Куды творы знікаюць?

№ 8 (1186) 21.02.2015 - 27.02.2015 г

Зайшоў у рэдакцыю мой сябра, скульптар Эдуард Астаф’еў. Пагаварылі пра тое-сёе. У прыватнасці, аб тым, што зараз вельмі цяжка жыць скульптарам, бо дзяржаўных заказаў амаль няма, дый прыватных мала. Вось і даводзіцца круціцца…

/i/content/pi/cult/523/11275/4-2.jpgАднак без творчасці нармальны мастак у любым выпадку не можа існаваць, і Эдуард зараз рыхтуе сваю выстаўку ў Светлагорску, бо ў майстэрні назбіралася вельмі шмат работ, якія хочацца паказаць гледачу. А потым раптам з горыччу сказаў: “Мяне даўно хвалюе праблема дастойнага захавання спадчыны мастака пасля яго смерці. Мабыць, яна ніколі не будзе вырашана…” І прывёў журботныя факты пра тое, як немаведама куды знікаюць з майстэрняў творы памерлых таленавітых скульптараў. І нікога гэта не цікавіць: ні Саюз мастакоў, ні Міністэрства культуры, ні іншыя ўстановы, ад якіх залежыць жыццё нашай культуры…

Я не здзівіўся: праблема гэтая, што тычыцца не толькі скульптараў-нябожчыкаў, але і ўсіх іншых дзеячаў выяўленчага мастацтва, так бы мовіць, — вечная і, на мой погляд, амаль невырашальная. І на парадку дня дзейнасці Саюза мастакоў гэтае пытанне стаяла, мабыць, з дня заснавання. У свой час і ствараліся спецыяльныя камісіі па захоўванні той спадчыны мастака, якая заставалася ў майстэрні пасля яго смерці, і ўзнімаліся такія пытанні на розных мастакоўскіх пленумах ды з’ездах, і былі звароты да дзяржаўных ды іншых музеяў з просьбай набыць хаця б частку (лепшую!) спадчыны мастака, але… Канешне, здараліся выпадкі, калі наш Мастацкі музей набываў штосьці, ці нейкі абласны купляў рэдкія творы сваіх землякоў, аднак гэта — кропля ў моры…

Так ці інакш, лёс спадчыны пасля смерці яе ўладальніка зведвае значныя метамарфозы ды мутацыі. І калі налажанага механізма на ўсе выпадкі і на Захадзе не існуе, то ў нас справы яшчэ горшыя. Сваякі ды сябры апынаюцца пасля смерці мастака нібы ў пустыні, бо тэрмінова трэба вызваляць майстэрню ад твораў нябожчыка. А якія спосабы асваення гэтай пустыні і, кажучы метафарычна, асаблівасці ды прыёмы яе меліярацыі? Ну, добра, калі майстэрня (разам з работамі памерлага) пераходзіць да яго сваяка, таксама мастака, і спадчына гэтая, хаця б часова, будзе там у цэласці ды захаванасці. А што потым? Напрыклад, што здарыцца з унікальнай спадчынай Аляксандра Кішчанкі ці Гаўрылы Вашчанкі, калі не з’явяцца пераемнікі? Трэба яшчэ разумець, што сваякі амаль ніколі не маюць магчымасці запоўніць свае ўласныя кватэры такімі творамі. А што ў “сухім астатку”? За капейкі прадаваць творы нейкім калекцыянерам — айчынным ды замежным? Ці проста дарыць музеям (калі тыя пажадаюць дар прыняць)? Ці проста (і такое бывае) махнуць на ўсё рукой — і тады творы апынаюцца на сметніку, як гэта ў свой час здарылася са скульптурамі Уладзіміра Хмызнікава і ў некаторых РДК, куды “на часовае карыстанне” перадаваліся работы з фондаў Саюза мастакоў ці Мастацкага музея “ў мэтах эстэтычнага выхавання насельніцтва”.

Былі і шчаслівыя выпадкі, калі мастак яшчэ пры жыцці дарыў вялікія калекцыі сваіх работ рэгіянальным музеям, і дзякуючы гэтаму творы захаваліся. Так, Уладзімір Мінейка незадоўга да смерці падарыў 45 карцін Мазырскаму краязнаўчаму музею. А вось іншая гісторыя, менш радасная. Напрыканцы 1990-х сын вядомага жывапісца Івана Стасевіча — Уладзімір — перадаў на радзіму сям’і, у Старыя Дарогі, амаль сотню карцін бацькі, бо там абяцалі стварыць музей заслужанага дзеяча мастацтваў, удзельніка вайны, “сына палка” Івана Нікіфаравіча Стасевіча. Але музей яго імя так і не з’явіўся (адсутнасць фінансаў?), хаця каля дваццаці карцін выстаўлены ў экспазіцыі Гісторыка-этнаграфічнага музея, а астатнія творы — у сховішчы, чакаюць лепшых часоў. Затое сёння добра працуюць Галерэя імя лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, жывапісца і мастацтвазнаўцы, прафесара Леаніда Дробава ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці (у колішнім будынку аптэкі), Галерэя заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Уладзіміра Гоманава на першым паверсе Гісторыка-краязнаўчага музея ў Сянне на Віцебшчыне, Музей-майстэрня Мікалая Пушкара ў Мазыры ды шэраг іншых імянных галерэй краіны, звязаных з радаводам мастакоў. Традыцыя, што заслугоўвае павагі…

Хацелася б даведацца, дзе сёння знаходзяцца (акрамя музеяў) творы такіх мастакоў, як Натан Воранаў, Альгерд Малішэўскі, Галіна Гаравая, Фёдар Бараноўскі, Іван Карасёў, Леанід Асядоўскі, Мікалай Якавенка, Фёдар Дарашэвіч, Валяр’яна Жолтак — спіс можна доўжыць... Дый справа не ў гэтым: проста не хацелася б, каб спадчына нашых творцаў, якія натхнёна будавалі нашу культуру, аказалася разбазаранай… Узгадайце хаця б, колькі твораў Віталя Цвіркі, Івана Дмухайлы ці Мікалая Селешчука аказаліся “згубленымі” ў прасторах блізкага і далёкага замежжа! А колькі можна назваць імёнаў “жывых” мастакоў, якія вымушаны і сёння прадаваць свае работы за мяжу прыватным калекцыянерам ды проста спекулянтам для далейшага перапродажу!.. Шмат… Але гэта зразумела: жыць трэба, сям’ю карміць, фарбы з палатном купляць ды за майстэрню плаціць…

А можа, варта паспрабаваць з зацікаўленымі асобамі і ўстановамі зладзіць у рэдакцыі “К” ці ў Саюзе мастакоў “круглы стол” на такую тэму, каб разгледзець пытанне стварэння ў сталіцы агульнагарадскога альбо рэспубліканскага сховішча для твораў мастакоў-нябожчыкаў?..

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"