Антыкрызісны менеджмент

№ 8 (1186) 21.02.2015 - 27.02.2015 г

Досвед Міхаіла Фінберга
Эканамічныя цяжкасці, якія ахінулі наш рэгіён планеты, безумоўна, даюцца ў знакі і ў галіне культуры. Аднак дырэктар — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, народны артыст краіны, прафесар Міхаіл ФІНБЕРГ не падзяляе песімістычных настрояў. Наадварот, ён перакананы, што крызіс стане тым выпрабаваннем, якое загартоўвае і аддзяляе зерне ад пустазелля. Гэты год для аркестра багаты на юбілеі. Самы важны з іх — 200-ы (!) па ліку фестываль у малых гарадах, які пройдзе ўжо неўзабаве. А найстарэйшаму з такіх фэстаў — “Музы Нясвіжа” — сёлета споўніцца 20! Але ж мы гутарым не пра святы, а перадусім пра творчую “кухню” легендарнага калектыву.

/i/content/pi/cult/523/11279/6-1.jpg

— Бачу ў вашым кабінеце графік імпрэз на гэты год. Нешта незаўважна, каб ён хоць трохі скараціўся параўнальна з папярэднім...

— Дык ён і не скараціўся. Усе тыя канцэрты, фэсты, праграмы, якія мы планавалі яшчэ год-паўтара таму (а плануемся мы заўсёды загадзя, бо гэта — залог поспеху), сёлета абавязкова адбудуцца. І як іначай, калі іх ужо чакае слухач? На ягоным стаўленні да нашага калектыву крызіс, на шчасце, ніяк не адбіўся. Год яшчэ толькі пачаўся, а мы ўжо можам пахваліцца нядрэннымі фінансавымі паказчыкамі. Прыкладам, на сакавік білеты на сем нашых канцэртаў поўнасцю распрададзены, прытым што цэны на іх часам дасягаюць 200 тысяч рублёў. Ну а ў тым, што джазавы фестываль збярэ аншлаг, ніхто нават і не сумняваўся.

На маю думку, цяжкасці, якія мы цяпер перажываем, — гэта каласальны стымул для многіх кіраўнікоў у сферы культуры перагледзець свае падыходы да справы, да такіх яе аспектаў, як трата бюджэтных сродкаў і заробак уласных. Млявай працы ў “вакуум”, што не прыносіць ніякай аддачы, быць не павінна.

— Але ж ёсць тыя фактары, якія, на жаль, не залежаць ад кіраўнікоў...

— Упэўнены: многія праблемы ўзнікаюць ад недапрацоўкі канкрэтных людзей, ад іх няўмення эфектыўна дзейнічаць у тых або іншых варунках. Калі лідар будзе па-сапраўднаму перажываць за свой калектыў, ён здолее дасягнуць належных вынікаў. Але калі разлічваць толькі на чужы глузд ды счакаць загадаў “зверху” — нічога не будзе, усё спыніцца.

Яшчэ адзін вечны закон: пастаянна вучыцца. Так, усе мы даўно атрымалі дыпломы, і многія гэтым вельмі ганарацца. Я вось, напрыклад, увогуле прафесар — між іншым, адзіны на эстраднай сцэне. І што, гэта нагода, каб высока задзерці нос? Ды ні ў якім разе! Сістэматычна засвойваць новыя веды трэба пастаянна, як і працаваць над сабой. Калі ты думаеш, што ўжо ўсё ўмееш, — гэта дакладная прыкмета твайго асабістага крызісу. А ён куды страшнейшы за нейкі эканамічны…

Так, многія з кіраўнікоў у галіне культуры — людзі творчыя. Але хоцькі-няхоцькі яны ўсё адно мусяць засвойваць і эканамічныя законы, і тую ж бухгалтэрыю. Бо іначай нічога ў іх не атрымаецца. Кожны калектыў — гэта прадпрыемства, хай сабе і творчага кшталту. Адпаведна, яго трэба ацэньваць і па эканамічных паказчыках. А толькі патрабаваць фінансавання “зверху” — гэта, як мне падаецца, паразітычнае стаўленне...

— Але ці не існуе небяспекі, што ўвага да эканамічных пытанняў прывядзе да “перакосу” не на карысць творчасці?

— Вядома, такая небяспека ёсць. Вось, напрыклад... Як у нас ацэньваюць фінансавую дзейнасць? Дзяржава выдаткавала дзесяць рублёў — пяць ты патраціў, а пяць засталіся. Значыць, малайчына! Але ж задача творчых калектываў — не эканоміць бюджэтныя сродкі, а асвойваць іх з максімальнай эфектыўнасцю для ўсяго грамадства. Зразумела, той, хто менш працуе, той мае і меншыя выдаткі, адпаведна — і лепшыя эканамічныя паказчыкі ды большыя прэміі. Але ці аптымальная гэтая схема, ці правільна расстаўлены тут акцэнты?..

— У той самы час многія перакананы, што вашаму калектыву дастаецца ад дзяржавы значна больш выгод, чым іншым...

— Сапраўды, дзяржаве мы вельмі ўдзячныя за пастаянную ды эфектыўную падтрымку, за няспынную ўвагу і павагу да нашай дзейнасці. Але... Агучу вам толькі адну лічбу (тыя “многія”, якіх вы згадалі, пэўна, яе не ведаюць): 65% ад нашага бюджэту (а ён, як вы разумееце, і сапраўды немаленькі) мы зарабляем самі. Шэсцьдзясят пяць працэнтаў! Далей, мне здаецца, можна нічога ўжо і не казаць. Што да ўмоў... Мяркуйце самі: ад пачатку гісторыі калектыву мы працуем у нейкіх паўпадвальных памяшканнях і нават не марым пра тыя шыкоўныя кабінеты ды студыі, якія маюць іншыя аркестры. Але, заўважце, не плачамся з той нагоды ў камізэльку.

— Такія фінансавыя паказчыкі сапраўды здзіўляюць, калі ўлічыць, якое месца ў дзейнасці аркестра займаюць даследчыцкія і папулярызатарскія пачыны, а яны ж, напэўна, грошай не прыносяць...

— Так, не прыносяць! Робячы праграму з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Барыса Райскага, мы не ставілі сабе за мэту нешта зарабіць. Перадусім гэта даніна павагі да легендарнага музыканта, у аркестры якога ў гады маладосці давялося папрацаваць і мне. На жаль, яго імя сёння прызабыта, і я нават не ведаю, ці згадае хтосьці пра ягоны юбілей, апрача нас…

— А вось тут у вашым графіку насупраць адной даты пазначана “СПА”. Гэта што, сярод аркестрантаў пройдуць вучэнні па супрацьпаветранай абароне?

— Ды не, якія вучэнні… Мы змагаемся за чысціню паветра нашай Бацькаўшчыны сваімі метадамі... А тут маецца на ўвазе адзін са шматлікіх шэфскіх канцэртаў. Аркестр ладзіць іх 27 гадоў запар, заязджаючы проста ў вайсковыя часткі той жа СПА. Апякуемся такім чынам і іншымі абаронцамі Айчыны, а таксама — прадпрыемствамі, сельскімі гаспадаркамі... І, падкрэслю, усё гэта — на філантрапічных пачатках! Але трэба ўмець спалучаць некамерцыйныя праекты з тымі відамі дзейнасці, якія прыносяць прыбытак. Бо як іначай у цяперашніх варунках? Чакаць, што нехта “зверху” прыйдзе і ўсё дасць? Ізноў жа, гэта — паразітызм...

— А ці лёгка зарабляць грошы “білетнымі” канцэртамі?

— Не сказаў бы. Вось глядзіце: мы прыязджаем з канцэртам у горад N, а там адначасова гастралюе купа выканаўцаў з суседняй краіны… Рыхтуем сур’ёзныя праграмы, заснаваныя менавіта на нацыянальным матэрыяле, а сёй-той прыязджае да нас проста халтурыць — і пры гэтым здымае “вяршкі”...

— Але ж гэта — звычайны рынак, які ў наш век не магчымы без канкурэнцыі...

— Я, вядома, не супраць канкурэнцыі. Аднак... умовы ў нас, на жаль, няроўныя. Калі тое ж расійскае тэлебачанне раскручвае сваіх зорак, дык пра айчыннае гэтага, на жаль, не скажаш. Здараецца, я прашу кагосьці з тэлевізійшчыкаў: вы ўжо, калі ласка, хоць паведамце гледачам, што Міхаіл Якаўлевіч Фінберг яшчэ не памёр... А каб выпусціць у эфір рэкламу той або іншай нашай падзеі, трэба заплаціць такія грошы, што за галаву хапаешся! І ніякіх паніжальных каэфіцыентаў ці іншых прэферэнцый!

На Беларусі працуюць філармоніі ды іншыя дзяржаўныя канцэртныя арганізацыі, але чаму ж тады яны запрашаюць з гастролямі пераважна замежных выканаўцаў? Пры гэтай схеме мы банальна субсідзіруем эканоміку іншых краін. Хаця ёсць жа і ў нашым краі выдатныя, праслаўленыя калектывы — не адзін і не два... Але ж пакуль тут усё — як у той байцы пра лебедзя, рака ды шчупака. А каб мы працавалі супольна, дык я б ведаў, што калі еду ў пэўны горад, мяне ўжо там сустракаюць…

— А што, не сустракаюць?

— Сустракае нас зазвычай удзячная публіка. А каб было наладжана ўзаемадзеянне паміж калектывамі, арганізатарамі канцэртаў, тымі ж сродкамі масавай інфармацыі, узаемавыгадны для ўсіх нас вынік, я ўпэўнены, не прымусіў бы сябе чакаць і сумнае пытанне “Як выжыць?” адпала б…

— У той самы час самі тэлевізійшчыкі сцвярджаюць: папулярнасць многіх беларускіх артыстаў наўпрост залежыць выключна ад “блакітнай скрыні”. А як толькі іх паказваюць радзей, яны адразу ж знікаюць і “з памяці народнай”...

— Яно і сапраўды так. У нас многія артысты не маюць нават паўнавартаснай канцэртнай праграмы. Зрабіў пару песенек — і хай іх круцяць па ўсіх каналах з ранку да вечара. А больш і паказаць няма чаго…

— А ці няма ў вас праблем з кадрамі? Бо ратацыя ў вялікім калектыве — непазбежная…

— Пакуль няма, але — у хуткім часе будуць. Конкурс у Акадэмію музыкі ды профільныя вучылішчы сёння пакідае жадаць лепшага, а па многіх спецыяльнасцях навучанне, наколькі мне вядома, увогуле ўжо не вядзецца. І калі тыя ручаінкі перасохнуць... Праз нейкі час гэта моцна дасца нам у знакі.

Зусім нядаўна ў рамках фестывалю ў Заслаўі (ужо пятнаццатага, дарэчы, па ліку) мы зладзілі конкурс навучэнцаў музычных школ па спецыяльнасці “Духавыя інструменты”. Вынік мяне папраўдзе здзівіў: паўтара дзясятка зусім юных саксафаністаў з усёй Міншчыны! І вось пытанне: чаму на гэты конкурс не прыехалі прадстаўнікі нашых навучальных устаноў, каб паслухаць таленавітую дзятву ды ўжо ведаць, што ў тым або іншым раёне вучыцца таленавіты хлопчык ці дзяўчынка? Новую змену музыкантаў трэба рыхтаваць змалку і думаць пра гэта ўжо зараз. Але, на жаль, узаемадзеяння паміж намі ды тымі ж адукацыйнымі ўстановамі пакуль амаль няма. І, пэўна, не мая справа яго наладжваць…

— Ваш аркестр — “кузня кадраў”, дзе моладзь пачынае сваю кар’еру, а потым выпраўляецца ў вольнае плаванне… Ці не крыўдна?

— Ні каліва не крыўдна! Сапраўды, многія з тых, хто за апошнія гады “засвяціўся” на нашай сцэне — тыя ж Дзмітрый Калдун, Тэа, іншыя паспяховыя ўдзельнікі буйных міжнародных конкурсаў, — без перабольшвання, “выпускнікі” аркестра. Лічу гэта немалаважным фактарам, што сведчыць пра нашы заслугі. Бо як ацэньваць, якой меркай мераць дзейнасць таго ж выкладчыка музычных дысцыплін? Думаю, цалкам дарэчы было б яго спытаць, колькі ён за час сваёй працы падрыхтаваў лаўрэатаў міжнародных конкурсаў. І калі вынік нулявы, можна задацца заканамерным пытаннем...

— Урэшце, закрану і такую балючую цяпер тэму, як заробкі...

— Аклады ў нас вельмі маленькія, але асноўная частка заробку — гэта менавіта прэміі. У свой час такую формулу падтрымаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. На жаль, большасць калектываў па ёй не працуе, бо ў такім выпадку трэба, каб быў прыбытак, а атрымаць яго вельмі складана.

І дарэчы... Не думайце, што ў іншых краінах музыканты жывуць бы ў раі. Наколькі мне вядома, паўсюль ёсць свае цяжкасці. Лічу, гэта нармальна, бо без пераадольвання цяжкасцей не будзе і высокага творчага выніку…

Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва "К"