Каб не было бяды

№ 8 (1186) 21.02.2015 - 27.02.2015 г

Для папярэджання пажараў і гібелі людзей з 2 па 27 лютага праходзіць рэспубліканская акцыя “Бяспека — у кожны дом!”. Яна складаецца з чатырох этапаў і ладзіцца на прадпрыемствах ды ў арганізацыях, дашкольных і агульнаадукацыйных установах, ВНУ, каледжах, а таксама — у месцах масавага знаходжання людзей.

Асноўнымі прычынамі ўзнікнення надзвычайных сітуацый у жылым сектары па-ранейшаму застаюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання, дзіцячае свавольства. Таму папярэджанне небяспечных выпадкаў — аснова згаданай акцыі.

Работнікі МНС даводзяць, што кожны год у краіне ўзнікае больш за сем тысяч надзвычайных сітуацый. Гіне каля тысячы чалавек. Практычна 90 працэнтаў загінулых знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. Акурак цыгарэты, трапляючы на пасцельныя рэчы, праз пятнаццаць хвілін становіцца прычынай пажару. Смяротную дозу чаднага газу чалавек атрымлівае менш чым праз тры хвіліны.

Калі перагружаць электрычную сетку, пакідаць электрапрыборы (ды яшчэ няспраўныя) у рэжыме “чакання” на доўгі час, дык рана ці позна прыйдзе бяда.

З агнём гуляюць дзеці, а вінаватыя — бацькі. Запалкі ці запальнічка, пакінутыя на бачным месцы, непазбежна апынаюцца ў дзіцячых руках. І колькі ні папярэджвае МНС бацькоў, дзеці застаюцца без нагляду. Летась на пажарах загінула 14 дзяцей, сёлета — ужо адзін…

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска