Пра галерэю...

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Аксана АРАКЧЭЕВА, мастачка
2 красавіка вернісажам “140” Барыса і Аксаны Аракчэевых адбудзецца афіцыйнае прысваенне Мастацкай галерэі горада Крупкі імені заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кавалера ордэна Францыска Скарыны, мастака Барыса Аракчэева.

/i/content/pi/cult/521/11242/3-7.jpgТворца, які нарадзіўся ў вёсачцы Турбанава, што на Яраслаўшчыне, шляхамі Вялікай Айчыннай трапіў у Беларусь у 1944-м, і ў тыя гады, салдатам, палюбіў беларускую зямлю. Ён скончыў тут вучылішча і Тэатральна-мастацкі інстытут на “выдатна”. А яшчэ студэнтам сустрэў Галіну, якая стала яго Музай на ўсё жыццё! Іхнія тры дачкі Алена, Марына і Аксана сталі мастачкамі; дынастыю працягваюць тры ўнукі і праўнучка Сафія. Сам Барыс Уладзіміравіч застаўся назаўсёды на сваёй “другой радзіме” — у Беларусі, — калі адышоў у Вечнасць 10 сакавіка 2013 года. Яго пахавалі на могілках ля вёскі Гара, дзе нарадзілася ягоная жонка…

Дык чаму менавіта галерэя ў Крупках названа ў гонар мастака? Таму, што гэтыя мясціны — непадалёк ад той самай роднай вёскі жонкі Галіны, куды кожнае лета мастак выязджаў на пленэр — з вучнямі, з дочкамі, а потым і з унукамі. Шмат краявідаў, нацюрмортаў было напісана тут Барысам Аракчэевым. Гэтыя беларускія краявіды натхнілі жывапісца на стварэнне вялікіх палотнаў на тэму сялянскага жыцця. Творы тыя зараз знаходзяцца ў музеях Беларусі. А марай мастака заўжды было падарыць свае карціны галерэі ў гэтых мясцінах. І калі ў 2005-м адкрылася галерэя ў горадзе Крупкі, Барыс Аракчэеў з задавальненнем зрабіў ёй каштоўны падарунак — некалькі сваіх твораў. Потым на згаданай пляцоўцы штогод ладзіліся выстаўкі дынастыі Аракчэевых. Вось і з’явілася ідэя ўшанаваць памяць Барыса Аракчэева прысваеннем ягонага імя Мастацкай галерэі горада Крупкі.