Справа “Камедыі…” і 301 рубель

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

Спектакль “Камедыя пра нешчаслівага Селяніна, яго жонку Маланку, Жыда Давіда і Чорта, які страціў сэнс існавання” ўжо цягам дваццаці гадоў — у рэпертуары Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. З гэтай нагоды адбылася юбілейная ўрачыстасць.

/i/content/pi/cult/520/11305/8-4.jpg

“Вельмі нечакана, музычна. Крыху сумна, па-філасофску. Недзе нават і страшна. Выдатная дэкарацыя. Дзякуй за цудоўны вечар!”; “Гляджу ўжо не першы раз. Страшэнна падабаецца! Цудоўна! Ад непараўнальнага Давіда і чароўнага Чорта — у асаблівым захапленні. Брава! Дзякуй!”; “Дзве гадзіны задавальнення. Брава! Так трымаць!”; “Дзякуем артыстам за вельмі добрую камедыю. Прыемна было правесці час у вашай кампаніі! Вялікі дзякуй!..”; “Зрабілі сапраўдную казку. Хацелася і смяяцца, і плакаць. Розныя пачуцці, але вельмі добра і лёгка пасля прагляду…”; “Цудоўны спектакль! Зразумелі, што смех — справа сур’ёзная!..”

Гэта запісы з кнігі водгукаў. А пад час урачыстасцей народны ансамбль “Гасцінец” сустракаў вырабамі майстроў і песняй. Кожны глядач мог пачаставацца яблыкам, што адразу нагадвала пра дрэва з дэкарацыі спектакля, а яшчэ — атрымаць у падарунак праграмку з аўтографамі ды пажаданнямі артыстаў, занятых у спектаклі, які пачаўся з паклону. Затым дзея раптоўна перайшла ў віктарыну. Цікава, што гледачы актыўнічалі ў такім хэпенінгу, дэманструючы добрае веданне тэксту персанажаў. І падумалася: наўрад ці Каятан Марашэўскі, прафесар рыторыкі і паэтыкі Забельскай калегіі, мог прадбачыць, што яго твор, напісаны для школьнага тэатра ў 1787 годзе, займее працяг у будучыні…

У чым сакрэт нязменнага поспеху “Камедыі…”? Пэўна, у тым, што стары, фальклорны сюжэт і сёння гучыць сучасна ды актуальна дзякуючы яшчэ аднаму аўтару — летуценніку Францішку Аляхновічу, які сто гадоў таму прыдумаў да таго твора “пару”, назваўшы сваю п’есу “Птушка шчасця”. Скарыстаўшы фальклорныя вобразы, ён паглыбіў філасофска-псіхалагічны складнік п’есы. І, нарэшце, у 1991-м Уладзімір Рудаў па-майстэрску апрацаваў ды асучасніў п’есу, надаўшы ёй яшчэ больш дынамізму. Чатыры персанажы — Мужык, Баба, Жыд, Чорт — і некалькі традыцыйных ліній: Чорт спакушае Мужыка, прапанаваўшы яму прадаць сваю душу; Мужык змагаецца з Бабай за вяршэнства ў сям’і; Жыд-карчмар хоча спагнаць доўг з Мужыка. Вось і ўсё! Тым не менш, п’еса распачала сваё шэсце па тэатрах Беларусі, а ў 1995-м была пастаўлена і на нашай сцэне. За 20 гадоў прайшло 350 паказаў, а глядач усё прыходзіць, каб падзівіцца на вясёлыя народныя карцінкі ды пабачыць улюбёных персанажаў.

Кожны з іх мае свае “разыначкі”. У гэтым — заслуга акцёраў, у тым ліку тых, якія працавалі на юбілеі. Гэта — Аляксандр Луцэнка (Дзёма), Ала Лук’янава (Маланка), Жыд (Уладзімір Капранаў і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Сяргей Курыленка), Чорт (Сяргей Бачкоў, Ігар Уланаў і Васіль Мініч).

“Камедыя…” ненавязліва даводзіць філасофскія ісціны. Разам з тым у ёй багата дынамічных сцэн, жартаў, шчырага народнага гумару. Для чаго ўсё гэта? Для добрага настрою. Апошняе і стала звышзадачай святкавання даты, дзе не было канца смеху ды сюрпрызам! Вось і пасля спектакля, пад час адмысловага аўкцыёну, Жыд (Сяргей Курыленка) разыграў прадметы рэквізіту “Камедыі…”, напрыклад — 301 рубель. А карчмарскі пачастунак яшчэ больш палепшыў настрой!..

Лана ПЯТРОЎСКАЯ, вядучы рэдактар літаратурны Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра