Пра тых, хто сталі чужымі

№ 11 (1189) 14.03.2015 - 20.03.2015 г

“Афінскія вечары”: гаворка не пра перанос
П’еса сучаснага расійскага драматурга Пятра Гладзіліна “Афінскія вечары”, напісаная на пачатку 1990-х, дастаткова вядомая айчыннаму гледачу. Праблемы выхавання, сямейных каштоўнасцей, паразумення і духоўнай пераемнасці розных пакаленняў, прызначэння чалавека, асабліва творцы, сапраўднай і ўяўнай інтэлігентнасці, узнятыя ў драме, прыцягваюць стваральнікаў, хвалююць гледачоў.

/i/content/pi/cult/524/11325/8-1.jpg

У інтэлігентнай сям’і блізкія людзі даўно сталі чужымі адзін аднаму. У гэтым “высакародным сямействе” наспявае скандал: незамужняя дачка-піяністка Наташа чакае дзіця ад свайго каханага Антона, і аб “цікавым становішчы” ніяк не вырашаецца паведаміць бацькам. Маме Людміле Сяргееўне — яшчэ б нічога. Асабліва ж яна баіцца строгага бацьку — гісторыка музыкі Барыса Алегавіча. Працягвае абарваныя нітачкі цяпла і разумення паміж бацькамі і дзецьмі бабуля Ганна Паўлаўна Растапчына, якая спынілася тут па дарозе ў Парыж.

Цягам кароткага адмежка часу да п’есы двойчы звярнуўся Валерый Анісенка, паставіўшы яе ў Мінскім абласным драматычным тэатры ў Маладзечне напрыканцы мінулага сезона, а цяпер у Коласаўскім, дзе з’яўляецца мастацкім кіраўніком. Мне давялося пабачыць абодва спектаклі, і магу з упэўненасцю адзначыць: віцебскі варыянт нельга палічыць пераносам з адной пляцоўкі на другую — пры пэўным знешнім падабенстве гэта іншы твор. Адметнасць новай пастаноўкі адчуваецца і ў арганізацыі сцэнічнай прасторы, пабудове мізансцэн, пластычных зменах карцін накшталт своеасаблівых віньетак (харэограф Дзіяна Юрчанка). Знікла камернасць, уласцівая маладзечанскай пастаноўцы, але з’явілася паветра, аб’ём, узбуйніўся маштаб канфлікту.

Апрача таго, змяніліся акцэнты ў расстаноўцы асноўных бакоў. Гэтым разам рэжысёр узмацніў вобраз Барыса Алегавіча, бацькі маладой гераіні. Магчыма, паспрыяў выбар выканаўцаў роляў — майстроў Коласаўскай сцэны Генадзя Гайдука і Георгія Лойкі. Кожны з іх па-свойму, з уласцівымі толькі яму сродкамі выразнасці пакрысе раскрывае драму персанажа. Матывы недарэчных паводзін выканаўцы знаходзяць у мінулым героя.

Але ў адным выпадку артысту больш істотным падаецца неспадзяванае каханне, якому ён некалі здрадзіў, зрабіўшы выбар на карысць сям’і. Менавіта гэтым хаўрусам з уласным сумленнем Генадзь Гайдук матывуе такую ўсеабдымную, ахвярную любоў да сваёй дачкі. Таму яго лірычны маналог, праз які Барыс Алегавіч міжволі выдае сябе, робіцца кульмінацыяй сцэнічнага існавання ў гэтага акцёра. Артыст “абыходзіць” камедыйныя моманты п’есы, узбуйняючы драматычны аб’ём ролі. І гэта падаецца цікавым гледачу.

Інакш ацэньвае, інтэрпрэтуе вобраз Георгій Лойка. Ён спрабуе больш падкрэсліць камедыйную, нават сатырычную афарбоўку ролі, недарэчна-абсурдныя паводзіны альбо нават выказванні свайго персанажа. Артыст падкрэслівае сацыяльнае паходжанне Барыса Алегавіча, які выйшаў “з гразі ў князі”. Таму кульмінацыйным момантам для акцёра з’яўляецца маналог пра цяжкае дзяцінства, якое ён прыгадвае як жудасны сон. Сапраўдным паратункам і сэнсам жыцця для гэтага героя з’яўляецца музыка, мастацтва ўвогуле, а дачка ў нейкім сэнсе — увасабленне яго мары, ідэалаў, духоўных прыярытэтаў.

Да жыццёвай верагоднасці, праўдзівасці дэталей імкнуцца стваральніцы вобраза маці Людмілы Сяргееўны — Наталля Аладка і Святлана Жукоўская. Разам з тым, кожная з іх уносіць свае нюансы. Магчыма, першая больш падкрэслівае жыццёвую, чалавечую нерэалізаванасць, адзіноту гераіні. У другім выпадку — гэта няспраўджанае каханне, яго нявыказаная прага. Ці не таму жанчына выклікае і шкадаванне, і смех з недарэчным запрашэннем на Масленіцу ў самы разгар сямейнага канфлікту.

Мудра і тонка ўздзейнічае на сваіх родзічаў бабуля. Носьбітка сапраўднай культуры, інтэлігентнасці, чалавечай годнасці і гонару, яна зведала і подласць, і нізасць, і высакароднасць, прайшла складаныя выпрабаванні, сталінскія лагеры, але — не зламалася. Пэўна, зяць ёй прыйшоўся не вельмі даспадобы, таму яна і рэдка бывае ў сваякоў. Яе падарожжа — як развітанне з усім дарагім і ўпадабаным у жыцці. Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова яшчэ раз пацвярджае сваё высокае майстэрства, бо цікава працуе не толькі “ў тэксце”, але і па-за ім. Яна выразна падкрэслівае высакароднасць, мудрасць, а перадусім — чалавечнасць, жыццялюбства, спалучаючы гэта са стрыманасцю, тактоўнасцю гераіні. Здаецца, Ганна Паўлаўна не надта спяшаецца ўмяшацца ў сямейны канфлікт, хоць і атрымлівае задавальненне ад магчымасці падцяць свайго зяця. Здаецца, адлучанасць ад гэтай рэальнасці прысутнічае ў ёй. Занадта моцна цісне мінулае. І тут рэжысёр уводзіць сцэну-успамін, калі брэх сабак, святло ліхтара “пераносіць” яе ў зону, дзе прыгадвае яна (мусіць, невыпадкова?) лагернага канваіра са схільнасцямі садыста — таксама прыхільніка высокага мастацтва.

У другой выканаўцы ролі — Ларысы Антосевай — вобраз атрымліваецца больш паэтычны, рамантызаваны. Ёй ўласцівыя знешні лоск, вытанчаны арыстакратызм, актрысе асабліва ўдаюцца шчымлівыя моманты. Пад час напісання п’есы і яе актыўнага пракату ў тэатрах (пачатак 1990-х) магія, гараскопы, розныя гіпотэзы і міфы пра жыццё пасля смерці былі надзвычай папулярныя. І аўтар не абышоў іх. Але ў п’есе (ды і спектаклі) гэты матыў набывае нават філасофскі змест, надае твору рысы прыпавесці пра духоўную пераемнасць пакаленняў. Наташа і яе бабуля вядуць размовы пра перасяленне душ. Прычым Ганна Паўлаўна насуперак сумненням унучкі выказвае глыбокую веру ў праўдзівасць гэтай тэорыі. Вось толькі яна не хоча райскага бесклапотнага жыцця ў заможнай Швейцарыі, а марыць стаць… дзіцяткам сваёй унучкі. І аўтар выконвае жаданне ўлюбёнай ім гераіні: яе смерць у спектаклі супадае з нараджэннем новага чалавека. Зразумела, у гэтым адчуваецца добры гумар, іронія і, разам з тым, светлы шчымлівы сум.

У ролях Антона і Наташы выступілі малады артыст тэатра Арцём Блахін і навучэнка Віцебскага каледжа мастацтваў Анастасія Рэўчанка, для якой гэта — першая вялікая работа на прафесійнай сцэне. Уражвае яе няўрымслівасць, шчырасць, непасрэднасць, эмацыйная выбуховасць. Маладыя выканаўцы ствараюць тандэм, выдатна ўзаемадзейнічаюць адно з адным і з іншымі партнёрамі. Зрэшты, можна зрабіць выснову, што дзякуючы рэжысёру ў спектаклі сабраны выдатны ансамбль, калі кожны выканаўца мае свой голас, упэўнена вядзе сваю партыю, а ўсе разам яны ствараюць поліфанічны твор.

Мастак спектакля Валерый Юркевіч адыходзіць ад бытавых падрабязнасцей: афармленне мае лаканічны, але вобразна змястоўны характар. Сцэнічная прастора нагадвае канцэртную залу з рухомымі крэсламі, якія могуць выклікаць розныя асацыяцыі: то з хатняй абстаноўкай, то з дарожнымі валізкамі, то з месцамі для гледачоў.

Хацелася б адзначыць і музычную партытуру (Аляксандр Крыштафовіч), аснову якой склалі фартэпіянныя творы Шапэна, Рахманінава, Чайкоўскага, а таксама сучасных аўтараў. Яна не проста гучыць неабходным фонам, а дапамагае рэжысёру стварыць настрой той ці іншай сцэны, уздзейнічаць на гледача.

 

Фота прадастаўлена тэатрам

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа