А калі — Год культуры-2

№ 10 (1188) 07.03.2015 - 13.03.2015 г

На выніковай калегіі Міністэрства культуры краіны агучана ідэя абвяшчэння 2016-га Годам культуры. Мы вырашылі ўнесці ў скарбонку прапаноў да гэтай ініцыятывы і свае развагі, якія друкуем цягам некалькіх нумароў. Запрашаем падзяліцца меркаваннямі і чытачоў!

Без стымулу не абысціся

/i/content/pi/cult/522/11245/2-112.jpgТрадыцыя прысвячэння года пэўнай тэме зарэкамендавала сябе і ў нас. Правядзенне 2014-га пад эгідай гасціннасці дазволіла прыняць багата турыстаў, якія поруч з матчамі Чэмпіяната свету па хакеі знаёміліся з беларускімі цікавосткамі.

Прысвячэнне аднаго з гадоў культуры мае перавагі. Вось толькі, каб атрымаць іх, трэба падрыхтавацца. У тым сэнсе, што кожны на сваім месцы — чыноўнік, бізнесмэн, журналіст, работнік культуры — павінен зрабіць усё, каб наша культура раскрылася палітрай адметнасцей і змагла выйсці на новы ўзровень развіцця. І без заканадаўчых аспектаў тут не абысціся. Важна, каб была забяспечана падтрымка ўстановам культуры ў выглядзе падатковай палёгкі, магчымасцей кшталту тых, што адкрыты, скажам, для спартыўных аб’яднанняў. Словам, як жа без стымулу?

Тое ж тычыцца і бізнес-супольнасці. Сёння сацыяльная адказнасць прадпрыемстваў прадугледжвае дапамогу праектам, скіраваным на падтрымку дзяцей, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і экалогію. Культура ж, па словах мэнеджараў па сацыяльным праектаванні, не ўваходзіць у гэты пералік. У выніку, адзінкавыя прадпрыемствы, чые кіраўнікі любяць мастацтва, аказваюць фінансавую дапамогу ўстановам культуры. Калі ж мы жадаем, каб Год культуры быў адметным і выніковым, то без глабальнай падтрымкі бізнеса не абысціся.

А пакуль гэтыя пытанні не вырашаны, можа, варта спачатку правесці рэспубліканскі тыдзень культуры. З яркімі, змястоўнымі імпрэзамі. Па сутнасці, можна перанесці досвед акцыі “Ноч музеяў” на ўсе ўстановы культуры і ажыццявіць праект з умоўнай назвай “Мастацтва non-stop”. Чаму не?

Кастусь АНТАНОВІЧ

 

Пачуем і пабачым?

/i/content/pi/cult/522/11245/2-111.jpgТак склалася гістарычна, што ў культурным полі я больш кантактую з альтэрнатыўнымі музыкантамі. Цягам 1990-х у нашай краіне пад патранажам афіцыйных структур праводзіліся фестывалi, агляды ды конкурсы — на рэспубліканскім і рэгіянальным узроўнях — такіх выканаўцаў. Сёння яны варацца ва ўласным соку.

Сталічным артыстам пашанцавала больш. У Мінску, натуральна, і з канцэртнымі пляцоўкамі прасцей, і хоць нейкія фэсты ладзяцца на рэгулярнай аснове — адносна маштабныя ды лакальныя. Праўда, арганізаваныя, як правіла, прыватнымі структурамі і энтузіястамі. Дзяржава на такое мастацтва звяртае ўвагу мінімальна: мабыць, радыё (рэдкімі трэкамі) і тэлебачанне (узгадаліся праграмы “Зорны рынг”, “Вышэй за дах”, “Легенды. Live”) сяк-так даюць карціну гэтай творчай "кухні".

Мне здаецца, у Год культуры можна было б паспрабаваць ініцыяваць буйны рэспубліканскі форум, прысвечаны сучаснай маладзёжнай музыцы, калі хочаце, так званай субкультуры. Нашы чыноўнікі (у добрым сэнсе гэтага слова), спадзяюся, чуюць і бачаць, што робіцца ў краіне з папулярнай музыкай, куды яна рухаецца. Думаю, ім было б цікава даведацца і пра тое, пра што спявае, што грае не такая ўжо і малая колькасць выканаўцаў, якія выбралі для самарэалізацыі іншыя кірункі, стылі, жанры. Урэшце, падобны досвед меўся і раней: кажу пра фестываль “Bela-music”, што ў фармаце open air ладзіўся колькі гадоў таму з удзелам дзяржавы.

Сучаснае беларускае музычнае папулярнае мастацтва — гэта не толькі Аляксандр Саладуха ды Алена Ланская, гэта і гурт “Haina”, і рэпер Zeman, і псiхадэльшчык .К ды многія іншыя. Таксама не без іскры Божай яны ўвасабляюць сабой айчынную музычную сцэну. Людзі, якiя шукаюць, спрабуюць ісці ў нагу з часам і эксперыментуюць. Ім ёсць што праспяваць ды сыграць. І ў іх маюцца свае прыхільнікі.

Алег КЛІМАЎ

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"