Філарманічны “мікст” з “нясумнай класікай”

№ 10 (1188) 07.03.2015 - 13.03.2015 г

Аксана НОВІКАВА, салістка Віцебскай абласной філармоніі
Сёння, пры вялізным інфармацыйным полі і ягонай даступнасці, што не залежыць ад месца жыхарства (пагадзіцеся, у інтэрнэт-прастору можна выходзіць літаральна з любой вёскі, было б жаданне), як ніколі важная схільнасць творчых асоб і канцэртных арганізацый да эксперыменту. Звычайнымі выступленнямі ўжо не здзівіць.

/i/content/pi/cult/522/11260/5-3.jpgТрэба ўвесь час шукаць штосьці новае, спрабаваць сябе ў іншых, часам нечаканых іпастасях. Часта можна пачуць, да прыкладу, хіты мінуўшчыны ў сучаснай апрацоўцы, бо кожная эпоха ўносіць карэктывы і ў нашае ўспрыманне музыкі, і, адпаведна, у выканальніцтва. А чаму б не зрабіць наадварот — перанесці веды і вопыт, напрацаваныя ў акадэмічнай сферы, на эстраду? Спяваў жа Муслім Магамаеў песні! Дый увесь напрамак эстрады патрыятычнага кірунку быў цалкам звязаны з акадэмічным вакалам. Але чаму толькі гэты кірунак, чаму не іншыя? Толькі не трэба казаць спевакам: маўляў, гэта не ваш фармат. Бо іначай Мікалай Баскаў будзе заставацца ў ганарлівай адзіноце, хаця тая ж Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі штогод выпускае шмат добра адукаваных, падрыхтаваных і моцных музыкантаў, у тым ліку вакалістаў. А далей — як складзецца жыццё, а гэта своеасаблівая латарэя…

Яшчэ адна сфера, якую маглі б шырэй распрацоўваць філарманічныя салісты, звязана з музычным тэатрам. У Віцебскай філармоніі (як, спадзяюся, і ў іншых) увасабляюцца дзіцячыя оперы. У нас, напрыклад, ідзе “Каралеўскі бутэрброд” расійскага кампазітара Георгія Партнова. Ішла гэтая опера і ў сталіцы, разам з некалькімі дзіцячымі операмі беларускага кампазітара Уладзіміра Саўчыка. Гэта цудоўна! Але чаму толькі для дзяцей? Чаму не для дарослых таксама? Мне як артыстцы вельмі хацелася б, каб на сцэне філармоніі з’явіўся б не проста канцэрт, а музычны спектакль ці нават мюзікл. Думаю, гледачам гэта было б даспадобы.

Падзялюся ўласным вопытам падрыхтоўкі і правядзення нядаўняга сольнага канцэрта, прымеркаванага да Дня ўсіх закаханых. Звычайна я выконваю акадэмічны рэпертуар, а тут захацелася творча “пагарэзіць” і выканаць не столькі прызнаныя шэдэўры, колькі творы жартоўныя, сугучныя духу сучаснасці, нашаму часу. Назва вечарыны была абрана з вядомай знаўцам класікі “спасылкай” на аднайменны вакальны цыкл Роберта Шумана — “Каханне і жыццё жанчыны”. Але ж усё было зразумела і без гэтых паралеляў! Хацелася паказаць Жанчыну — шматгранную, са сваім унутраным светам і талентам. Бо жанчына — гэта сімвал кахання, прыгажосці, мары і жыцця.

Я ўдзячна Віцебскай абласной філармоніі за такую магчымасць эксперыментаваць, шукаць новыя жанры для іх увасаблення на нашай сцэне. Не сакрэт, што сёння на філарманічныя канцэрты часцей прыходзіць публіка старэйшага ўзросту. Маладое ж і сярэдняе пакаленні заклапочаны тым, каб многае паспець. Думаю, такое дынамічнае ўспрыняцце жыцця ў гэтым актыўным узросце — таксама прычына таго, што не стае часу крыху спыніцца ды паразважаць, паслухаць ды палюбавацца.

Дынаміка жыцця цягне за сабой і дынаміку забаў, адпачынку. Класічная ж музыка патрабуе роздуму і суперажывання. Ці магчыма гэта сумясціць? Упэўнена, што так. Кпіны на “разбэшчаную” моладзь ні да чаго не прывядуць, толькі яшчэ больш паглыбяць мяжу між пакаленнямі. А вось пошукі разнастайных “мікстаў”, новых для філармоніі твораў і жанраў, гэткай “нясумнай класікі” ў яе нечаканых інтэрпрэтацыях могуць даць плён.

Занатавала Ірына ШАГАЛЕЕВА