“Улётная” філасофія для маленькіх

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

Замест "сюсю-мусю" — гаворка
Абменныя гастролі — што можа быць лепей? У той час, як Магілёўскі абласны тэатр лялек прывёз на гастролі ў сталіцу “Самы маленькі самалёт на свеце” і “Выкраданне скарбаў”, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек паехаў таксама з двума дзіцячымі спектаклямі — “Пэпі Доўгая панчоха” і “Майдадыр” у горад на Дняпры. Але асаблівасць прыезду магіляўчан яшчэ і ў тым, што адна з іх пастановак — нядаўняя прэм’ера.

/i/content/pi/cult/524/11327/9-1.jpg

/i/content/pi/cult/524/11327/9-2.jpg

 

Сцэны са спектакля "Выкраданне скарбаў" і "Самы маленькі самалёт на свеце". / Фота Веранікі МОЛАКАВАЙ і з архіва тэатра

“Самы маленькі самалёт на свеце”, пастаўлены галоўным рэжысёрам магілёўскага тэатра Ігарам Казаковым напрыканцы мінулага сезона, — спектакль сапраўды сямейны. І хаця ён пазначаны як “5+”, не засумуюць на ім і больш малодшыя: паглядзець ёсць на што. Ужо хаця б таму, што сцэнаграфію і лялек рабіла Таццяна Нерсісян — мастачка з неабмежаванай фантазіяй, схільная, як і малады пастаноўшчык, да творчых эксперыментаў і злому стэрэатыпаў.

Адзін толькі “самы вялікі сабака на свеце” чаго варты — вялізная, літаральна ва ўсю сцэну, роставая лялька, якую ўвасабляюць, ніколькі не прыгінаючыся, двое даволі высокіх артыстаў. Увагі заслугоўвае і вялізная “люмінісцэнтная” жабка — абсалютна пазнавальная, хоць і складаецца з асобных плоскіх геаметрычных фігур (спачатку на сцэну выносяць штосьці накшталт выявы поўнага месяца — і раптам з яго “ўзрастае” жабка). “Дарослыя” ж самалёты, здольныя перавозіць людзей, грузы і нават слана, увогуле ўвасоблены літаральна адной дэталлю — прапелерамі, што замацаваны на галовах артыстаў і дошках-крылах, надзетых на расхінутыя рукі. Чым не “падказка” для мам, якія майструюць сваім дзецям карнавальныя строі? Яшчэ адной такой падказкай становяцца касцюмы стракоз — яркія паласатыя трыко з крыльцамі-прапелерамі. А танец стракоз увогуле можна развучваць з маленькімі дзецьмі як асобны “харэаграфічны нумар”!

Але атмасфера гульні, што пануе на сцэне, мае яшчэ і выхаваўчы кірунак. Па-першае, дзяцей вучаць гуляць — не адно з маленькім самалёцікам, які застаецца ледзь не адзінай звычайнай цацкай ва ўсім спектаклі, а з любымі побытавымі рэчамі, “ператвараючы” іх у казачных персанажаў. Для большай “рэалістычнасці” палёту ўключаюцца вентылятары. Пазней па сцэне “праязджаюць” маленькія шматпавярхоўкі, быццам убачаныя “пад крылом самалёта”.

Па-другое, дзяцей вучаць задумвацца над самымі рознымі праблемамі — дзіцячымі і дарослымі, іх вучаць… сталець. Галоўны герой аповеду, прыдуманага Святланай Залескай-Бень (з гурта “Сярэбранае вяселле”, рэжысёра многіх лялечных спектакляў), насамрэч аказваецца не столькі “самым маленькім самалётам”, колькі нязмушаным “партрэтам” дзіця ў дарослым свеце. Ён баіцца цемры, шукае сяброў, падобных на яго самога (і тут жа страчвае іх, бо стракозы хочуць толькі забаўляцца і больш нічога), дае парады “зламанаму” ліхтару і па сутнасці вяртае таго да жыцця (чым не філасофія: чалавек “зламаны”, пакуль сам лічыць сябе такім).

Менавіта гэтымі філасофскімі асацыяцыямі спектакль цікавы і дарослым. Прычым скіраваны ён не толькі на бацькоў, але і на бабуль-дзядуляў. У рэдакцыі, куды самалёцік дастаўляе аб’яву сабакі пра пошукі гаспадара, аказваецца дапатопная пішучая машынка. А пра вялікага сабаку марыць маленькі пенсіянер — каб у пакоі не было так пуста і адзінока. Тэма ўсяленскай адзіноты, як і тэма паступовага сталення, становіцца пранізлівым лейтматывам спектакля, які яднае паміж сабой усе ўзросты.

Спектакль атрымаўся добры — ва ўсіх сэнсах слова. І сучасны паводле эстэтыкі. Замест “дзіцячых песенек” — музычны мінімалізм (аўтарства ўсё той жа Святланы-“Бенькі”). І ніякай шырмы, у тым ліку паміж сцэнай і залай. Невыпадкова ў фінале артысты запускаюць у залу кранальныя папяровыя самалёцікі…

Другі гастрольны спектакль магіляўчан, таксама пастаўлены Ігарам Казаковым, але пяць гадоў таму, яшчэ ў часы рамонту ў тэатры, дае магчымасць параўнаць, як імкліва развіваецца і сам рэжысёр, і ўся трупа. “Выкраданне скарбаў” — не больш як вясёлы дэтэктыў паводле казкі Марыі Клары Машаду — бразільскай актрысы, педагога і драматурга ХХ стагоддзя. Раскаваную атмасферу ўдала дапаўняюць бардаўскія песні Аляксандра Баля. Але пры ўсёй забаўляльнасці спектакля, зададзенай з самага пачатку і вытрыманай да канца, ёсць у ім і цікавыя дэталі, якія быццам паступова прывучаюць гледачоў да сучаснай еўрапейскай эстэтыкі. Планшэтныя лялькі (мастак — Таццяна Сучкова) яднаюцца з элементамі тэатра ценяў і камедыі масак (пераапрананне суседа Хамелеона). Традыцыйнай шырмай у пэўныя моманты становіцца плот. Дый сабака, як і ў пазнейшым “… Самалёце”, не выступае нейкай бясполай істотай, а надзелены відавочнымі прыкметамі “хлопчыка”, каб у пэўны момант гарэзліва-галантна задраць заднюю лапу і пырскнуць вадкасцю на гледачоў, выклікаючы смех у зале. А галоўнае, што ўздзейнічае на ўзроўні падсвядомасці, — гэта новы прынцып маўлення ў дзіцячым спектаклі. Замест “сюсю-мусю” — нармальная чалавечая гаворка. На такім фоне жудасна рэзкім дысанансам становіцца наўмысна “старое тэатральнае” маўленне Хамелеона: ягоныя “эмацыйныя падвыванні”, што даўно сталіся штампам, адразу выкрываюць у ім злодзея, які вымушаны хлусіць. Вядома, дзеці ў голас крычаць: “Не верце! Не верце яму!” І кожны ў зале хаця б крыху становіцца “маленькім Станіслаўскім”, каб пазней стаць “маленькім Меерхольдам”. А там і да Казакова рукой падаць!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"