“Мой вучань і пераемнік…”

№ 10 (1188) 07.03.2015 - 13.03.2015 г

10 лютага адна з недзяржаўных беларускіх газет апублікавала артыкул з выразнай назвай “Несостоявшийся наследник” з нагоды смерці Андрэя Міхайлавіча Савіцкага 9 лютага 2015 года.

Паводле дадзенага артыкула творчы шлях Андрэя Міхайлавіча можна падзяліць на два перыяды — да яго спробы ўступіць у Беларускі саюз мастакоў і наступны — калі, са слоў аўтара матэрыяла, “жыццё імкліва ішло па нахільнай”. Прычына, з-за якой не ўзялі Андрэя Міхайлавіча ў Саюз, указана не тая, няправільная. У сапраўднасці ён не “ўваліўся п’яны, учыніў скандал...”, а напісаў перад разглядам яго кандыдатуры востры артыкул на кіраўніцтва Саюза тых гадоў, што і вызначыла адмоўнае рашэнне па пытанні аб яго ўступленні. Таксама вобраз Андрэя Міхайлавіча апошніх гадоў жыцця паказаны ў артыкуле вельмі аднабока. Складанасці і праблемы яго лёсу ў гэты перыяд не даюць нам права скажаць і недаацэньваць усё тое станоўчае, што нёс з сабой гэты чалавек. Уяўляецца дарэчным нагадаць пра яго жыццё.

Андрэй Міхайлавіч нарадзіўся ў 1964 годзе ў Мінску ў сям’і знакамітага мастака Міхаіла Савіцкага, што, вядома, шмат у чым і вызначыла яго далейшы лёс. Аднойчы Міхаіл Андрэевіч, на пытанне “Ці ёсць у Вас аднадумцы?” адказаў: “Ёсць. Гэта мой сын — мой вучань і адзіны пераемнік”. Такім ён і быў на працягу ўсяго свайго жыцця.

Сфера яго інтарэсаў уключала біялогію, сусветную філасофію і літаратуру ды, вядома, мастацтва. Андрэй Міхайлавіч запомніўся чалавекам велізарнай эрудыцыі, цікавым суразмоўцам, які мог займальна разважаць і пра сусветную палітыку, і пра помнікі старажытнаіндыйскай літаратуры. Ён з гонарам называў сваё прозвішча, застаючыся годным, сумленным пераемнікам свайго бацькі, верным сябрам і проста добрым чалавекам. Арыгінальнасць яго натуры заўседы пакідала права на незвычайны лад жыцця.

У 1987 годзе Андрэй Міхайлавіч заканчвае графічнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Са снежня 1987 па красавік 1989 года служыць у Савецкай Арміі, пасля дэмабілізацыі прысвячае сябе графіцы. Яго спадчына ў названым кірунку выяўленчага мастацтва мала вывучана, паколькі пры ягоным жыцці не выходзіла адпаведных каталогаў работ. Спадзяёмся, гэты прабел будзе з часам запоўнены грунтоўным даследаваннем. Дарэчы, у яго актыве ёсць і цікавыя жывапісныя карціны, якія Андрэй Савіцкі пісаў у майстэрні бацькі.

З 1994 па 1999 года Андрэй Міхайлавіч займаў пасаду памочніка кіраўніка Творчых акадэмічных майстэрняў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, з 1999 па 2010 гады — намеснік кіраўніка. У 1996 годзе Андрэй Міхайлавіч завяршыў, мабыць, свой галоўны мастацтвазнаўчы твор: “Міхаіл Савіцкі” — аб’ёмны ўступны артыкул да манаграфіі пра жыццё і творчасць свайго бацькі. У ёй прадстаўлены падрабязны аналіз творчасці мастака як гістарычнага, культуралагічнага, сацыяльнага феномену. Дадзеная кніга шмат у чым застаецца апорнай для даследчыкаў творчасці Міхаіла Андрэевіча. Яе складанне і выданне — таксама заслуга яго сына.

З 2011 года Андрэй Савіцкі — навуковы супрацоўнік Музея гісторыі горада Мінска. Варта аддаць належнае яго клопату пра спадчыну свайго бацькі. Ім была перададзена ў дар музею вялікая калекцыя кніг, бацькоўскіх рэчаў і ўзнагарод. А ў 2014-м Мастацкай галерэі падорана 13 палотнаў Міхаіла Савіцкага.

У апошнія гады жыцця Андрэй Міхайлавіч практычна адышоў ад мастацкай практыкі, засяродзіўшыся на мастацтвазнаўчай дзейнасці і музейнай працы. Два гады таму ім была завершана работа, якая складаецца з трох артыкулаў “Аб фрагменце”, “Аб мадонне”, “Аб партрэце”, дзе цікава і прафесійна разгледжаны асобныя аспекты творчасці Міхаіла Савіцкага.

4 сакавіка пасля крэмацыі адбылося падпахаванне астанкаў Андрэя Савіцкага да магілы бацькі Міхаіла Андрэевіча і маці Маргарыты Захараўны на Усходніх могілках Мінска.

Супрацоўнікі Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага