Пераможна-вікторны Чарнабаеў

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

Народны артыст Беларусі Віктар Чарнабаеў: 50 гадоў на опернай сцэне Каля 100 оперных партый і некалькі тысяч выступленняў — менавіта так, пры любові да статыстыкі і магіі “круглых” лічбаў і нулікаў напрыканцы, можна падлічыць “творчы ўраджай” народнага артыста Беларусі Віктара ЧАРНАБАЕВА за 50 гадоў дзейнасці ў Беларускай оперы. Але ж як вымераць той унёсак у нацыянальную музычна-тэатральную спадчыну, які ён зрабіў за гэты час і працягвае рабіць цяпер? 26 лютага Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы Рэспублікі Беларусь адзначыў яго юбілей спектаклем “Севільскі цырульнік” Дж.Расіні. І стала зразумела: знаны саліст яшчэ дасць фору моладзі, бо свой багаты тэатральны і жыццёвы вопыт спалучае з не меншым юнацкім запалам, якім могуць пахваліцца не ўсе маладзёны.

Вось і мяне ён апярэдзіў. Прычым двойчы! Падыйшоўшы да тэатра за 10 хвілін да прызначанага часу, яшчэ праз вакно ўбачыла, што ўсё роўна спазнілася: ён ужо чакаў. І не паспела задаць пытанне, як пачула:

— Пачну з самага галоўнага. Галоўная радасць для ўсіх артыстаў — хуткае завяршэнне рэстаўрацыі тэатра. Мы адыдзем — тэатр застанецца. І, можа, настане такі час, што ўся Еўропа будзе ездзіць да нас. На гастролі— дый так, павучыцца...

— Ну, калі так сказаў Віктар Чарнабаеў — значыць, абавязкова спраўдзіцца. Вы ж самі прыехалі ў Мінск не аднекуль, а з Масквы. І, па ўсім відаць, не шкадуеце.
 /i/content/pi/cult/151/1125/Charnabaeu.jpg
  Бартала (“Севільскі цырульнік”, 2008).

— Прызнацца, спачатку я ехаў быццам не назаўсёды. Раілі: едзь у Беларусь, зробіш там рэпертуар, а тады зноў у Маскву вяртайся... Так атрымалася, што тады мяне запрашалі адначасова ў тры оперныя трупы. І быў сярод іх Музычны тэатр імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі ў Маскве. Але там на той час ішоў адно “Яўгеній Анегін” і аперэты. Мне падказалі: маўляў, выбірай Мінск, а потым адтуль — у Вялікі тэатр. Я яшчэ раздумваў: можа, спачатку давучыцца? А Леў Любімаў, тагачасны дырыжор Тэатра оперы і балета Беларусі, мне і кажа: “Мы вас лепей навучым, бо займацца ў кансерваторыі — толькі час марнаваць”.

Усё так і ёсць. Паводле афіцыйных дакументаў, за плячыма Віктара Максімавіча — няскончанае музычнае вучылішча пры Маскоўскай кансерваторыі. Але ж вучыўся ён у славутага Гуга Ціца — гэтае імя шмат гаворыць спевакам. І з другога курса яго “забралі ў армію” — у Ансамбль песні і танца Маскоўскай ваеннай акругі.

— За мяне “змагаліся” ажно два вайсковыя музычныя калектывы: Чырвонасцяжны ансамбль песні і танца, з якім я ўжо супрацоўнічаў, і Ансамбль Маскоўскай ваеннай акругі. Але ж апошнія мяне перахапілі: маўляў, у вас ён будзе ў хоры спяваць, а нам саліст патрэбны.

— Скамандавалі: “Кру-у-угом!”, і восем гадоў вы “адкружылі” з песнямі пра Леніна і Сталіна.

— Мне грэх скардзіцца на тыя гады. Тады, здаралася, я быў незадаволены, нават да кіраўніцтва звяртаўся: “Дайце мне папулярную эстрадную песню!”. Вядома, крыўдна было: іншыя эстраду спяваюць, ім больш апладзіруюць, а ў мяне — адно патрыятычныя песні ды народныя.

— І што вам, цікава, адказвалі? Магу здагадацца.

— Не, вы непра тое падумалі. Ансамбль узначальваў цудоўны чалавек і музыкант Серафім Іосіфавіч Лапо — былы дацэнт Музычна-педагагічнага інстытута імя Гнесіных, які адначасова выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі. У вайну стаў вайскоўцам, ды так і застаўся. Ён мне казаў: “Вялікаму караблю — вялікае плаванне”. І тлумачыў: “Паляпшаюць і развіваюць голас адно спевы царкоўныя і выкананне народных песень. А эстраду спяваць шкодна: голас можна “пасадзіць”. Я і сам гэта падсвядома разумеў, бо ўвесь час працягваў займацца ў Гуга Ціца — прыватным чынам. І хацеў у оперу.

 /i/content/pi/cult/151/1125/Charnabaeu1.jpg

  Мефістофель (“Фауст”, 1972).

— А якой была ваша першая ці, можа, самая запамінальная сустрэча з операй? Не з нашым тэатрам, а з операй увогуле.

— Неяк у юнацтве ў Краснадары ўбачыў афішу тэатра, што прыехаў на гастролі. Рабілі яе “мясцовыя творцы” — пэўна, па тэлефоне. На ёй было: опера Вердзі “Рыга летам”. Што гэта, думаю, за опера такая? Дарэчы, з “Рыгалета” цікавая гісторыя была, калі я толькі-толькі прыехаў у Мінск на працу ў тэатр уладкоўвацца. Акурат увечары 2 студзеня 1958 года я сышоў з цягніка і адразу пешшу пайшоў у тэатр.

Зазірнуў на сцэну — там “Рыгалета” ідзе, а ў зале — пуста, літаральна некалькі чалавек сядзяць. Я спярша падумаў, што гэта проста рэпетыцыя. А потым жартаваў: трэба было вам на афішы даць “Рыга летам” — адразу было б не прабіцца. Ну, а пасля я і сам Мантэронэ ў гэтай оперы спяваў. А яшчэ Варажскага госця ў “Садко”. І ў тэатры пачаліся плёткі, што, маўляў, у яго ўсяго дзве партыі, а заробак большы, чым у некаторых. І кіраўніцтва вырашыла хуценька ўвесці мяне ў “Лакмэ” Дэліба. Рэпеціравалі літаральна па начах, пасля спектакля — разам з аркестрам.

Але ж оперу трэба “праходзіць” не толькі з дырыжорам, а яшчэ і з рэжысёрам! Ніжнікава, паводле спектакля, была мая “дачка”. І падчас дзеі я ў яе ціхенька пытаўся: “Тамара Мікалаеўна, а цяпер куды ісці? А зараз што рабіць?”. І так увесь час.

Нарэшце, на адно з маіх чарговых “куды?” яна буркнула: “К чорту!”. Толькі потым я ўцяміў, што ёй зараз арыю спяваць, а я ўсё з роспытамі.

— Вось праз нейкі час вы “чортам” і сталі— я маю на ўвазе Мефістофеля ў “Фаусце” Гуно...

— Пірагоў, Гяураў, Рэйзін рабілі сваіх Мефістофеляў злавеснымі. Я спачатку таксама спрабаваў “раўсці”, але ў мяне нават сам голас зусім не “равучы”: хто такога спужаецца? І я, узгадаўшы, што Гуно як-ніяк француз, зрабіў гэткага элегантнага д’ябла, ветлівага нахабніка, іранічнага “інтэлігента”, які з усяго здзекуецца.

Кажуць, імя чалавека вызначае яго характар. Калі так, дык пераможна-вікторнага ў Віктара Чарнабаева хапае. Што ж да прозвішча, дык тут усё складаней. Хаця і можа ён пахваліцца чорнымі брывамі (без усялякага грыму), дый нізкі басовы голас часцей асацыіруецца з аксамітна-чорным, ва ўсім астатнім Віктар Максімавіч — чалавек надзвычай светлы. Можа, не “белы ды пухнаты”, але ж светлы і сонечны.

— У оперы нават самых жудасных злачынцаў трэба спяваць добрым голасам. Нават калі твой герой — апошні дурань, гэта не значыць, што ён павінен “хрыпець”.

— Цікава, а ў чым для вас крытэрый добрых спеваў?

