Не паўтараць памылак

№ 8 (1186) 21.02.2015 - 27.02.2015 г

У Сухопальскім СДК прайшоў вечар-адкрыццё “Духоўныя святыні Пружаншчыны”.

Падзею арганізавалі супрацоўнікі сельскай бібліятэкі і Дома культуры. Сабраліся розныя па ўзросце людзі — ад вучняў мясцовай школы да сталых жанчын і мужчын. Аповед аб знішчаных і наноў адбудаваных праваслаўных святынях Пружаншчыны, падмацаваны слайд-прэзентацыяй ды вершамі духоўнай тэматыкі, не мог не крануць душу. А яшчэ ў зале гучалі песняспевы ў выкананні вакальнага ансамбля “Амафор” Рудніцкага сельскага дома культуры пад кіраўніцтвам Наталлі Карсанюк.

Падобныя мерапрыемствы выхоўваюць і засцерагаюць ад паўтарэння памылак. Як у выпадку з праваслаўнымі храмамі, створанымі рукамі ды розумам продкаў, аб якіх цяпер з сорамам пішам: “Не захаваліся”…

У аддзеле бібліятэчнага маркетынгу Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Міколы Засіма створаны Банк інфармацыі па духоўным выхаванні. Тут могуць дапамагчы ў падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў на згаданую тэму. А на сайце бібліятэкі можна азнаёміцца са сцэнарыямі імпрэз, якія ладзяцца для жыхароў горада.

Ніна ШАБУНЯ, галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ імя Міколы Засіма