З гадоў вайны...

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

Лёс каштоўнасцей
22 чэрвеня 1941 года нацысцкая Германiя напала на Савецкi Саюз. Чырвоная Армія была вымушана з баямi адступіць углыб тэрыторыi краiны…

/i/content/pi/cult/520/11308/14-2.jpg

Так захоўвалі нарабаванае пасля вывазу ў Германію.

Варварскае разбурэнне зведалі мастацкія і культурныя ўстановы. Акупанты знiшчалi цi прыстасоўвалi да ваенных ды гаспадарчых мэт тэатры, кінатэатры, палацы i дамы культуры, клубы, бiблiятэкi, хаты-чытальнi, музеi. Гэта было не толькi вынiкам вайсковых дзеянняў, але i запланаваным знiшчэннем помнiкаў культуры нашага народа. На гэты конт існавалі адпаведныя інструкцыі. Так, у загадзе “Аб паводзінах войскаў на Усходзе” генерал-фельдмаршал Вальтэр фон Рэйхенаў пiсаў: “Войскі зацікаўлены ў ліквідацыі пажараў толькі ў тых будынках, якія павінны быць выкарыстаны для размяшчэння вайсковых частак. У астатнім ліквідацыя сімвалаў былой дзяржавы бальшавікоў, у тым ліку і будынкаў, адпавядае задачам вайны на знішчэнне. Ніякія гістарычныя ці мастацкія каштоўнасці на Усходзе не маюць значэння”. У вынiку ў рэспублiцы было знiшчана 550 помнiкаў беларускай архiтэктуры…

У сувязi з хуткiм адступленнем Чырвонай Армii не ўдалося эвакуiраваць культурныя каштоўнасцi ў савецкi тыл. Таму амаль усе яны былi разрабаваны захопнiкамi. У вераснi 1941 года генеральны камiсар Кубэ паведамляў Розэнбергу аб тым, што “…у Мінску знаходзіўся вялікі, месцамі надзвычай каштоўны, збор прадметаў мастацтва і карцін, які амаль цалкам вывезены з горада. Па загадзе рэйхсфюрэра СС Гімлера большасць карцін <…> была спакавана эсэсаўцамі і адпраўлена ў Германію. Гаворка ідзе пра мільённыя каштоўнасці, рэквізаваныя ў генеральнай акрузе “Беларусь”. З далейшага паведамлення можна даведацца, што астатнiя карцiны i прадметы мастацтва, сярод якiх — найкаштоўныя палотны ды мэбля XVIII — XIX стагоддзяў, вазы, вырабы з мармуру, — былі пакінуты на разрабаванне.

Скарбнiцу нашай нацыянальнай культуры — Дзяржаўную карцiнную галерэю — разрабавалі цалкам. Гiтлераўцы вывезлi з яе лепшыя карцiны i скульптуры рускiх ды беларускiх майстроў Заіра Азгура, Iвана Айвазоўскага, Абрама Бразера, Васілія Пярова, Ільі Рэпiна… Паводле няпоўных даных, наша краіна не далічылася 250 твораў скульптуры, 1 500 — графiкi, 2 000 — жывапiсу.

У Беларусi была знiшчана вялiкая колькасць кнiг. Многiя тысячы экзэмпляраў лiтаратуры гiтлераўцы спалілі разам з бiблiятэкамi. Такі лёс напаткаў Беларускую дзяржаўную навуковую медыцынскую бiблiятэку ў Мiнску, Гомельскую абласную бiблiятэку iмя Герцэна i звыш 200 iншых бiблiятэк. Адначасова гiтлераўцы ажыццяўлялi планамерны вываз рэдкiх кнiг. Каштоўная класiчная лiтаратура, даведнiкi, выданнi па мастацтве, навуковая i тэхнiчная лiтаратура, старадрукі, калекцыi рукапiсаў апынуліся ў Германiі. Найбольш пацярпела ад рэквізіцый Беларуская дзяржаўная бiблiятэка iмя Ленiна. Гiтлераўцы забiралi лiтаратуру цэлымi аддзеламi i вывезлi ў Германію больш як 1 500 тысяч тамоў кнiг. Было знiшчана ўсё абсталяванне чытальных залаў…

Акрамя “Ленінкі”, у Мiнску значна пацярпелі навуковая бiблiятэка АН БССР, урадавая бiблiятэка iмя М.Горкага, Мiнская гарадская публiчная бiблiятэка iмя А.Пушкiна, кнігазбор Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, Полiтэхнiчнага iнстытута ды шэраг iншых…

Аляксандр ПАЦЫЕНКА, дацэнт, кандыдат педагагічных навук, і Ягор ВАСІЛЕЎСКІ

Працяг артыкула чытайце ў наступных нумарах "К".