“Крык душы!” ад… “мёртвых душ”?

№ 10 (1188) 07.03.2015 - 13.03.2015 г

Дом культуры Давыд-Гарадка: скаргі, невядомыя падпісанты і 110 мільёнаў рублёў на платных паслугах
“Крык душы!” Менавіта такі загаловак меў ліст, які прыйшоў у нашу газету пару тыдняў таму. У допісе распавядалася пра гаротнае становішча сферы культуры Давыд-Гарадка, што ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці. Больш дакладна, пра стан і дзейнасць — ці, як сцвярджалася аўтарамі скаргі, поўную бяздзейнасць — супрацоўнікаў мясцовага Дома культуры. Допіс гэты, шчыра кажучы, здзівіў. “К” даволі часта бывала на Століншчыне і не аднойчы пісала пра дзейнасць мясцовых культработнікаў. Неаднойчы завітвалі мы ў Гарадную, слынную сваімі ганчарамі, у Цераблічы з унікальным для Беларусі этнаграфічным музеем пад кіраўніцтвам народнага майстра Беларусі Івана Супрунчыка. Пісалі і пра згаданы ў лісце Давыд-Гарадок, дзе кожны ахвотны заўсёды знойдзе для сябе нешта цікавае — ад старадаўняга абраду “Конікі” і драўлянай Георгіеўскай царквы XVIII стагоддзя — тыповага ўзору палескага дойлідства — да старажытнага замчышча…

/i/content/pi/cult/522/11265/10-1.jpg

 

 

Так выглядае Давыд-Гарадоцкі ГДК, што месціцца ў былым касцёле. / Фота аўтара

“Работа не вядзецца”

Але не пра гэтыя цікавосткі ў маім артыкуле. Спачатку распавяду пра тое, што ж за інфармацыя змяшчалася ў лісце. Перадрукоўваць яго цалкам не мае сэнсу, таму адзначу толькі самае асноўнае, у перакладзе на беларускую мову і з захаваннем аўтарскага стылю і напісання асобных слоў. Напрыклад, як сцвярджаецца ў допісе, “у нашым горадзе культура становіцца бескультур’ем. Культура падае ўсё ніжэй і ніжэй. А ўся справа ў тым, што ў нашым Доме культуры, дырэктарам якога з’яўляецца Шыкунец Міхаіл Уладзіміравіч з адукацыяй педагога, а намеснікам яго пастаўлены чалавек увогуле без усякай адукацыі. На сёння ў Доме культуры працуе толькі два чалавекі — дырэктар і намеснік.”

Але галоўнае, пра што гавораць аўтары В.Бесчан, В.Сеген, А.Місюра, А.Харашун, Е.Стахейка (менавіта такія ініцыялы і прозвішчы пазначаны напрыканцы ліста побач з подпісамі), — гэта тое, што “праца ў мясцовым доме культуры не вядзецца”.

“У нашым доме культуры ніякай працы не вядзецца, ні адзін гурток не вядзецца, хаця на паперы, напэўна, усё ёсць. Наглядны прыклад: 31 снежня — Навагодні баль-маскарад, квіткі прадаваліся па 20 тыс. рублёў, пытанне: за што? За тое, што музыка ў Доме культуры зайграла толькі ў гадзіну трыццаць, хаця павінна была зайграць у гадзіну ночы. Моладзь блукала з кута ў кут. Ніякай гульнёвай, забаўляльнай праграмы не было, нават Дзед Мароз не выйшаў, каб павіншаваць моладзь з Новым Годам. А ўся прычына ў тым, што ладзіць гэтыя мерапрыемствы няма каму. Сам дырэктар, шматпаважаны Шыкунец, быў заняты асабістымі справамі, г.зн. граў карпаратыў у кафэ “Купеческом”. Яго цікавіць больш за ўсё асабістая карысць, там, дзе плацяць. Пры гэтым выкарыстоўваецца апаратура Дома культуры (светламузыка, мікрафоны і г.д.). А правая рука, нам. дырэктара Сандо сядзела на кантролі, а жонка дырэктара на касе. І неаднаразова можа сядзець на касе школьніца, дачка дырэктара, непаўналетняя. Так што ладзіць культурныя мерапрыемствы няма каму.”

