Пра 500-годдзе...

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Алесь СУША, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці
Нас неўзабаве чакае важная дата — 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, запачаткаванага Францыскам Скарынам.

/i/content/pi/cult/521/11241/13-1.jpgЗгадаю, што 25 гадоў таму, калі святкавалася 500-годдзе з часу нараджэння Скарыны, былі праведзены канферэнцыі, выйшлі з друку навуковыя і папулярныя працы, былі ўсталяваны помнікі ды мемарыяльныя шыльды, праведзены сотні мерапрыемстваў, яго імем названы вуліцы… Дзякуючы таму юбілею Беларусь (тады — БССР) здолела шырока заявіць пра сябе як краіну з развітой культурай, прыняла ўдзел у высокіх міжнародных мерапрыемствах на ўзроўні ААН і UNESCO.

Зараз мы плануем імпрэзы навуковыя, адукацыйныя, літаратурныя, мастацкія, агульнаграмадскія як у нацыянальным, так і ў міжнародным ды лакальна-рэгіянальным варыянтах. Таму прашу зацікаўленых паўдзельнічаць у працэсе выпрацоўкі комплекснай праграмы мерапрыемстваў, уносячы свае прапановы. Не страшна, калі яны не будуць надта арыгінальныя і глабальныя, затое ініцыятывы будуць падтрыманы жаданнем прыняць удзел у іх рэалізацыі. Гэта дазволіла б скаардынаваць намаганні ды супольную працу.

Назапасілася нямала артэфактаў, звязаных з асобай Скарыны: кнігі, мастацкія работы, паштоўкі, маркі, значкі, вымпелы, статуэткі, медалі, медальёны, фота з імпрэз, запрашальнікі, праграмкі, дакументы... Сёння падобныя калекцыі часта нішчацца ад непатрэбнасці або стаяць на далёкіх паліцах. Калі такая магчымасць ёсць, перадайце нам матэрыялы. Гэта дазволіць сабраць калекцыю Скарыніяны. Гэта сапраўды дасць плён. Супольнымі намаганнямі мы зможам захаваць памяць пра славутага земляка і папулярызаваць яго спадчыну!

Прапановы накіроўвайце на імя намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алеся Сушы — як праз кантакты ўстановы, так і праз рэдакцыю газеты “Культура”.