Вось каб без паблажлівасці…

№ 8 (1186) 21.02.2015 - 27.02.2015 г

Уладзіслаў МІСЕВІЧ, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь
Ёсць у мяне думкі з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. Мо крыху незвычайна чуць развагі пра мову ад мяне, які не быў “заўважаны” ў яе актыўным выкарыстанні. І ўсё ж...

/i/content/pi/cult/523/11271/5-2.jpgУ вагоне цягніка “Масква — Мінск” снежаньскім днём 1962 года я пабойваўся, што не зразумею беларускай мовы, але хутка разабраўся: менавіта на гэтай мове, па сутнасці, і размаўляла мая арэнбургская бабуля, ураджэнка беларускіх краёў. Але ўдзельнікаў “Песняроў” так ці інакш у Беларусі папракалі (прынамсі, гуманітарыі) у індыферэнтнасці да беларускай мовы па-за сцэнай. Так, у маім выпадку, напэўна, можна казаць хіба аб уяўленні пра яе асаблівасці. А ці змог бы я сёння (ці раней) вывучыць беларускую мову? Мяркую, свабодна загаварыў бы праз колькі дзён практыкі. Але што павінна стаць стымулам? Зручна размаўляць на той мове, на якой думаеш, усведамляючы, калі, дзе і з кім тое рабіць. З часам моўнае пытанне я вырашыў для сябе так. У Нарвегіі або Швецыі мне дастаткова англійскай мовы для побыту і працы. А на якой мове падаецца большасць песень на “Еўрабачанне”? А ўдзельнікі шоу кшталту расійскага “Голасу” з бліскучымі ўзорамі сусветнай музыкі ў асноўным на якой мове працуюць? Паўсюль — англійская ў поп-культуры! Калі б беларуская мова заняла хоць частку такой прасторы... Але яе там няма — з гістарычных прычын.

Безумоўна, “Песняры” стварылі каштоўнасць менавіта ў прасторы беларускай мовы, самі адбыліся і дзякуючы мове, на якой спявалі. Але гэта ўсё ж такі першы крок, хаця не кожны крок у культуры захоплівае жыхароў адной шостай часткі сушы. Ды я пастаўлю сустрэчнае пытанне пра беларускую мову на адрас тых, хто агучвае праблему яе выкарыстання ў нашым грамадстве. Што сёння на ёй ствараецца ў навуцы, культуры, мастацтве такога, каб зацікавіць англічаніна, кітайца, немца? І ў чым прычына такога стану рэчаў? У нас саміх. Бо мы нярэдка рэагуем на беларускую мову, скажам так, з паблажлівасцю. Але ж трэба, каб яна гучала нароўні з іншымі мовамі з вуснаў кожнага беларуса, дзе б той ні знаходзіўся.

Вось я сабраў неяк на дыск новыя беларускамоўныя песні ансамбля “Беларускія песняры” (той жа джазавы “Ручэй” на вершы Якуба Коласа) і выправіўся па радыёстанцыях. Мне наўпрост казалі: нам гэта не патрэбна. Вось і прасоўванне беларускай мовы і песні на FM-станцыях… Цікава, што з такім жа стаўленнем сутыкнуўся наш Аляксандр Кацікаў, калі выдаў альбом “Жывём!” на вершы Ларысы Геніюш. Прынёс ён у адну з беларускамоўных арганізацый паўсотні дыскаў, каб бясплатна распаўсюдзілі сярод “неабыякавых”, зацікаўленых людзей. Але клерк нават не прыняў дыскі: маўляў, іншых спраў хапае...

Праўда, у адказ на мае развагі лагічна пачуць заключэнне кагосьці з чытачоў: вось вы, музыканты, а менавіта — музыканты “Песняроў”, “Беларускіх песняроў”, і павінны ствараць, несці гэтыя каштоўнасці, у тым ліку праз мову. Я ўпэўнены: абодва ансамблі зрабілі ўсё, што маглі. На піку вядомасці “Песняроў” можна было палову Савецкага Саюза навучыць беларускай мове! Але ў самой рэспубліцы, нават у “залатыя” гады “Песняроў”, усплёск музычнай папулярнасці, па сутнасці, так і не прывёў да маштабнай цікавасці саміх жыхароў да мовы. Момант упушчаны, і новага такога на сваім веку і не згадаю...

Так, не гаворым мы па-беларуску. Вініцца тут няма ў чым, але і парадокс відавочны. Праўда — з усё тымі ж гістарычнымі абставінамі. А спрабаваць змяніць штосьці ў такой сітуацыі — марная трата часу, якога, па сцэнічных мерках, у нас не так ужо і шмат. Але для мяне і сёння прыклад няўдачы ў “заляцанні” з мовай — “песняроўская” песня на вершы Валянціна Тараса “Дзве мовы ў мяне” з макаранічнымі радкамі: па-руску і па-беларуску. Пры ўсёй музычнай і вакальнай прыгажосці выдатнага твора, для слухача спалучэнне аказалася неарганічным.

На сольным канцэрце “Беларускіх песняроў” з аркестрам у мінскім Палацы Рэспублікі з усіх выкананых кампазіцый вялікая частка (па асабістым выбары маладога дырыжора Аляксандра Ліпніцкага, дарэчы, і без якога-небудзь дыктату “зверху” або з нашага боку) складалася з нумароў перыяду апошніх пятнаццаці гадоў. І нават тут палова была — беларускамоўныя песні. А цяперашняя сітуацыя, у тым ліку — патрабаванні пэўнай часткі публікі, схіляе ансамбль да старога “песняроўскага” і праверанага “постпесняроўскага” рэпертуару, дзе такіх работ у суме будзе менш. Проста ўжо не маем адпушчанага нам часу на сцэне, каб змяніць сітуацыю. Хоць у рэпертуар ансамбля беларускамоўных песень прапануецца больш, ды не ўсе яны ўваходзяць у праграму выступленняў. Таму гэтае ўмоўнае “менш”, што ацэньваецца па запісах і канцэртах, — не нашмат прынцыповае. Больш сумленна казаць не пра мову, а пра мастацкую вартасць кампазіцыі. Вось вам і баланс, вось і спосаб адбору, захаваны з “песняроўскіх” часоў.

Мы настолькі ж сур’ёзна ставімся да беларускай тэмы, як і раней, у “Песнярах”, а можа, больш сур’ёзна. Таму, што нас ацэньваюць ужо па крыху іншых крытэрыях, сярод якіх, на жаль, і далёка не музычныя. Таму, што самі даследавалі гэтае пытанне, разважалі, шукалі шляхі. І такія падыходы прыносяць плён. Да прыкладу, маскоўская публіка, як гэта ні дзіўна, просіць выконваць песні нацыянальнага рэпертуару, што вызначае ансамблі (“Песняры” і “Беларускія песняры”). “І — больш на беларускай мове!” — дадаюць арганізатары канцэртаў у суседзяў…

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах