Палажэнне аб галіновым фізкультурна-спартыўным клубе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Глава І Агульныя палажэнні. Глава 2 Асноўныя задачы і функцыі. Глава 3 Структура Клуба

Глава І Агульныя палажэнні

1. Галіновы фізкультурна-спартыўны клуб (далей — клуб) з’яўляецца грамадскім дабрачынным фарміраваннем, дзейнасць якога накіравана на аб’яднанне намаганняў грамадскіх, прафсаюзных органаў і арганізацый на ўдасканаленне фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай працы ў калектывах арганізацый.

2. Клуб у сваёй практычнай дзейнасці кіруецца дадзеным Палажэннем, Законам Рэспублікі Беларусь “Аб фізічнай культуры і спорце”, Інструкцыяй аб арганізацыі
працы галіновых фізкультурна-спартыўных клубаў пры рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, зацверджанай пастановай Міністэрства спорту і турызму
Рэспублікі Беларусь ад 18 жніўня 2006 г. №27 “Аб зацвярджэнні нарматыўных прававых актаў па арганізацыі працы фізкультурна-спартыўных клубаў” (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь 2006 г. № 162, 8/15065) і іншымі нарматыўнымі дакументамі па пытаннях фізічнай культуры і спорту.

3. Клуб можа супрацоўнічаць з любымі фізкультурна-спартыўнымі аб’яднаннямі і арганізацыямі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі.

4. Фінансаванне Клуба праводзіцца за кошт сродкаў арганізацыі галіны, прафсаюзных органаў, дзяржаўных датацый, а таксама добраахвотных паступленняў ад дабрачынных арганізацый і спонсараў.

5. Пры неабходнасці, у працэсе працы ў дадзенае Палажэнне могуць быць унесены змены і дапаўненні.

Глава 2 Асноўныя задачы і функцыі

6. Клуб ствараецца з мэтай шырокага прыцягнення работнікаў арганізацый галіны і членаў іх сямей да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай, спортам і турызмам, арганізацыі актыўнага адпачынку, умацавання здароўя, павышэння працаздольнасці, зніжэння ўзроўню захворваемасці.

7. Асноўнымі задачамі клуба з’яўляюцца: каардынацыя дзейнасці саветаў фізкультурна-спартыўных клубаў арганізацый галіны; арганізацыя фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай працы ў галіне; метадычнае кіраўніцтва правядзеннем фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай працы ў арганізацыях галіны; падрыхтоўка матэрыялаў для разгляду на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры сумесна з прэзідыумам рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў культуры; прапаганда здаровага ладу жыцця, заняткаў фізічнай культурай і спортам.

8. Клуб у адпаведнасці з ускладзенымі на яго задачамі: дабіваецца ўключэння ў галіновае тарыфнае пагадненне і калектыўныя дамовы арганізацый галіны раздзелаў аб арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай працы сярод работнікаў арганізацый галіны і членаў іх сямей; распрацоўвае прапановы і рэкамендацыі па шырокім выкарыстанні форм, сродкаў і метадаў фізкультурна-аздараўленчай працы па ўмацаванні здароўя работнікаў арганізацыі галіны, павышэнні вытворчасці працы, арганізацыі вольнага часу рабочых, служачых і членаў іх сямей; вывучае патрэбнасць і ўносіць прапановы ў гадавыя і перспектыўныя планы развіцця галіны па пытаннях будаўніцтва, рамонту і гаспадарчага ўтрымання спартыўных збудаванняў, баз адпачынку і дабіваецца іх эфектыўнага выкарыстання, ажыццяўляе кантроль за выкананнем прынятых рашэнняў; распрацоўвае палажэнні аб аглядах-конкурсах на лепшую пастаноўку фізкультурна-масавай, спартыўнай і аздараўленчай працы; праводзіць галіновыя спартакіяды, кросы, эстафеты, спартыўныя святы і турыстычныя злёты, матчавыя сустрэчы з арганізацыямі сферы культуры краін СНД; арганізоўвае ўдзел каманд Міністэрства культуры ў рэспубліканскіх міжгаліновых спартыўных мерапрыемствах; ажыццяўляе кіраўніцтва працай Саветаў калектываў фізкультуры арганізацыі галіны; садзейнічае забеспячэнню клубаў, каманд, спартсменаў спартыўнай формай, абсталяваннем, інвентаром; уносіць прапановы па будаўніцтве, рэканструкцыі, тэхнічным пераўзбраенні і добраўпарадкаванні наяўных спартыўна-аздараўленчых збудаванняў, дабіваючыся эфектыўнага іх выкарыстання; запрашвае неабходныя для працы даведкі, матэрыялы і ўносіць прапановы па ўзнагароджванні актывістаў масавай фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай працы.

Глава 3 Структура Клуба

9. Вышэйшым органам Клуба з’яўляецца Савет у складзе 15 чалавек, які зацвярджаецца пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і пастановай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.

10. Савет Клуба працуе ва ўзаемадзеянні і ў партнёрскіх адносінах з Рэспубліканскім камітэтам прафсаюза работнікаў культуры, саветамі фізкультурна-спартыўных клубаў арганізацый галіны.

11. Пасяджэнні Савета Клуба праводзяцца не радзей аднаго раза ў паўгоддзе.