Мазур Вікторыя Мікалаеўна

№ 10 (1188) 07.03.2015 - 13.03.2015 г

Беларускае тэатральнае мастацтва панесла цяжкую страту. 1 сакавіка 2015 года пайшла з жыцця народная артыстка Беларусі Вікторыя Мікалаеўна МАЗУР.
Усё сваё творчае жыццё пасля заканчэння Магілёўскага музычнага вучылішча і Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі Вікторыя Мазур аддана служыла сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. З дня адкрыцця тэатра Вікторыяй Мазур было створана больш за 40 роляў у класічных і сучасных аперэтах, музычных камедыях, мюзіклах, у шматлікіх канцэртах для гледачоў Беларусі і краін замежжа.

/i/content/pi/cult/522/11252/14-1.jpgСярод лепшых вобразаў, створаных Вікторыяй Мазур, — Цэцылія, Сільва, Марыца, Тэадора, Віялета і Мадлен, Джулія (“Каралева чардаша”, “Сільва”, “Марыца”, “Прынцэса цырка”, “Фіялка Манмартра”, “Д’ябальскі наезнік” І.Штраўса); Анна, Фраскіта, Зарыка і Ілона, (“Васёлая ўдава”, “Фраскіта”, “Цыганскае каханне” Ф.Легара); Долі (“Хэло, Долі!” Дж.Германа); Эліза Дулітл (“Мая чароўная лэдзі” Ф.Лоу); Пенелопа (“Пенелопа” А.Журбіна); Насця (“Бабін бунт” Я.Пцічкіна); Паўлінка, Алімпіяда, Ірына (“Паўлінка”, “Тыдзень вечнага кахання”, “Пяе “Жаўранак” Ю.Семянякі) ды іншыя.

Вікторыя Мазур была артысткай незвычайнага творчага даравання. Яе акцёрскі талент, яскравая індывідуальнасць ды ўнікальны голас, непараўнаная сцэнічная чароўнасць, здольнасць з лёгкасцю спалучаць віртуознае выкананне складаных вакальных партый з харэаграфічным малюнкам ролі заваявалі шчырую любоў і павагу гледачоў. За выдатныя творчыя дасягненні ў 1998-м Вікторыі Мазур было прысвоена ганаровае званне “Народная артыстка Беларусі”.

Светлая памяць пра Вікторыю Мазур, чалавека ўнікальнага таленту, адданага беларускаму тэатральнаму мастацтву, назаўсёды застанецца ў сэрцах родных, блізкіх, калег, сяброў.

Святлоў Б.У., Карпенка І.В., Дрыга І.У., Скалабан П.В., Гайда Н.В., Гарбар А.В., Гільдзюк Ю.М., Грыдзюшка У.П., Дрынеўскі М.П., Дудараў А.А., Дулава К.М., Іваноў У.У., Кавальчык М.С., Мурзіч А.А, Пятровіч А.Я., Рудзікава В.У., Рылатка У.П., Смольскі Р.Б. 

 

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь глыбока смуткуе ў сувязі са смерцю народнай артысткі Беларусі МАЗУР Вікторыі Мікалаеўны. Усё яе жыццё было непарыўна спалучана з Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам. Непаўторны голас Вікторыі Мікалаеўны, непараўнаная акцёрская і чалавечая чароўнасць, яскравыя вобразы, створаныя ёй у класічных і сучасных аперэтах, музычных камедыях, мюзіклах, сталі вехамі ў гісторыі нацыянальнага тэатральнага і музычнага мастацтва.

Міністэрства культуры выказвае шчырыя спачуванні калектыву тэатра, родным, блізкім, сябрам нябожчыцы. Добрая памяць пра шчодры талент Вікторыі Мікалаеўны, адданасць тэатру, акцёрскай прафесіі назаўсёды застануцца ў сэрцах родных, блізкіх, калег, сяброў.

 

Вясна. Каралева. Сыход

Ёсць штосьці жудасна несправядлівае ў тым, каб пайсці з жыцця ў першы дзень вясны. Зімовыя нягоды быццам бы ўжо мінавалі, сэрца прагне новага вясновага росквіту — і ўсё сыходзіць у нябыт. Хаця, можа, усё наадварот? І гэты сыход — усяго толькі пераход у новае вымярэнне? Бо народная артыстка Беларусі Вікторыя Мазур застаецца жыць найперш у сваіх шматлікіх запісах, зробленых калісьці ў студыі Беларускага радыё.

Яна недаравальна рана пакінула сцэну. Гэта былі не лепшыя, зусім не “пераможныя” для нашага Музычнага тэатра часы, з якімі, пэўна, ніяк не стасавалася яе імя — Вікторыя, Перамога. Ды ўсё ж на сцэне яна выглядала не столькі ўвасабленнем пераможных салютаў, колькі сапраўднай Каралевай — гэткім збіральным вобразам прыгажосці, велічы, узнёсласці. Дзіўна, але менавіта гэтых рысаў, здараецца, не стае многім маладым салісткам, калі яны выходзяць у цэнтральных партыях класічных аперэт. “Каралеўскаму духу” не вучаць, ён ці ёсць — ці яго няма.

Для Вікторыі Мазур, падобна на тое, сам жанр аперэты паўставаў не “маленькай операй”, а Операй з вялікай літары — і такімі ж вялікімі патрабаваннямі да вакалу і шырэй — усяго выканання. Таму і жарсці там палалі зусім не найграна тэатральныя, а самыя жывыя. Калі так, дык павінна наступіць новая вясна — ужо без спявачкі, якую ў гэтай іпастасі мы страцілі насамрэч намнога раней (што ні кажыце, а кожны артыст жыве найперш сцэнай), але з памяццю пра яе. З яе голасам, занатаваным на радыёстужках...

“Культура”ўцы