Роднай мовы пералівы

№ 8 (1186) 21.02.2015 - 27.02.2015 г

У Чавускай дзіцячай бібліятэцы вучні СШ № 1 сустрэліся з паэтам, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі Міколам Салаўцовым. Падзея прысвячалася Міжнароднаму дню роднай мовы, што адзначаецца ў свеце 21 лютага.

/i/content/pi/cult/523/11295/11-3.jpg

Сустрэчу распачала загадчык бібліятэкі Таццяна Філіпенка. Яна распавяла, як 21 лютага 1952 года загінулі пяць студэнтаў, што змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай — Бангладэш. Свята было заснавана ў лістападзе 1999-га і з 2000 года адзначаецца ва ўсім свеце. Генеральная Асамблея ААН падтрымала рашэнне пра абвяшчэнне Міжнароднага дня роднай мовы і заклікала садзейнічаць абароне ды захаванню ўсіх моў свету. Як кожны народ, вялікі ці маленькі, мы таксама маем сваю родную мову. Большасць тых, хто жыве на Беларусі, лічыць беларускую мову роднай.

Затым адбыўся конкурс чытальнікаў вершаў беларускіх паэтаў аб роднай мове, прагучалі загадкі з “Чароўнага куфэрка”. На вечарыне гучалі і вершы Міколы Салаўцова аб роднай мове, аб Беларусі.

Выступіў і сам Мікола Салаўцоў — аўтар такіх зборнікаў вершаў, як “Азбука зорнага неба”, на якім пакінуў свой аўтограф лётчык-касманаўт СССР Віктар Афанасеў, калі наведваў Чавусы ў 2004 годзе, а таксама “Жыцця акорды”, “Вясёлка лёсу”, “Сінія валошкі”. Прысутныя атрымалі памятныя падарункі ад паэта і ад Дзіцячай бібліятэкі.

Мікола ЧАВУСКІ, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі