“Каб не быў я атулены крылом Барадуліна…”

№ 8 (1186) 21.02.2015 - 27.02.2015 г

Абрысы сустрэч з народным паэтам Беларусі
“Per aspera ad astra” (“Праз церні да зорак”) — так гучыць дэвіз самай высокай узнагароды Латвіі — ордэна Трох Зорак, які быў уручаны народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну ў Літаратурным музеі Янкі Купалы 24 лютага 1998 года. Цудоўны падарунак на Дзень яго нараджэння! Калісьці Рыгор прызнаваўся: “Мне Латвія асабліва дарагая і блізкая, бо мой дзед Андрэй Галвіньш, механік млыноў, трапіў у Полацк з Рыгі”. Але каб стаць Барадуліну кавалерам зорнага ордэна, спатрэбілася дапамога і Райніса, і Веяна, і Ліўзэмніека… Паспрыялі турботы “хроснай маці” — Мірдзы Абалы, якой і я з Васілём Сёмухам удзячны. Асаблівы клопат быў у яе прадстаўляць да ўзнагароды беларусаў “за асаблівыя заслугі перад Латвіяй”. Пра тыя Рыгоравы зоркі з помніка Свабоды ў Рызе пісаў я ў прэсе. Многія сумесныя літаратурныя вандроўкі аказаліся на фотаздымках у друку. І вось з-пад павекаў Часу выглядаюць абрысы сустрэч, што прашумелі за пяцьдзясят гадоў нашага з Рыгорам Барадуліным знаёмства. Спынімся ля некаторых камлёў, якія і сёння пазначаюць многія дарогі праз церні паэтычных пакут да поклічных зорак натхнення.

/i/content/pi/cult/523/11286/15-1.jpg

Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін у гасцях у бацькоў аўтара, чыя сястра Ніна вядзе экскурсію па беразе Рыжскага заліва. Юрмала. Каўгуры. Ліпень 1966 г.

1966

31 студзеня мяне, курсанта факультэта журналістыкі Львоўскага ваеннага вучылішча, прытуліла на зімовых канікулах сям’я Барадуліных. Трапіў на прыём да Алеся Цімафеевіча Бажко — загадчыка рэдакцыі выдавецтва “Беларусь”. Рэдактарам майго зборніка “Кастры Купалля” быў прызначаны Анатоль Кудравец, а вось “на грамадскіх пачатках” апошнім стаў займацца Рыгор. Дзякуючы майму апекуну былы дывізіённы фельчар, а на той час — недаспелы курсант, знаёміўся з творцамі — Яўгенам Шабаном, Юрыем Кушаком, Міхасём Стральцовым, Навумам Кіслікам… А вось пра рэдагаванне ім маіх вершаў і сёння спакойна згадваць не магу, нібыта я зноў на літаратурным эшафоце. Вось Рыгор правіць тэкст, закрэслівае радок — і пяро скрыпіць не па паперы, а нібыта ёрзае па маёй скуры. Урэшце атрымліваю стос лістоў, дзе, ужо алоўкам, пазначана: “Зняць!”. Бо і паправіць мае крэмзы не атрымалася. А прысуды такія: “Верша няма. Абкатаныя, як галька, збітыя словы і вобразы”; “Няясны верш, невыразны”; “Агульны, рытарычны”; “Вельмі неакрэслены палітычна”…

На лета я выпрасіўся на стажыроўку ў газету Беларускай ваеннай акругі, каб падлагодзіць слабаватыя радкі будучага зборніка. Удзячны быў Рыгору за яго бацькоўскія клопаты.

У ліпені рэдакцыя накіравала мяне ў камандзіроўку ажно за Віцебск. Ад Валі, Рыгоравай жонкі, даведаўся, што мой настаўнік разам з Уладзімірам Караткевічам гасцюе ў Ераніма Стулпана на юрмальскім лецішчы. А мае бацькі і сястра жылі ў юрмальскім жа пасёлку Каўгуры. Дык чаму на выхадныя не зрабіць круг? Дапамагла “Чайка” (фірменны цягнік “Мінск — Талін”), з Рыгі электрычка — і вось я здзяйсняю ўрачысты выхад сухапутных беларусаў да мора. У бацькоў на той час адпачывалі родзічы і знаёмцы з Масквы, Ленінграда, Ташкента. Усе яны былі ўражаны сцэнічным пераўвасабленнем Рыгора і Уладзіміра. Песні, вершы, показкі-пацешкі, жарты-экспромты…

Адбыліся невідонныя, як мама казала, забавы. Узбалтошылі балткрэвы Балтыку!

У жніўні пасля мінскай стажыроўкі я апынуўся ў Кудэпсце, Сухумі. І на борце самалёта, які ляцеў з Каўказа на Украіну, пачаў такі верш, прысвечаны Рыгору:

Мяне адобраю гнялі,

Я чуў парадныя парады…

Але навек я буду рады

Усходам шчырае спагады,

Што з твайго сэрца прараслі…

Ужо ў Львове для далейшага натхнення атрымаў ад Рыгора лірычную кніжачку “Нагбом” з такім надпісам: “Дарагі Сяргей, прымі ад мяне гэты зборнічак, як сотую кропельку расінкі Беларусі. Беларусь ты помніш. Так трымаць! Твой Рыгор. 13.11.66 г. P.S. Чакаю ад цябе зборніка ў адказ”.

1967

5 чэрвеня львоўскі курсант атрымаў ад Рыгора некалькі асобнікаў зборніка “Кастры Купалля”. Наіўны, пахваліўся здабыткам. Начальства вучылішча ўбачыла там не партрэт курсанта, а лірыка ў вышыванцы. “Не наш!” Пазней было абвешчана, што мне прызначана служба ў чыгуначных войсках Забайкальскай ваеннай акругі. Давялося адправіць тэлеграму Максіму Танку, пісьмо Янку Брылю…

І вось я служу ў дывізійнай газеце ва Уруччы. Прытуляла сям’я Барадуліных, пакуль не атрымаў каморку ў ваенным гарадку. Рыгор першым напісаў рэкамендацыю для прыёму мяне ў Саюз пісьменнікаў, падарыўшы “для ўдасканалення” вялізны “Руска-беларускі слоўнік” з аўтографам: “Надзеі Беларусі — Сяргею ад шчырага, шчырага сэрца! Рыгор. Мінск. 29.Х.67 г.”. І вось збылася яшчэ адна мая надзея: 24 лістапада я стаў сябрам Саюза. І сёння паўтараю: “Было б горка, каб не Рыгорка, каб не быў я атулены крылом Барадуліна”…

/i/content/pi/cult/523/11286/15-2.jpg

Прысвячэнне Рыгора Барадуліна на тытуле зборніка "Рум".

1979

Выдавецтва “Мастацкая літаратура” падрыхтавала кнігу Стэфана Паптонева “Беларусь — белая балада”. Мы ўсе ўзбуджана працавалі, на дружбу народаў — дружбу літаратур. У Мінск прыехаў слаўны балгарын, і я згадзіўся з прапановай Рыгора адвезці іх на яго (вялікую, а не малую) радзіму, далучыўшы і перакладчыка Ванкарэма Нікіфаровіча. На Мемарыяльным комплексе “Прарыў” нас сустракалі з пашанотай. Засталіся фотаздымкі “на памяць”. Але самымі дарагімі сведчаннямі з той сустрэчы аказаліся дарчыя надпісы на падоранай мне кнізе ”Беларусь — белая балада”. Пасля тэксту Паптонева па-балгарску чытаюцца радкі перакладу ад Ванкарэма Нікіфаровіча. І трэці “пласт” — барадулінскі: “Дзякуй, Сяргей, табе за хвіліны радасці дотыку да роднай зямлі! Рыгор. 30.ІХ.79. Ушачы”.

1999

26 лістапада ў Лявонпалі Міёрскага раёна быў адкрыты музей. Будыніна сельскага клуба служыла калісьці польскай стражніцай, і за ёй праз некалькі сотняў метраў заканчвалася на беразе Дзвіны Заходняя Беларусь. А ў ХVII стагоддзі тут “падпілавалі” тэрыторыю Рэчы Паспалітай. За Лявонпалем і па сёння стаіць Калона ў гонар Канстытуцыі 3 Мая 1791 года, узведзеная графам Лапацінскім “на агледзіны грознаму непрыяцелю”.

Назваць установу дапамог верш Барадуліна “Радзімазнаўства”, прысвечаны Алесю Карлюкевічу: “Радзімазнаўства — //Мудрая навука, // Яе адолець могуць дзівакі, //Якім з рукі // Ад сну прачнуць вякі”. О, тут, на беразе Дзвіны-Рубона, пазнакі вякоў — куды ні кінься.

2009

Пра кнігу Рыгора Барадуліна “Паслаў бы табе душу…” (ліставанне паэта з мамай Акулінай) мы гутарылі 17 верасня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Наведвальнікам прадставілі здымкі Акуліны Андрэеўны, а таксама мае запісы ейнага голасу. Я назваў Рыгора паэтам мамы і пажадаў такой любові кожнай маме і такую маму — кожнаму паэту.

Песні Акуліны Андрэеўны чакалі такой прылюднасці ажно сорак гадоў. Сям’я Грынчыкаў гасцявала ў Рыгора з Валяй у тыя дні, калі прытулялі там маму Рыгора. 17 — 18 сакавіка 1969-га я запісаў 40 бытэньскіх твораў ад Любы Грынчык і вушацкія вечнасці: “Добра мне, добра мне за маім дзедам…”, “Рада, рада, шэра перапёлка…”, “А ў цёмным лесесава кугічыць…”, “А дайце мне, дайце сем чарак гарэлкі!..”. (А вось песню, вельмі падобную да апошняй з названых песень бабулі Акуліны, я запісаў у Лявонпалі ад Вольгі Грэцкай.) Пра запіс твораў было надрукавана ў газеце “Голас Радзімы” ад 9 сакавіка 1974-га, а верш памяці Акуліны Барадулінай я змясціў у сваім зборніку “Пры свячэнні…” (2004).

Не магу не агучыць тут і дарчы надпіс на кнізе “Паслаў бы табе душу…”: “Родны Сяргей Іванёнак! Мама цябе любіла, бо ты наш, свой! Хай табе шчасціць! Рыгор. 20.ХІ.09.”. Дзіва, але і назаўтра я быў высока абдораны Рыгорам. На кнізе “Ксты” перачытваю сёння надпіс: “Роднаму нашаму, крывіцкаму Сяргею Панізьніку — з нязменнай падзякай за ўсё добрае, што ён чыніў і чыніць! Рыгор Барадулін. 21.ХІ.09”.

2013

Даўным-даўно заахвоціў мяне Рыгор пільней вычуваць маўленне землякоў. Цешылі прыгаданыя ім прыбабунькі, пацешкі, досціпы. Дзівіўся, калі знаходзіў адпаведнікі на маім прыдзвінскім мацерыку. Вось ад Рыгора: “Яглі — пацалаваліся і спаць ляглі”. Ад майго бацькі: “Яглы — няеўшы спаць ляглі”. Ад чэхаў дазнаўся: яглы — гэта проса. Слабы, скажам, наедак. Калі на Вушаччыне кажуць: “Не круці духамі”, — то ў нас: “Не круці мітулямі”. А гэта страшней: ад лічынак стужачных глістоў хварэлі авечкі, козы. І яшчэ адзін цуд параўнання. Рыгор запісаў такі кленіч: “Соль табе ў вочы, малання ў зубы! Траскуча палена табе ў калена!”. А мне пад дыхалку — жартам, канешне ж, — лявонпальская Марыля Кезік яшчэ ў 1968 годзе пальнула: “Хрэн табе ў вочы, галавешка ў зубы, перац у нос, клубок нітак паміж лытак, галень паміж калень, пад хвост памяло — каб аж дух заняло!”

Пад Новы год Сяржук Доўгушаў, збіральнік і выканаўца фальклорных рарытэтаў, захацеў разам са мной наведаць сям’ю Барадуліных. Валя прызначыла нам дзень сустрэчы. З дужа дарагімі падарункамі мы пакідалі кватэру на вуліцы Мележа. Дома ўчытаўся ў радкі на кнізе “Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна”: “Роднаму Сяргею Панізьніку — дзякуй за ўсё! Рыгор Барадулін. 19.12.3013”.

Праз тры дні, выявіўшы новыя паралелі ў лексічных знаходках, я пачаў пісаць верш:

На цабэрак, на гладыш

ты, Рыгорка, не глядзіш.

Вочы квеліш абы-як

на раўгені поўны гляк.

Жэгіны не абжаргаеш,

але суднік славы маеш.

Пажаданкі: не галець,

перад споведдзю…

Верш доўга не мог закончыць, памятаючы даўнейшыя Рыгоравы прысуды: “Зняць!”. І вось…

2014

Перад споведдзю гавець,

перад светам выранджацца…

Доіш доднік? Будзь дарадцам

прывіваць жывічны здор

у прыдзвінскі словазбор.

“Так не так, а ператакваць не будзем”. Гэта чарговая парада Рыгора.

На Дзень нараджэння я патэлефанаваў Рыгору, павіншаваў, перадаў прывітанні ад масквічоў Івана Бурсава і Ніны Дзябольскай, актыўнай перакладчыцы яго твораў на французскую мову. І дасюль пракручваюцца ў галаве згукі яго развітальных слоў: “Звані часцей!”…

А ёсць што сказаць шчодраму сябру і сёння. Ніна Дзябольская, пераклаўшы амаль усе “Ахвярынкі” Барадуліна, дзясяткі вершаў з кнігі “Ксты”, адгукаецца на просьбы аб новых перакладах і дасылае іх з Масквы ў Мінск.

Не для гаркаты, а на задуму, на светлае развітанне хочацца вось цяпер паклікаць чатырохрадкоўе нашай з Рыгорам даўняй сяброўкі — Маі Львовіч з Харкава. 12 красавіка ў адказ на маё журботнае паведамленне яна напісала:

Праўда таму, праўда,

Што зноўку гаворыць сэрца:

Паэт адыходзіць,

А паэзія — застаецца…

Сяргей ПАНІЗЬНІК, паэт