Як мог знікнуць твор пра наваградца

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

Парыжскі трыумф беларуса з карціны Матэйкі
Акурат у той самы дзень, 28 лістапада 1865 года, калі ў сям’і Матэйкаў нарадзіўся першынец Тадэвуш, малады жывапісец у сваёй маленькай майстэрні распачаў працу над новай буйной карцінай — як і звычайна, на гістарычную тэматыку. Гэтым разам увага мастака была скіравана да часоў першага падзелу Рэчы Паспалітай, дакладней — Сойму 1773 года. На палатне мелася ўзнікнуць безліч персанажаў, сярод якіх — і тыя, хто ніякім чынам не быў звязаны Соймам, але быў добра вядомы па гісторыі як “нацыянальны здраднік”, перш за ўсё прадстаўнікі “Таргавіцкай канфедэрацыі” (1793). Бадай, адзіным станоўчым героем твора стаў наш суайчыннік, наваградзец Тадэвуш Рэйтан.

/i/content/pi/cult/520/11306/15-1.jpg

І, пэўна, зусім не выпадкова нованароджанаму хлопчыку таксама далі імя Тадэвуш. Пад час святкавання, калі ў Матэйкаў сабраліся госці, нехта ўзняў тост за тое, каб сын стаў вялікім творцам, на што Ян Матэйка узняў свой келіх са словамі: “Няхай б’ецца, як Касцюшка! Але не малюе!” Гэтымі словамі малады мастак падкрэсліў, наколькі гэта была цяжкая, а часам — невыносна пакутлівая праца.

Карціна “Рэйтан на Варшаўскім сойме 1773 года” пабывала ў розных складаных сітуацыях, перш чым заняла пачэснае месца ў адноўленым пасля вайны Каралеўскім палацы ў Варшаве. Менавіта ў яго сценах 21 красавіка 1773-га здарылася адна з найвялікшых драм у гісторыі Беларусі і Польшчы.

Як вядома, галоўнай крыніцай натхнення для Яна Матэйкі (1838 — 1893) была гісторыя — не толькі польская, але і наша, бо, пачынаючы ад Грунвальда, дарогі Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай сыходзіліся часам даволі блізка. Назвы твораў Матэйкі — красамоўнае таму сведчанне: “Бітва пад Грунвальдам” (1878), “Стэфан Баторый пад Псковам” (1872), “Люблінская ўнія” (1869)... Але хіба самы вядомы з іх — “Рэйтан на Варшаўскім сойме 1773 года”.

Гэта арыгінальная назва работы. Дакладную дату, калі карціна змяніла назву на “Рэйтан. Заняпад Польшчы”, назваць цяжка, але яшчэ ў 1938 годзе крытыкі не ведалі пра такое. Змененая назва для нас, землякоў Рэйтана, нібыта адсланяе гэтую знакавую для нашай гісторыі асобу, стварае ілюзію, што Рэйтан бараніў Польшчу (Карону Польскую ў ме-
жах 1772 года). Тым не менш, пасол з наваградскага ваяводства, Рэйтан быў упаўнаважаны перш за ўсё адстойваць на Сойме інтарэсы ВКЛ, але разам са сваімі суайчыннікамі ён стаў на абарону незалежнасці ўсёй Рэчы Паспалітай (уключна з Каронай Польскай, якую не знайшлося каму так адчайна бараніць).

Сэрца Тэадоры

Ян Матэйка нарадзіўся ў Кракаве ў 1838 годзе. Бацькам ягоным быў Францішак Ксаверый Матэйка, чэх, каталік, селянін паводле паходжання. У Кракаў прыбыў у якасці гувернёра і выкладчыка музыкі. Маці, Яна Караліна Росберг, паходзіла з пратэстанцкай польска-нямецкай сям’і заможных рымараў — майстроў па пашыве конскага рыштунку.

Ян стаў дзявятым з адзінаццаці дзяцей, сярод якіх было толькі дзве дзяўчынкі. Дзяцінства яго нельга назваць бясхмарным: маці пайшла з жыцця, калі хлопчыку было ўсяго сем, а бацька ставіўся да дзяцей даволі сурова і да таго ж не звяртаў належнай увагі на мастацкія схільнасці сына. Але пасля атрымання пачатковага навучання ва ўзросце 13 гадоў хлопец паступіў у кракаўскую Школу прыгожых мастацтваў, якая па ўзроўні адукацыі была не горшая за акадэмію. Рэалізацыі яго вялікіх амбіцый на той час моцна перашкаджалі не менш значныя праблемы, перадусім фінансавыя. Тым больш і здароўе пачало падводзіць: ужо ў раннім веку сур’ёзна пагоршыўся зрок.

Тым не менш, пад кіраўніцтвам добрых выкладчыкаў Ян рабіў поспехі. Цікава, што першы ж ягоны буйны твор “Цары Шуйскія перад Жыгімонтам ІІІ” (1853), намаляваны мастаком усяго ў пятнаццаць гадоў, быў прысвечаны падзеям мінуўшчыны. Адораны юнак атрымаў стыпендыю і прадоўжыў адукацыю ў Мюнхене. Сур’ёзна захапіўшыся пад час вучобы творчасцю вядомых майстроў гістарычнага жывапісу Поля Дэлароша і яго вучня Карла Тэадора фон Пілаці, малады мастак умацаваўся ў сваёй адданасці менавіта гэтаму кірунку.

Неўзабаве ўдалося сяк-так выправіць і фінансавае становішча, чаму ў немалой ступені паспрыяў ганарар за даследчыцкую працу “Строі ў Польшчы”. А вось у асабістым жыцці мастака пераследавалі суцэльныя няўдачы.

З ранняга веку Яну Матэйку давялося часцяком гасцяваць у сям’і Гебультоўскіх. Гаспадыню дома пані Паліну ён лічыў сваёй другой маці, а вось да яе дачкі Тэадоры нарадзілася зусім іншае пачуццё: яна стала “каханнем жыцця” маладога мастака. Аднак характар у паненкі быў яшчэ той, і на ўсе прапановы рукі ды сэрца Ян шторазу атрымліваў адмову. Небагаты жывапісец не лічыўся выгоднай партыяй. І ёсць падставы меркаваць, што гэтая жыццёвая калізія істотна стымулявала творчы пошук мастака.

У 1862-м 24-гадовы Матэйка скончыў карціну “Станьчык”, прысвечаную прыдворнаму блазну-мудрацу. Твор не проста быў заўважаны — ён стаў візітоўкай руху “станьчыкаў”, польскіх кансерватараў, якія ў гістарычных бедах вінавацілі як “вонкавы ўплыў”, так і адмоўныя якасці самога польскага грамадства.

Паўстанне, што грымнула ў наступным годзе, амаль не паўплывала на лёс мастака: непасрэдны ўдзел у ім узялі два старэйшыя браты Яна, а сам ён, праз сваё слабое здароўе і кепскі зрок, абмежаваўся фінансавай дапамогай ды забеспячэннем інсургентаў. Правіна перад урадам была невялікая, таму ўдалося пазбегнуць рэпрэсій ды працягваць працу на абранай ніве.

Чарговы буйны твор “Прамова Скаргі” (1864) прынёс Яну Матэйку вялікі поспех, гучнае імя. І вось сэрца Тэадоры, нарэшце, растала...

Абранніца мастака была даволі... своесаблівай асобай, праз што ейны адданы муж меў у будучыні шмат клопату. Пра гісторыю іх адносінаў можна напісаць не адзін белетрыстычны раман. Затое капрызлівы характар жонкі не дазваляў Яну разняволіцца.

Схаваць альбо... спаліць?

Па сутнасці, карціну “Прамова Скаргі” можна ўспрымаць як ідэалагічную прадвесніцу будучага шэдэўра. Выбітны прапаведнік, першы рэктар Віленскага ўніверсітэта, езуіт Пётр Скарга натхнёна абмалёўвае перад каралеўскім дваром Жыгімонта Вазы пагрозлівыя перспектывы. Аднак большасць прысутных не звяртае на палымяную прамову асаблівай увагі, а той-сёй (уключна з самім Жыгімонтам) нават прыснуў. Дый на тварах тых, каго “зачапіла”, — хіба толькі разгубленасць, а зусім не гатоўнасць нешта змяніць, пачаўшы з сябе.

На наступнай карціне Матэйкі “Рэйтан..” дзея адбываецца амаль праз два стагоддзі і выглядае ажыццяўленнем прароцтва Скаргі. У цэнтры ўвагі — постаць героя, які, убачыўшы бясплённасць слоў, у роспачы закрыў сваім целам шлях да здрады паслам Сойму. Заклінаючы іх “У імя Бога! У імя Бацькаўшчыны!”, ліцвін Рэйтан спрабуе спыніць тое, што ён, відавочна, спыніць няздатны.

Карпатлівая праца над вялізным творам доўжылася цягам усяго 1866 года. Але замест чарговага поспеху мастака чакала хваля абурэння. Пэўная частка польскага грамадства адразу ўспрыняла твор у штыкі. Сярод закідаў гучала: “Нашто ён звярнуў увагу на нашу ганьбу?”, “Паміж сабой мы можам цішком пра тое згадваць, але не на людзях...”.

Акрамя ідэалагічных папрокаў, якія з кожным днём толькі множыліся, знаўцы жывапісу прад’яўлялі Матэйку і прэтэнзіі “тэхнічнага” характару: маўляў, перспектыва — няправільная, фарбы — цёмныя. Але не ведалі крытыкі, або не жадалі ведаць, што Матэйка быў страшэнна блізарукім і проста не мог маляваць інакш. Дый не ставіў ён перад сабой такую звышзадачу — стварыць бездакорную работу. Мастак перадусім імкнуўся апеляваць да сэрцаў сваіх гледачоў...

Асаблівыя прэтэнзіі да аўтара былі ў польскага магнацкага лобі. Прыкладам, паважная пані Ганна Валеўска, унучка Яцэка Малахоўскага, са слязьмі на вачах даводзіла Матэйку, што яе дзед ў 1773 годзе быў без віны. На што Матэйка адказаў: “Але ж не быў без віны ў 1772 годзе”. Дарэчы, не быў ён без віны і ў 1793-м, а ў 1794-м яго нават асудзілі паўстанцы. Насуперак гістарычнай дакладнасці, мастак адлюстраваў у сваім творы не толькі непасрэдных удзельнікаў сумна вядомага Сойма, але і гандляроў дзяржавай у часы Таргавіцкай канфедэрацыі, што таксама закідалася мастаку.

Нашчадкі ўвасобленых Матэйкам асоб не надта саромеліся нешляхетных учынкаў сваіх продкаў ды па-ранейшаму пачувалі сябе гаспадарамі. І калі нейкі мастак “без роду без племені” наважваўся згадаць пра тыя старонкі гісторыі, што ўжо нібыта прызабыліся, гэта выклікала вельмі нервовую рэакцыю.

Супраць Матэйкі паўстала цэлая плеяда крытыкаў на чале з Тарноўскім і Сяменьскім, якія, па замове, бэсцілі яго праз прэсу. Мастак апынуўся пад агнём літаральна з усіх бакоў. На пэўны час ад яго адвярнуўся нават наш зямляк, прадстаўнік патрыятычнага лагера, знакаміты пісьменнік Юзаф Крашэўскі…

Але Яе Вялікасць Гісторыя ўсё ж вынесла іншы вырак.

Цэсар падтрымаў “Рэйтана”

Польская эміграцыя ў Францыі паспрабавала заблакаваць дэманстрацыю карціны на запланаванай у Парыжы выстаўцы. “Дабрадзеі” намаўлялі графа Браніцкага, чые дзяды таксама “мелі гонар” стаць у шыхты “ворагаў Айчыны”, набыць твор, а потым альбо знішчыць, альбо схаваць. На што ён адказаў: “Набываць не жадаю, бо не хачу, каб ён упрыгожваў Монтрэзор (замак Браніцкага. — З.Ю.), а спаліць твор мастацтва лічу ўчынкам вандала. Гісторыя ёсць гісторыя, кожны малюе і піша, як яму падабаецца”. Генерал Жамойскі пераконваў таго ж Браніцкага звярнуцца да імператара Напалеона ІІІ, каб той сваёй уладай забараніў паказ карціны, але — безвынікова. Давялося Матэйку пачуць і такія словы: “Хто ж купіць такі твор? Хіба толькі рускія?”. На што ён адказаў: “Чаму б і не? Змаглі купіць арыгіналы, змогуць і намаляваных”.

На парыжскай выстаўцы ў 1867 годзе “Рэйтан…” атрымаў залаты медаль, а саму карціну набыў аўстрыйскі імператар Францішак Іосіф І. Фактычна менавіта ён і выратаваў шэдэўр ад знішчэння, а Матэйку і ягоную сям’ю — ад абструкцыі і галоднай смерці. Каб перадаць свае пачуцці ад перажытага, мастак намаляваў палатно “Прысуд Матэйку” (1867), дзе адлюстраваны ён сам, прыкуты да ганебнага слупа, у атачэнні зачэпленых ім за жывое ўладароў гэтага свету, якія чыняць над ім “праведны” суд…

Падсумаванне-зварот

Ці лёс так выпрабоўвае нас, ці бязлітасныя абставіны не далі шанцу нашым продкам выгадаваць такіх патрыятычных геніяў, як Матэйка або Юзэф Брант. Але, яны, тыя, хто абуджае дух народа па-ранейшаму запатрабаваны ў наш час. Без іх немагчыма завяршыць адну эпоху і распачаць новую…

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар