Гульня ўяўлення

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

Аксана Еўдакіменка, выхаванка мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава, больш за дзесяць гадоў выстаўляецца на рэспубліканскіх, міжнародных выстаўках, з’яўляецца ўдзельніцай 18 міжнародных жывапісных пленэраў у Беларусі, Расіі, Егіпце, Турцыі, Ліване, Украіне.

/i/content/pi/cult/524/11326/8-2.jpg

 

Аксана Еўдакіменка. Твор з цыкла "Горад".

У яе актыве — персанальныя экспазіцыі ў Магілёўскім мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, у мінскіх салоне-галерэі “Арт-блік” ды галерэі “Мастацтва”. Для трыццацігадовай мастачкі гэта нямала. Урэшце, яно і не дзіва: яна таленавітая жанчына, чыя мастакоўская эмацыйнасць уключае ў сябе фантазію, волю, аналітычнае ды сінтэтычнае бачанне свету і роздумы, развагі пра яго.

Галоўнымі тэмамі ейнай творчасці з’яўляецца жыццё чалавечага духу ў розных яго аспектах, цудоўныя помнікі архітэктуры, арганічна ўпісаныя ў агульнае прасторавае асяроддзе, і жаночыя вобразы, адзначаныя лірыка-фантастычнай афарбоўкай. У карціне “Дыялог” Еўдакіменка па-мастацку тонка і з лёгкай іроніяй адлюстроўвае прызначэнне маскі ды здольнасць чалавека ўжывацца ў яе настолькі, што яна як бы прырастае да яго. Грань сапраўднай рэальнасці сціраецца, губляецца сутнасць сапраўднага “я”. Размываецца натхнёнасць чалавека, яго яднанне з душой, бо сілы душы адыходзяць на жыццё самой маскі.

У кантэксце карцін “Горад-1” і “Горад-2” храм — не проста архітэктурны аб’ект, гэта квінтэсэнцыя вялікай культуры, хараство, што скіравана да Бога, стваральніка ўсяго існага, чыстага, сапраўднага. А белыя птушкі, якія імкнуцца ў неба, увасабляюць духоўнае ўзыходжанне. Увогуле, храмавыя архітэктурныя кампазіцыі мастачкі заўсёды афарбаваны нейкімі містычнымі адценнямі. Пачуццё сакральнага аўтарка ўзмацняе рознымі сродкамі выразнасці, у асноўным праз колеравы і кампазіцыйны лад. Напрыклад, у карціне “Стамбул” — ахутаны дажджом храм адначасова працяты яркім патокам сонечнага святла…

Іншыя творы — “Дзень і ноч”, “Фантазія”, “Вячэрняе чаяванне”, “Егіпет” — таксама звязаны са спробай гарманічна злучыць неспалучальнае, дасягнуць цэласнасці процілегласцей, прывесці да вобразнага адзінства складаныя памкненні мастачкі. А чым не зашыфраваныя коды, чым не гульня ўяўлення, фантазіі ў палотнах “Прадчуванне”, “Русалка” ці “Бязважкасць”, дзе вобраз чалавека лёгка суседнічае з абстракцыяй і часам праяўляецца ў манеры і позе, праламляючыся праз асабістае “я”? Умела аб’ядноўваючы элементы кампазіцыі ў максімальна тугі вузел — выяўленчы і сэнсавы, — Аксана надае карціне асабістую “жыццёвасць”, “новую рэальнасць”, адметную па сіле творчага перажывання ад штодзённай рэчаіснасці.

Словам, арыгінальнасць, навізна такога мастацкага вобраза сёння і вызначае своеасаблівы стыль творцы. У выніку глядацкае ўспрыманне мастацтва Еўдакіменка пакідае ўражанне вялікай працы, за якой не бачна пакут творчасці. І самае цікавае, што гэтае мастацтва, вольнае ад жорсткіх канонаў адлюстравання ды звязанае з уяўленнем, ніяк не супярэчыць рацыянальнаму мысленню, навуковаму спазнанню і тым самым у сваёй аснове глыбока філасафічнае.

Святлана СТРОГІНА, мастацтвазнаўца, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава