Пра спазнанне сябе

№ 8 (1186) 21.02.2015 - 27.02.2015 г

Надзея ГАРКУНОВА, кінарэжысёр
Любы час нельга ахарактарызаваць адназначна, нават пражыты табой, пра які, здаецца, усё вядома. Ты так думаеш, а ён падкідвае новыя закавыкі. І змяняе цябе, прымушае задумацца, паглядзець інакш на прадметы, падзеі... На цябе самога, урэшце. І ёсць тут рацыя, інакш — стоп, машына, прыехалі...

/i/content/pi/cult/523/11272/5-3.jpgДумаецца, што кожны час дае чалавеку магчымасці для ажыццяўлення мары і для самарэалізацыі, а таму добры па-свойму. Мы ж былі выхаваны на пераадоленні вечных “нельга”, “непрыстойна”: Булгакава чыталі ў самвыдаце, рэпрадукцыі Далі гарталі пры зачыненых дзвярах... А прайшлі гады — і глядзіш на ўсё праз іншыя акуляры...

Але чаму тады зараз творчыя людзі ўсё часцей кажуць пра тое, што яны не могуць рэалізавацца? Урэшце, гэта гучала, я думаю, ва ўсе часы, бо па-сапраўднаму творчы чалавек, які думае, ніколі не акажацца задаволены сабой, і бурчанне — адзін са складнікаў ягонай натуры. А эксперыменту заўсёды ёсць час.

Ну, пачыналі ж мы відэаавангард у старой літдраме (літаратурна-драматычнай рэдакцыі) на Беларускім тэлебачанні, калі галоўныя рэдактары палохалі і літаральна вытраўлівалі дустам усё ім не зразумелае... Але ж мы выжылі! Да гэтага часу ў фондах ляжаць мае работы на вершы ды апавяданні Дзмітрыя Строцава. І гэта тады, калі вершы з экрана чыталі толькі з выражэннем... Тады за яго “вершаспеў” ды шапку валасоў на галаве мяне пясочылі калегі на лятучцы, а сёння яны ж у таго самага Дзімы ў сябрах на Фэйсбуку. Мяне гэта вельмі забаўляе. Неяк бачыла фрагменты сваёй “Пралескі” — тэленавелы па навеле ж Строцава. Яго і сёння некаторыя дзеячы спрабуюць выкарыстоўваць ды прысвоіць сабе, тыражуюць. І гэта, па шчырасці, замілоўвае. Значыць, калісьці нешта атрымалася… Але калі ў чалавека і зайшло далёка з немагчымасцю самарэалізацыі, я параіла б спыніцца ды зазірнуць у сябе, нешта змяніць ва ўласнай натуры. Папрацаваць над сабой — гэта як перагледзець гардэроб у перапоўненай шафе, калі “няма чаго апрануць”, паставіцца да сябе з гумарам, адхіліцца ад “забранзавеласці” натуры...

Ну а калі сур’ёзна, дык неабходна навучыцца кіраваць сваімі амбіцыямі. Без іх ніяк, але і той выпадак, калі яны завышаны, — гэта пачатак хваробы саманезадавальнення. Неабходна вучыцца аб’ектыўна ацэньваць сябе, перастаць слухаць пустую пахвальбу ды спыніць удзел у міжсабойчыках. Лепш адасобіцца і паглядзець на ўсё збоку. Гэта сапраўды выцвярэжвае. Ва ўсім мусіць існаваць мера, хуткіх вынікаў не бывае.

Разам з тым я не думаю, што на кіно моцна ўплывае час. Кіно па-ранейшаму робяць людзі, а значыць, яно калі і змяняецца, то — разам з намі, з нашымі жыццём ды падзеямі, якія атачаюць і хвалююць. Ці — не хвалююць аніяк. Я зараз не маю на ўвазе ўкід новых тэхналогій. Тое, што яны з’яўляюцца з хуткасцю святла, — гэта выдатна. Але мне не хапае мастацкасці ў кіно, і калі яе здараецца ўбачыць — не так страшна становіцца за заўтрашні дзень. Асабліва ў сувязі з тэндэнцыяй у аўтарскім кіно здымаць па прынцыпе “што бачу — пра тое і спяваю”. Гэта мяне не задавальняе. Мне вельмі шкада, што менавіта гэткае кіно карыстаецца цяпер попытам ды папулярнасцю і атрымлівае ацэнку крытыкаў. На такую пошасць стала пакутаваць і мастацкае кіно. Калькіраванне рэчаіснасці — гэта зусім не годная доля для мастацтва.

А яшчэ, на мой погляд, нас псуе тое, што мы пачынаем ставіць сабе ў заслугу тое, што цяпер беларуская пляцоўка з'яўляецца для многіх месцам постпродакшна. На гэтым цяпер шматлікія прадзюсары пачынаюць спекуляваць. Вымываецца пачуццё самадастатковасці ў маладых. Вось у гэтым я бачу небяспеку — у страце аблічча беларускага кіно, якое так і не можа такім, сфарміраваным ды пазнавальным, пахваліцца. А школа ж была, зачын меўся... Ды нешта ўсё разгубілася. Не даражылі, думалі, запас акажацца вечным. Ды не, крыніцы вечнымі бываюць толькі ў казках…

Занатавала Кацярына ЛЯОНАВА