Іх засталося толькі пяць

№ 10 (1188) 07.03.2015 - 13.03.2015 г

Фальклор знікае, бо ад яго не патрабуюць развіцця?
Сёння шмат людзей займаецца ў аматарскіх калектывах рознай скіраванасці. Так, адным з самых папулярных і распаўсюджаных кірункаў для такіх аб’яднанняў на Міншчыне да нядаўняга часу з’яўляўся фальклор. У 2003 годзе па вобласці актыўна дзейнічала 230 ансамбляў, ствараліся новыя тыпы ўстаноў культуры — дамы фальклору (на пачатку 2000-х — 11), дзе ўсе ахвотныя маглі дакрануцца да таямніц роднай культуры. Супрацоўнікамі гэтых устаноў арганізоўваліся этнаграфічныя экспедыцыі па зборы рэгіянальных традыцый, ладзіліся святы з народнага календара, збіраліся экспанаты для невялікіх этнаграфічных музеяў… Але на першае студзеня 2015 года дамоў фальклору засталося ў рэгіёне толькі пяць, і толькі адзін з іх быў рэарганізаваны ў іншую, шматпрофільную ўстанову культуры. Астатнія — зачынілі. І гэта сапраўдная праблема.

/i/content/pi/cult/522/11256/4-1.jpg

Дынаміка колькасці фальклорных калектываў Міншчыны за апошнія гады

З якой хуткасцю знікаюць фальклорныя калектывы, можна пабачыць на дыяграме. Так, у 2003 годзе, як я пісала, на Міншчыне было 230 ансамбляў, у 2010-м — ужо 196, у 2013-м — 157, у 2014-м — 136. Тэндэнцыя, як бачна, адмоўная, прычым, з кожным годам колькасць страчаных гуртоў павялічваецца ў разы. Сотні людзей выпадаюць з кола тых, хто збірае і захоўвае лепшыя ўзоры творчасці нашага народу.

Сярод асноўных чыннікаў такой сумнай сітуацыі на Міншчыне можна назваць наступныя: адсутнасць спецыялістаў, а таксама неабходных умоў для працы, нізкі прэстыж фальклорнага руху сярод культработнікаў.

Зараз крыху падрабязней пра кожную. Найбольш востра, на мой погляд, стаіць праблема недахопу спецыялістаў. Фальклор — шматпланавы кірунак дзейнасці, яму складана навучыцца па падручніках. Напрыклад, рэгіянальную манеру спеваў ці танцаў не завучыш па нотах, тут трэба пераймаць ад носьбітаў “з голасу ў голас”, “з нагі ў нагу”. Да таго ж, фальклорная спадчына заўжды рэгіянальная, прывязаная да ландшафту і гісторыі краю. Таму кіраўніку фальклорнага гурта мала мець выдатны музычны слых і добрую пластыку рухаў, ён павінен выдатна ведаць гісторыю і этнаграфію, шмат энергіі і часу аддаваць справе… Пагадзіцеся, у Беларусі знойдзецца не так шмат людзей, гатовых на такія намаганні. Не кажу ўжо пра тое, што заробак у падобнага спецыяліста будзе не надта вялікі, як і ў цэлым па сферы культуры краіны.

Вось таму фальклорных калектываў робіцца ўсё менш. Некаторыя знікаюць, некаторыя кідаюць працаваць з фальклорам, ператвараючыся ў ансамблі народнай песні (танца, музыкі). І, падаецца, вырашыць гэтую праблему не пад сілу адным культработнікам. У першую чаргу, тут патрэбны змены ў сістэме адукацыі, прычым не толькі ў вышэйшых навучальных установах, а пачынаючы, мабыць, яшчэ з дашкольных устаноў, з кадравай палітыкі, скіраванай на “вырошчванне” ў кожным рэгіёне сваіх спецыялістаў…

У сферы культуры Мінскай вобласці працэс знікнення фальклору стрымліваецца стварэннем аматарскіх аб’яднанняў фальклорнага профілю, клубаў аматараў фальклору пры клубных установах. У такой форме не патрэбны прафесійны кіраўнік: дастаткова актыўнай і працалюбівай асобы, якая аб’яднае вакол сябе ўсіх цікаўных. Канешне, аматарскія аб’яднанні ніколі не заменяць паўнавартаснага фальклорнага калектыву, але актыўная праца іх удзельнікаў дае плённыя вынікі. Так, клуб аматараў фальклору “Крынічанька” Хатлянскага СДК Уздзенскага раёна летась прымаў удзел у VI Рэгіянальным фестывалі фальклорнага мастацтва “Сугалоссе” нароўні з вядучымі фальклорнымі гуртамі Міншчыны.

Але недахопам мастацкіх кіраўнікоў кадравая праблема не вычэрпваецца. Яшчэ адзін галаўны боль — адсутнасць метадыстаў па фальклорным профілі. Не дапамагае вырашыць праблему і сістэма размеркавання пасля вучобы ў ВНУ. Маладыя спецыялісты, не зацікаўленыя пасадай, збягаюць пры першай жа магчымасці. А “спецыяліст па прымусе” часцей за ўсё выконвае службовыя абавязкі па прынцыпе “абы адчапіліся”.

Пытанне, што і казаць, досыць складанае. І зноў жа шляхі вырашэння я бачу ў сістэме адукацыі і ў кадравай палітыцы. Мне падаецца, дапамагла б праца “на ўдалёнцы”. З сучасным узроўнем камунікацыйных тэхналогій гэта цалкам магчыма. Спецыяліст па фальклоры мог бы дзейнічаць праз Інтэрнэт (электронная пошта, відэа-канферэнцыі і гэтак далей) са зручнага месца, а вольны час прысвяціць самаадукацыі, паездкам на раён і гэтак далей. Іншая справа, як гэта ўсё ўвасобіць на практыцы…

Пра наступную прычыну — адсутнасць умоў для працы. Клубныя ўстановы зачыняюцца па ўсёй вобласці ўжо не першы год — “дзякуй” аптымізацыі. Таму часцяком аматары фальклору збіраюцца па ўласных хатах. Напрыклад, на Любаншчыне ўдзельнікі фальклорнага аб’яднання “Вытокі” нават выкупілі будынак (праўда, ён без электрычнасці і іншых побытавых выгод), дзе зладзілі майстэрню, “выставачную залу” і зрабілі там месца для творчых сустрэч. Але такі выпадак — хутчэй выключэнне, чым правіла, і стаць рашэннем праблемы наўрад ці зможа.

Што да прэстыжу фальклорнага руху, дык тут назіраецца дзве тэндэнцыі. Першая, якая вельмі радуе: пачала расці цікавасць да традыцыйнай культуры сярод актыўнай моладзі. Другая, якая выклікае жаль і абурэнне: да дзейнасці фальклорных гурткоў месцамі ставяцца без асаблівай увагі. Большасць з іх успрымаецца як аздабленне падворкаў і “горада майстроў” на разнастайных святах і фестывалях ці пад час правядзення дажынак, зажынак і гэтак далей.

Зразумела, пры такім павярхоўным падыходзе нельга ад калектыву чакаць высокага выканальніцкага ўзроўню, прагі развівацца і “расці”. Паступова ансамбль абмяжоўваецца дзясяткам (у лепшым выпадку) “душэўных” песень і дзясяткам прыпевак. Большага ад іх, звычайна, і не патрабуецца.

А з іншага боку, нашы вядучыя ансамблі (“Вянок” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці, “Верабейкі” Любанскага раённага цэнтра культуры, “Калыханка” Міханавіцкага дому фальклору і некаторыя іншыя) — чаканыя госці на міжнародных фестывалях, майстар-класах, канцэртах. Жыхары Вільнюса, Кракава, Варшавы, Цюрыха і іншых гарадоў замежжа з вялікай пашанай ставяцца да іх творчасці...

Рашэнне праблемы бачу ў развіцці фестывальнага руху на Міншчыне, арганізацыі святаў і творчых сустрэч для аматараў фальклору. І тут на першы план выступае праблема фінансавання. Калі майстар, выстаўляючы свае працы на масавым мерапрыемстве, можа не толькі акупіць свае выдаткі на дарогу, а і зарабіць на продажы, то ў сферы фальклору гэта зрабіць цяжкавата.

Але, як мне падаецца, гэтую працу варта абавязкова распачынаць: праводзіць фальклорныя фестывалі не толькі местачковага ўзроўню, але і ў буйных гарадах, у сталіцы (параўнайце, да прыкладу, фестывальную карту Мінска або Кракава ці Вільнюса) з прыцягненнем спонсарскай дапамогі. “Вялікая сцэна”, як вядома, патрабуе вялікай адказнасці, а значыць, фальклорным калектывам давядзецца развівацца і павышаць свой узровень.

Акрамя таго, падобныя выступленні для шырокай публікі нададуць папулярнасць аматарскім калектывам, прыцягнуць увагу моладзі — а значыць, і новых удзельнікаў. Цалкам магчыма, што, развіваючы фестывальны рух сістэматычна і мэтанакіравана, праз некалькі гадоў сфера культуры зможа яшчэ і зарабіць на гэтым неблагія грошы. Па-першае, створыцца пэўная беларуская аўдыторыя, так бы мовіць, “выхаваецца” глядач, а, па-другое, фармат “open-air” на аўтэнтычным падмурку прыцягне ўвагу іншаземных турыстаў (канешне, пры ўмове якаснай арганізацыі мерапрыемстваў).

З гэтага таксама вынікае шэраг пытанняў, галоўнае з якіх — як знайсці тую мяжу, што аддзяляе “нажыву” на брэндзе аўтэнтычнай культуры ад захавання і развіцця творчай спадчыны. Бо зразумела, што празмерная камерцыялізацыя можа прывесці да паніжэння якасці аўтэнтычнага выканання. Але, мяркую, шчырая любоў да роднай культуры дапаможа ў гэтым разабрацца.

Настасся КОМЛІК-ЯМАЦІНА, вядучы метадыст па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці