёння аблічча мастацтва фактычна вызначаюць густы публікі. Вось і на гэтай выстаўцы сабраны работы, якія мусяць спадабацца гледачам. Гэта і дэкаратывізм, і спроба пагуляць ў абстракцыю, і беларускія краявіды, і якасна скампанаваныя нацюрморты, і сюжэтныя карціны, якія выклікаюць у памяці нешта калісьці бачанае ў музеях ці альбомах па мастацтве. Падобнае можна пабачыць і на выстаўках у іншых установах. Тут жа, асабіста мне, запомніліся сентыментальны партрэт Генадзя Капусціна “Юля”, рамантычны краявід Юрыя Яскевіча “Берагі”, пастараль Аляксандра Піваварава “Воблака-рай”. Гэты і іншыя творы экспазіцыі пасуюць камернай прасторы прыватнага жытла, дзе чалавек адпачывае пасля напружанага рабочага дня. Творы для рэлаксацыі, карацей.

Дазволю сабе параўнанне такога мастацтва з забаўляльнымі тэлепраграмамі, якія, у адрозненне ад навін з “гарачых кропак”, не б’юць па нервах і не правакуюць роспачных думак, і з гэтай прычыны маюць велізарную аўдыторыю. Таму, дэманструючы мастацтва для рэлаксу, галерэя робіць карысную справу.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"