Што і казаць, абвінавачанні сур’ёзныя. І пры ўмове, што яны не галаслоўныя, аўтарам варта было звяртацца наўпрост у кантралюючыя органы. Забягаючы наперад, адзначу, што менавіта так яны і зрабілі…

Аўтары допісу пішуць і пра ўжо згаданы мною абрад “Конікі”. “Другі прыклад — нашы Давыд-Гарадоцкія “Конікі”. Дзякуй калектывам раёна, прыехалі-выступілі з канцэртнай праграмай, далей з 1 да 4 раніцы пачаліся танцы ў Доме культуры. Але якія? Ізноў жа білеты былі па 20 тыс. Зал быў бітком набіты, але ўсё паўтарылася тое ж, што і 31 снежня. Культурна-забаўляльнай праграмы не праводзілася. Музыка бясконца перарывалася, нешта псавалася. Сярод моладзі пачалося раздражненне-паніка. Так урэшце рэшт танцы былі закрыты ў 2:30 раніцы, хаця ў аб’яве дыскатэка была да 4 раніцы. Ні квіткоў, хоць яны ніколі не перарываюцца, а пасля ідуць па другім крузе, ніякіх кантрамарак моладзі ніколі не даецца. За што мы плацім такія грошы? І ў іншыя святочныя і выходныя дні ніякіх мерапрыемстваў не ладзіцца."

Напрыканцы ліста “жыхары горада Давыд-Гарадка” просяць рэдакцыю праверыць усе факты і дапамагчы разабрацца ў сітуацыі. “Няўжо аддзел культуры не бачыць усё гэта? Бачыць, але заплюшчвае на ўсё гэта бязладдзе вочы. Нам у доме культуры патрэбны спецыялісты, якія будуць балець і падымаць культуру, а не апускаць яе ўніз і набіваць пры гэтым сабе кішэні. Хто дае дырэктару ў рабочы час права граць карпаратывы і вяселлі?” — такім пытаннем заканчваюць аўтары свой допіс.

Новы год з дзі-джэямі

Натуральна, на рэдакцыйнай планёрцы было вырашана пабываць у Давыд-Гарадку. Урэшце, столькі подпісаў не могуць аказацца, кажучы сучаснай мовай, “фэйкам”. Таму прыведзеныя ў скарзе факты патрабавалі праверкі.

Што ж, вырашана — зроблена. Начны цягнік да Пінска, паездка на маршрутцы спачатку ў Столін, а пасля і ў Давыд-Гарадок — і вось я каля згаданага ў лісце гарадскога Дома культуры… Дарэчы, цікава, што гэты ГДК знаходзіцца ў будынку колішняга касцёла, таму, натуральна, капітальных рамонтаў у ім не было з паваенных часоў… Як ніяк, гісторыка-культурная каштоўнасць.

На ганку Дома культуры я сустрэўся з дырэктарам установы — Міхаілам Шакунцом. Аказалася, што з ім я быў знаёмы: амаль шэсць гадоў таму наша газета ладзіла велапрабег па Брэстчыне, пад час якога мы завіталі і ў Давыд-Гарадок… Пісалі і пра слабую матэрыяльную базу мясцовых устаноў культуры, і пра турыстычную прыцягальнасць мястэчка, і пра дзейнасць гарадскога Дома культуры…

Але ўсё гэта — амаль гісторыя. Таму скіруюся да сучаснасці — да той справы, дзеля якой наведаў горад. Як аказалася, многія — калі не ўсе — факты, выкладзеныя ў атрыманай рэдакцыяй скарзе, аказаліся, мякка кажучы, неадпаведнымі рэчаіснасці, або скажонымі. Мяркуйце самі.

Па-першае, дырэктар Дома культуры Міхаіл Шакунец мае не толькі педагагічную адукацыю, а яшчэ і спецыяльную — вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Мае адукацыю і ягоная намесніца — яна скончыла Мсціслаўскае вучылішча па спецыяльнасці вітражыст-афармляльнік.

Навагодняе свята. Па словах Міхаіла Шакунца, мерапрыемства ладзілася паводле плана. І тое, што на ім не было Дзеда Мароза — гэта не пралік арганізатараў: менавіта так усё клубнікамі і было задумана.

— Справа ў тым, што мы хацелі адысці ад звыклай формы навагодніх вечароў, — тлумачыць Міхаіл Шакунец. — Таму ў нас і не было Дзеда Мароза. Навошта ён, калі дыскатэку ў Доме культуры ладзілі ў той час ажно чатыры дзі-джэі? Гэта цікава моладзі, запатрабавана і ідзе "на ўра". А мы імкнёмся ўлічваць пажаданні нашых наведвальнікаў.

Дарэчы, пра пошукі ды новыя формы работы з той жа моладдзю ў ГДК Давыд-Гарадка мне распавядалі шмат. І пра танцавальныя вечарыны, і пра працу шматлікіх аматарскіх аб’яднанняў — тут іх пятнаццаць, — і пра дзейнасць творчых калектываў, два з якіх маюць званне “народны“, і пра свае інавацыі па прыцягненні моладзі… Гэта, мабыць, таксама тэма, але для іншага, асобнага артыкула, бо скарга ёсць скарга…

Але абавязкова адзначу вось што. Пра тое, што інавацыі клубнікаў сапраўды прыносяць плён, сведчыць толькі адна лічба. Так, за мінулы год супрацоўнікі зарабілі на платных паслугах ажно 110 мільёнаў рублёў. Гэта, дарэчы, другі вынік у раёне. На першым месцы па аказанні платных паслуг насельніцтву толькі галоўная ўстанова культуры Століна. Факт, лічу, досыць красамоўны.

Гэта я да таго, што той сказ у лісце, дзе гаворыцца аб “левых” квітках на дыскатэку, як сведчаць лічбы, — не вытрымлівае крытыкі. Бо ў адваротным выпадку наўрад ці паказчыкі платных паслуг ва ўстанове культуры былі б перавыкананы на 125 працэнтаў у параўнанні з 2013-м годам…

Дарэчы, дырэктар установы ў тую навагоднюю ноч быў на сваім рабочым месцы, а не граў карпаратыў, як сцвярджаюць аўтары ліста. Ягоную прысутнасць засведчылі не толькі шматлікія наведвальнікі ГДК, але, у тым ліку, і кантралюючая камісія са Столінскага райвыканкама, якая наведвала ўстановы культуры раёна…

/i/content/pi/cult/522/11265/10-2.jpg

 

Такія анкеты для маніторынгу якасці культурных паслуг прапанавалі школьнікам Давыд-Гарадка.

“Конікі” не ў гуморы

Што да свята “Конікі“, якое традыцыйна ладзілася ў Давыд-Гарадку ў ноч з 13 на 14 студзеня, дык і тут сцверджанні аўтараў ліста фактычна не супадаюць з рэальнасцю. Справа ў тым, што абстаноўка ў ГДК тым днём аказалася не зусім спакойнай:

— У нашу залу прыйшло шмат людзей, сярод якіх многія былі, так бы мовіць, “падагрэтыя” не толькі танцамі, — тлумачыць Міхаіл Шыкунец. — Таму зрэдку, па патрабаванні міліцыі, нам даводзілася перапыняць дыскатэку, каб супакойваць і выводзіць з ГДК няпрошаных гасцей.

Вось адсюль — і перапынкі ў правядзенні дыскатэкі, адключэнне музыкі і гэтак далей. І менавіта па гэтай прычыне святочная імпрэза скончылася не а 4-й раніцы, а раней. Што ж, цалкам лагічна: калі пэўны кантынгент наведвальнікаў не ўмее сябе паводзіць прыстойна, варта думаць пра бяспеку іншых і прымаць рашэнне менавіта на іх карысць…

А ці сядзіць часам на касе дачка дырэктара? Па словах Міхаіла Шыкунца, гэтая інфармацыя ў скарзе таксама не адпавядае рэчаіснасці. Праўда, з касірам ва ўстанове культуры сапраўды ёсць праблемы: такой пасады ў ГДК да апошняга часу не было. Таму намеснік дырэктара Галіна Цанда (а не Сандо, як пададзена ў лісце), сапраўды магла сядзець на кантролі і выдаваць квіткі наведвальнікам. Бо нікому іншаму гэта і немагчыма было больш рабіць… Дарэчы, на сёння агучаная праблемная сітуацыя вырашына. Нядаўна ў Доме культуры Давыд-Гарадка ўведзена на чвэрць стаўкі пасада касіра.

Што ж да апаратуры, якую, як быццам, выкарыстоўвае дырэктар установы культуры на сваю карысць, дык і гэты факт “кульгае” на абедзве нагі. Сапраўды, у мясцовым ГДК на сёння ёсць два камплекты гукаўзмацняльнага і светлавога абсталявання, але адзін з іх уманціраваны ў сцены будынка і, натуральна, не прыстасаваны для перавозкі ці перасоўвання. Іншы выкарыстоўваецца пад час аказання паслуг у сельскай мясцовасці і, натуральна, быць прыдатным для сучаснай дыскатэкі наўрад ці можа…

Да слова, сам Шыкунец мае пасведчанне індывідуальнага прадпрымальніка і сапраўды аказвае культурныя паслугі насельніцтву на карпаратывах і вяселлях. Але ў яго ёсць асабісты камплект апаратуры, які час ад часу даводзіцца выкарыстоўваць культработніку і для правядзення агульнагарадскіх мерапрыемстваў. Так што скарга на тое, што дзяржаўнае абсталяванне працуе на прыватную асобу, тут наўрад ці да месца…

Праверкі ды анкетаванні

Каб канчаткова закрыць тэму, адзначу, што падобныя лісты, якія атрымала рэдакцыя “К”, былі разасланыя “добраахвотнікамі” на адрас старшыні Столінскага райвыканкама, а таксама ў аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі раённага аддзела ўнутраных спраў….

Таму Міхаіла Шыкунца ўжо не аднойчы выклікалі ў райцэнтр, шмат разоў да яго прыязджалі разнастайныя камісіі, якія правяралі ўсю ягоную дзейнасць і ў творчым, і ў эканамічным аспектах, а ў мясцовых школах было нават праведзена анкетаванне наконт хібаў у працы культработнікаў… Але ніякіх парушэнняў не выявілі.

Да прыкладу, як пацвердзіў мне опер-упаўнаважаны аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Столінскага РАУС Павел Буян, прыведзеныя ў ананімках факты не пацвердзіліся. Ды і супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, якія таксама правяралі працу дырэктара, і з якімі я меў вельмі доўгую гутарку, ніякіх заган у ягонай дзейнасці не знайшлі…

Самае цікавае, што ўсімі названымі камісіямі і кантралюючымі органамі так і не былі знойдзены тыя “добраахвоты”, якія дасылалі лісты. Так, некаторыя з прозвішчаў, якія прыведзены ў гэтых допісах, у Давыд-Гарадку ёсць. Але ініцыялы гэтых людзей не супадаюць з тымі, што напісаны ў лістах… Тыя ж, што супадаюць, — увогуле… памерлі ўжо… Вось такі сюжэт для “Мёртвых душ” на новы лад…

Між тым, згодна з загадам па аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама, дырэктару ГДК Давыд-Гарадка і ягонаму намесніку аб’яўлены заўвагі са зняццем 50 працэнтаў прэміі аплаты. І гэта, заўважу, зроблена нягледзячы на тое, што факты, прыведзеныя ў лісце, так і не пацвердзіліся… Так што пэўнай мэты няўлоўныя мсціўцы ці, як вынікае з логікі развіцця падзей, банальныя ананімшчыкі, усё ж такі дасягнулі… Не кажучы ўжо пра тое, што нервы Міхаілу Шакунцу яны папсавалі надоўга…

У якасці заключэння

Міхаілу Шакунцу сапраўды не пазайздросціш. А лісты ў рэдакцыю, дзе няма хоць часткі даных пра адрасата (ці апошнія не пазначаны наогул), неабходных паводле рэгламентуючых дакументаў для паўнавартаснага разгляду ўзнятых там пытанняў, будзем, у адпаведнасці з заканадаўствам, разглядаць як ананімкі. А, як вядома, ананімкі, атрыманыя ў розных арганізацыях, павінны адпраўляцца туды, дзе ім самае месца — у сметніцу.

Прынамсі, менавіта гэтым і будзе ў далейшым кіравацца рэдакцыя “К“. Таму наступным разам, калі да нас прыйдзе ліст-скарга, звернем увагу на зваротныя адрасы, прозвішчы і імёны, тэлефоны і іншыя сродкі сувязі з адрасатам. І толькі пасля таго, як пацвердзім наяўнасць аўтараў допісу, будзем выязджаць і рэагаваць на падобныя паведамленні як у папяровым, так і ў электронным фарматах… Іначай на месцах нас так і будуць чакаць адно толькі “мёртвыя душы”… Чаго нам, натуральна, вельмі не хацелася б.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"