Вядучы метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева Алена Капыток паведаміла, што рыхтуе для “К” артыкул пра дзейнасць сектара нестацыянарнага абслугоўвання. Хто не ў курсе — гэта найперш пра бібліобус. А дакладней — пра яго графік працы, падрабязна, літаральна па гадзінах, для таго, каб у калег з іншых раёнаў і абласцей не ўзнікала недарэчнага пытання: а колькі ж разоў аўтабібліятэка павінна наведаць канкрэтна ўзятую вёску.
Бадай, самая прыемная навіна, што ўчора (а пішу гэтыя радкі ў сераду) на нашу новую рубрыку “Распавядзіце “К” аператыўна адгукнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Асіповіцкага райвыканкама Ірына Раманчук. Зазначыла: “Даўно пра нас не пісалі!” і распавяла, што ёсць цікавыя творчыя праекты: і музейныя, і бібліятэчныя. Дадала, што маленькай інфармацыяй тут не абысціся. На днях выязджаем! Тым больш, што добра наладжаная бібліятэчная справа на Асіповіччыне для “К” — не навіна, а шматкроць правераны і пацверджаны факт. І яшчэ адна акалічнасць, якая змушае адправіцца ў асіповіцкую камандзіроўку неадкладна. У раёне бібліятэкарам працуе мужчына. Знаёміўся з ім ці не сем гадоў таму і, "шчыра кажучы", думаў, што той не вытрывае, знойдзе іншую працу. Але ж не — прафесіянал. Трэба аднавіць знаёмства.
Цікава, ці патэлефануе хто ўслед за Ірынай Раманчук? Вельмі хацелася б дачакацца надзённых звестак ад тых аддзелаў, дзе мы даўно не былі і якія не вельмі хочуць піярыць сябе самі. Няроўная геаграфія публікацый — спрадвечная праблема. І не толькі наша. Але на тое, каб паўсюль пабываць і ўсё пабачыць, хранічна не стае ні часу, ні журналістаў. Даўно не былі, да прыкладу, у Брагінскім, Ваўкавыскім, Воранаўскім, Шчучынскім, Шумілінскім раёнах. Даўно не дасылалі нам лістоў з Бераставіцкага, Бешанковіцкага, Глускага, Буда-Кашалёўскага, Петрыкаўскага. Пастараемся выправіць гэтыя прыкрыя недапрацоўкі самым бліжэйшым часам. Балазе Кастусь Антановіч як штурман-вадзіцель нашых аўтапрабегаў цяпер старанна рыхтуе чарговы маршрут наступнай, адзінаццатай па ліку, аўтакамандзіроўкі. Так што неўзабаве сустрэнемся! Нас, як і заўжды, надзвычай цікавяць адмысловыя творча-сацыяльныя праекты, а таксама актуальныя сёння пытанні працоўнай дысцыпліны…
І напрыканцы — навіна з Інтэрнэту. У музеі Прада людзі, якія не бачаць, могуць “разглядаць” шэдэўры Леанарда да Вінчы ці Эль Грэка пры дапамозе… дотыку рук. Для паслуг такіх наведвальнікаў — трохмерныя копіі знакамітых жывапісных карцін, створаных у выніку рэльефнага паслойнага друку. Копіі вельмі дарагія, але ж мэта апраўдвае сродкі. А ў нас да ўваходаў далёка не ўсіх бібліятэк і клубных устаноў пракладзены пандусы. Мы бачылі СДК і сельскую бібліятэку пад адным дахам, дзе нават прыбіральня для інвалідаў маецца, але ж той шыкоўны аб’ект культуры пачаў працаваць пасля абеда з паўгадзінным спазненнем.
Але што б там ні было, а за вакном — вясна. І лепшы лекавы сродак ад авітамінозу, што вядзе да абыякавасці, — актыўная жыццёвая пазіцыя, ад якой не ў сон цягне, а — да чарговых творчых ды стваральных бяссонняў. Вось такой незаспакоенасці і зычу нашым шаноўным чытачам. З вясной!