Што ў аснове дадатковай?

№ 8 (1186) 21.02.2015 - 27.02.2015 г

Музычная школа: бачанне дырэктара
“Рух — гэта жыццё”, — казаў старажытнагрэчаскі філосаф Арыстоцель. Але ці магчымы гэты рух у цішыні, без прыгажосці гукаў і мелодый? Рухацца ў правільным кірунку вучаць у Музычнай школе № 1 Баранавічаў. Больш як 700 дзяцей тут навучаюцца на бюджэтнай аснове, каля 130 — на платнай.

 

 

/i/content/pi/cult/523/11290/12-1.jpg

— Такая вялікая школа ёсць толькі ў Мінску, — кажа дырэктар установы Алена КУЗЬМІЧ. — Тут маюцца фартэпіяннае, струннае, струнна-народнае, духавое, тэарэтычнае, харавое, эстраднае аддзяленні, а таксама кірункі падрыхтоўкі канцэртмайстраў і агульнага фартэпіяна.

Эстрада — гэта складана

— Нашым вядучым напрамкам застанецца класіка: фартэпіяна, струнныя, народныя інструменты, — адразу зазначае дырэктар школы, чые развагі і сталі асновай дадзенага матэрыялу. — Акрамя таго, мы развіваем эстрадны кірунак, які многім здаецца надзвычай простым. Але сапраўдная эстрада, менавіта прафесійная, — гэта вельмі складана. Да ўсяго, знакамітыя эстрадныя вакалісты ці інструменталісты прайшлі як мінімум класічную школу. Якасных метадычных дапаможнікаў па такім напрамку няма, таму мы вучымся разам з дзецьмі, спазнаючы новае, выпраўляем памылкі. А будаваць штосьці разам — вельмі цікавы працэс.

Для сучасных дзяцей

— Зараз прыярытэт для дзяцей — агульнаадукацыйная школа (хаця дзеці ўсё больш стамляюцца там: адна з маіх вучаніц прыбягае ў музычную школу ўся счырванелая, а, супакойваючыся, амаль засынае), а наша забяспечвае дадатковую адукацыю. І, урэшце, мы акурат пашыраем кругагляд дзіцяці. А калі ў музычнай школе на занятках па спецыяльнасці два-тры разы на тыдзень настаўнік застаецца сам-насам з вучнем, тады ён цалкам можа аддаваць яму сваю энергію, пражываць разам з дзіцем яго жыццё. Да ўсяго, мы стараемся, каб вучні не толькі працавалі ў музычнай школе, але і адпачывалі. Я назвала б музычныя школы ды школы мастацтваў школамі радасці, напрыклад. Вось таму настаўнікам і варта будаваць заняткі так, каб праз музычную працу атрымлівалася радасць ды асалода…

Але нам цяжка не столькі з сучаснымі дзеткамі працаваць, колькі з мамамі і татамі: часам зусім няпроста пастлумачыць дарослым усю важнасць музычнай адукацыі. Няхай дзіця не стане прафесіяналам, але навучыцца працаваць, у яго з’явіцца пачуццё адказнасці, музычны густ, пачне развівацца цярплівасць. Ну, і час без камп’ютара таксама мае значэнне…

Музычная школа здольная зацікаўліваць сваіх вучняў новымі падыходамі ў адукацыйным працэсе. Напрыклад, у дзяцей ёсць магчымасць граць пад суправаджэнне фанаграмы, і ім тое падабаецца, нібыта яны выступаюць з аркестрам. У гэтым выпадку фанаграма дысцыплінуе, вучыць працаваць у камандзе, а дзеці праз тое самі просяць паяднаць іх у ансамблі: трыа, квартэты. Прычым нярэдка прыносяць фанаграму, якую знайшлі ў Інтэрнэце, ды жадаюць пад яе граць...

Што пяюць фінансы?

— За час дзеяння Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” істотна павялічылася фінансаванне. На яе сродкі мы можам набыць добрыя інструменты для лепшых вучняў. Сёлета, напрыклад, купілі шэсць скрыпак, акардэон, які каштуе, як пісалі ў адной газеце, “больш за гараж” — каля чатырох тысяч долараў, — духавыя інструменты, апаратуру. Таксама школа зарабляе грошы праз платныя канцэрты. За кошт такіх сродкаў купляем мэблю і кнігі, жалюзі. Але на дарагі інструмент школа не заробіць самастойна…

Пра дасягненні

— У апошнія гады ганарымся народнікамі (баяністамі, акардэаністамі) праз іх поспехі — ад дыпломаў да першых месцаў — як на гарадскіх, так і на міжнародных конкурсах. Зараз дзеці рыхтуюцца да чарговага Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўча-народных інструментаў імя Іосіфа Жыновіча. Наш колішні вучань-віяланчэліст Сяргей Ніколін прымаў удзел у Рэспубліканскім конкурсе “Музыка надзеі”, прайшоўшы ў другі тур. Зараз ён займаецца ў Санкт-Пецярбургу. Саксафаністы таксама дастаткова прыносяць нам “дывідэндаў”, як і калектывы — дзіцячыя ды дарослыя. Не магу не згадаць лаўрэатаў спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі: акардэаніст Данііл Мартынчык, баяніст Ілья Барбарыч, саксафаніст Кірыла Кастыка. Аляксандра Адаська — пераможца мінулага сезона конкурсу “Я пяю!”. Прыблізна 5 — 10% выпускнікоў працягваюць пасля музычнай школы навучацца музыцы далей…

Маладыя кадры

— Да нас прыходзіць працаваць даволі шмат моладзі. Раней гэта былі незацікаўленыя маладыя людзі, якія хутка сыходзілі. Але сітуацыя змянілася. Збольшага прымаем тых (за апошнія гады — дзесяць чалавек), хто свядома зрабіў свой выбар прафесіі. Аддаём перавагу асобам з вышэйшай адукацыяй, таму што мы — цэнтральная школа, якая мае права выбіраць сваіх будучых профі. Тым жа, хто працуе, але не мае такой адукацыі, раім павышаць кваліфікацыю. Канешне, маладыя настаўнікі яшчэ не ўсё ўмеюць, але — стараюцца, і моладзь любіць сваю працу. Школа — гэта не проста праца, а яшчэ і месца, дзе ёсць сябры, калегі, якія могуць дапамагчы. Калі ў маладога настаўніка ёсць такая падтрымка, ён і да вучняў ставіцца інакш.

Я пераканана: чалавек, які хоча прафесійна займацца якой-небудзь справай, асабліва калі гэта выкладчыцкая дзейнасць, павінен разумець, што мусіць аддаць ёй усё жыццё. І лічу няпраўдай сцвярджэнне, што беларуская культура вымірае. Час сведчыць: у нас дастаткова моладзі, якой цікава займацца мастацтвам. Але зараз, канешне ж, мы перажываем няпросты час у культурным працэсе: людзі думаюць, як зарабіць грошы... Але без культуры не будзе чалавека...

Студыя і нюансы

— Мы прапаноўваем ахвотным займацца ў нашай студыі. Бывае так, што некаторым дзеткам цяжка адолець усе музычныя прадметы: спецыяльнасць, сальфеджыа, музычную літаратуру, аркестр. А ў студыі яны могуць выбіраць, якія прадметы ім неабходны. Так і дарослыя могуць прыйсці і займацца. Кошт аднаго прадмета чатыры разы ў месяц — 180 тысяч беларускіх рублёў. На бюджэтнай аснове пры музычнай школе — ад 75 да 90 тысяч беларускіх рублёў у месяц. Адзначу, што ў музычную школу на бюджэтную аснову могуць паступаць дзеці да 12 гадоў. Калі прыходзяць пазней — атрымліваюць адукацыю на платнай аснове.

Тыя, хто скончыць нашу студыю, таксама атрымае пасведчанне. Але больш значны дакумент, канешне ж, — пасведчанне аб заканчэнні музычнай школы. Урэшце, летась быў выпадак. Прыйшоў хлопец, які захацеў паступаць ва Універсітэт культуры. А там, каб яго дапусцілі да іспыту, патрабавалася паказаць які-небудзь дакумент, што звязваў бы яго з музыкай. У нашай студыі ёсць курс паскоранага навучання, які ён паспяхова прайшоў за год, пасля чаго атрымаў пасведчанне.

Ведаеце, так хацелася б, каб музычная школа дапамагала дзецям у іх нялёгкіх буднях. Мы — не проста дадатковая адукацыя, а яшчэ тое месца, дзе дзеці развіваюць чалавечыя якасці і шмат чаму вучацца…

Вікторыя ГОМЗА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