Пакупнік на… юбілей

№ 10 (1188) 07.03.2015 - 13.03.2015 г

Аркадзь БЕРЫН, дырыжор
“Юбілейная” сістэма, што склалася за савецкім часам і прадугледжвала шэраг дзяржаўных “дацкіх” мерапрыемстваў, прымеркаваных да круглай даты, развалілася яшчэ ў пачатку 1990-х. Правядзенне канцэртаў такога кшталту стала справай рук саміх юбіляраў ці іх прыхільнікаў. Таму замежны досвед у гэтай галіне — папраўдзе неацэнны!

/i/content/pi/cult/522/11258/5-1.jpg19 лютага маштабнай вечарынай у Палацы Рэспублікі мне давялося адзначыць сваё 70-годдзе. Усе арганізацыйныя клопаты ўзяў на сябе сын Максім, які ўзначальвае ўласную кампанію. Звернем увагу на некаторыя дэталі гэтага гала-канцэрта, на якіх маглі б павучыцца і нашы арганізатары.

Пры бліжэйшым разглядзе юбілей аказваецца падвойным, на чым і будуецца яго рэклама. Скажам шчыра: імя дырыжора-акадэміста, добра вядомае беларускім аматарам класікі, нічога не кажа прыхільнікам расійскай папсы, якіх сярод публікі нятаннай залы Палаца Рэспублікі — пераважная большасць. Таму ў цэнтры афішы — імя Аляксандра Малініна. Дый у анонсах акцэнтуецца, што на яго “Сярэбраны баль” у Маскве білетаў ужо няма, затое мелася магчымасць паслухаць спевака ў нас, ды яшчэ з аркестрам! Другое імя на афішы — народнага артыста Малдовы Канстанціна Масковіча (славуты выканаўца стаўся талісманам многіх нашых фестываляў). Трэцяе — пераможцы расійскага тэлепраекта “Голас”, нашага суайчынніка Сяргея Валчкова (яго “прасоўванне” — яшчэ і справа нацыянальнага гонару). І разам з імі — дырыжор Берын, які ў свой юбілейны вечар кіруе двума вядучымі філарманічнымі калектывамі краіны: Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам і Дзяржаўным камерным хорам Беларусі (а гэта не што іншае, як папулярызацыя акадэмічных музыкантаў, якім аказваюцца падуладныя ўсе кірункі ды стылі).

Праграма — адпаведная: папулярная класіка, вядомыя мелодыі з аперэт, мюзіклаў, кіно (у тым ліку складзеныя ў “фантазіі на тэмы”), рамансавая лірыка.

Беларускія музыканты маюць цудоўную падрыхтоўку. Справа не ўва мне адным. Паглядзіце, колькі вакалістаў, інструменталістаў ды — шырэй — прадстаўнікоў усіх мастацкіх спецыяльнасцей не проста працуе ў замежжы, а становіцца там зоркамі! Бо наша сістэма выхавання прадугледжвае выяўленне юных талентаў, далейшую паслядоўнасць у навучанні, раннюю спецыялізацыю, скіраваную на набыццё прафесійных навыкаў. Гэтая сістэма складалася гадамі і цалкам апраўдала сваё прызначэнне. А вось з менеджментам у сферы культуры Беларусь, на жаль, пакуль адстае ад еўрапейскіх краін. Там арганізацыя гастролей і канцэртаў знаходзіцца на куды больш высокім узроўні: мастацтва, вартае таго, каб да яго далучылася публіка, абавязкова знаходзіць свайго спажыўца, бо за гэта таксама бяруцца прафесіяналы.

Пэўна, на постсавецкай прасторы ўсё яшчэ дзейнічаюць, нават дзесьці на ўзроўні падсвядомасці, былыя пастулаты: маўляў, сапраўднае мастацтва не прадаецца. У некаторым сэнсе, так. Але білеты на тыя ж музычныя праграмы — справа іншая. Тут патрабуецца найперш уменне… не прадаваць, а распаўсюджваць інфармацыю. Ды яшчэ так, каб набыццё білетаў і далейшае наведванне канцэртна-тэатральнай залы прыносіла гледачам-слухачам адно асалоду. Свайго спажыўца сёння ў стане мець любая музычная з’ява краіны. Пакупнік — знойдзецца, як толькі будзе знойдзены… нават не вытворца (а ў нашым выпадку — творца), а прафесійны “прадавец”.

Мне сапраўды пашчасціла! Не магу скардзіцца на лёс, але ў ранейшыя часы я ніколі не меў такой колькасці выступленняў з лепшымі аркестрамі свету, як цяпер. Не заклікаю беларускіх музыкантаў з’язджаць са сваёй Радзімы — ні ў якім выпадку! Але мару, што арганізацыйны бок музычных імпрэз, якія ладзяцца беларускімі гаспадарамі, рэзка пойдзе ўгару. Бо прывабны для публікі “прадукт” — без усякага сумневу, ёсць. Засталося хіба “спакаваць”!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"