— Я заўсёды думаю, як бы ацаніў гэтае выкананне сам кампазітар. А ў сучасных аўтарах мяне заўсёды здзіўляла тое, што яны бываюць рады любому выкананню сваёй музыкі, нават не самаму дасканаламу. Праўда, пераважна нашы, беларускія. Неяк мы ставілі оперу аднаго маскоўскага мэтра, дык ён за кожную нотку змагаўся. Нарэшце, быў вельмі задаволены і ўсё казаў: “Пасля прэм’еры прыходзьце на куранят-табака!”. Але схлусіў, і тых куранят мы не пабачылі. Сам жа ён, відаць, тымі “табака” добра пачаставаўся. Аднойчы косткай падавіўся, нават аперыраваць давялося.

— Гэта вашае кураня адпомсціла!
 /i/content/pi/cult/151/1125/Charnabaeu2.jpg
 

Млынар (“Русалка”, 1974).

Што ні кажыце, а “баяць” гэты спявак умее. Можа, другая частка прозвішча спраўджваецца? Сёння і не верыцца, што Віктар Чарнабаеў — заўсёдны жартаўнік і балака, душа любой кампаніі — не адразу прыйшоў да камічных партый. Сапраўды, спачатку ён увасабляў выключна сур’ёзных, часта намнога больш сталых за сябе людзей ды яшчэ з трагічным лёсам. Героем, які ўвабраў бы ў сябе абодва гэтыя полюсы, стаўся яго Млынар у “Русалцы” А.Даргамыжскага. І хаця “чорных баек” у Чарнабаева не бывае, ён нават у некаторыя, здавалася б, цалкам камічныя ролі ўмее ўнесці то элемент трагікамедыі, то проста спагадлівае, а не выкрывальнае стаўленне да свайго героя. Дык, можа, у прозвішчы і спалучаецца трагедыя з камедыяй?

— Мяне часта распытваюць, як я стаў комікам. Вельмі проста:выклікаў мяне да сябе Любімаў — і я стаў. Першай камічнай партыяй быў дон Базіліё ў “Севільскім цырульніку”. А потым мяне выклікаў наш наступны дырыжор — Яраслаў Вашчак, і я стаў у той жа оперы донам Бартала. У камічных партыях, здараецца, акцэнтуюць артыстычны пачатак, хаваючы ігрой вакальныя недахопы. Але так рабіць нельга: нельга крыўляцца, несці двухсэнсоўную вульгаршчыну, бо тым самым артыст выказвае пагарду да слухачоў. Не выношу, калі хтосьці пахваляецца: маўляў, я паставіў залу на вушы! Гэта ганебна і для публікі, і для выканаўцаў. Для мяне ж гледачы, слухачы — бы лепшыя сябры.

Спеўнае ды акцёрскае майстэрства В.Чарнабаева ёсць каму ацэньваць, прычым на прафесійным узроўні, і ў сям’і. Дачка саліста Галіна Чарнабаева — актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, унучка Марыя заканчвае Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, выкладае ў дзіцячай музычнай школе, унук Арсень заканчвае Рэспубліканскі музычны каледж пры Акадэміі музыкі.
— Вашы родныя даюць вам музычна-тэатральныя парады?

— Мая сям’я мяне абагаўляе. Незаслужана! Бо сам я рэдка бываю задаволены. І ўвесь час шукаю, што яшчэ можна ўнесці ў тую ці іншую партыю. Аднойчы Мікалай Слічэнка, прыехаўшы ў Мінск на гастролі, захварэў. Арганізатары прыкінулі: маўляў, увесь канцэрт ён не “пацягне”, а вось палову... І запрасілі на другую палову мяне. Так мы з ім пасябравалі. З самых лепшых памкненняў я яму кажу: “Вось тут фразу можна было б зрабіць так”. А ён мне: “Я ж цыган! Спяваю па настроі, кожны раз — па-рознаму”. Я і падумаў: а чаму б у оперы так не шукаць?

— Шукаеце не толькі вы, шукаюць вас! За ўсе гады працы ў вас не было звычайных для артыстаў творчых прастояў. Вы былі запатрабаваны ўсімі дырыжорамі і рэжысёрамі. Цяжка ўзгадаць спектакль, у якім бы вы не ўдзельнічалі!

— Калі я быў малады, дык зайздросціў тэнарам: усе іх пазнаюць, дзяўчаты роем кружацца. Ну што я са сваім басам? Адных старых спяваю. А зараз разумею: мне ж так пашчасціла!


Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