Спасцігнуты да канца Алфавіт быцця...

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

26 лютага заўчасна пайшоў з жыцця саліст Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра Анатоль Касцецкі. У гэта немагчыма паверыць: яму было ўсяго 55!

 /i/content/pi/cult/151/1124/Nekrolog.jpg

Здавалася, літаральна ўчора, на адкрыцці цяперашняга тэатральнага сезона ён святкаваў 30-годдзе сваёй творчай дзейнасці. У гэты дзень ён выйшаў на сцэну ў ролі Астролага Томпсана ў адноўленай пастаноўцы мюзікла Уладзіміра Кандрусевіча “Шклянка вады”. На яго рахунку былі і Жэром у “Даратэі” Ц.Хрэннікава, і Ляснічы ў “Лятучай мышы” І.Штрауса, і доктар Айбаліт — папраўдзе добры — у аднайменным спектаклі, і Тата Карла з Карабасам-Барабасам у “Бураціна.by”, і яшчэ дзесяткі смешных, чуллівых, настальгічных, вострахарактарных герояў. Але ў каго б ён ні пераўвасабляўся дагэтуль, для мяне ён застаўся менавіта астролагам — не ў раскручана-побытавым, а ў самым глыбінным сэнсе гэтага слова, якім мы яднаем прадказальнікаў лёсаў, знаўцаў гістарычных траекторый мастацтва і жыцця.

Можа, віной усяму ўдумлівыя ноткі у вачах Анатоля, што гучалі скрозь усе ўсмешкі? Сёння здаецца сімвалічным, што на тым сваім бенефісе пасля ўсіх ушанаванняў ён замест традыцыйнага заключна-падзячнага слова расказаў прытчу — як маленькую трагікамедыю, цалкам аўтарскі монаспектакль. Быццам яшчэ раз перагарнуў усё сваё жыццё, цалкам аддадзенае Тэатру…

Багаты прыродны талент Анатоля Касцецкага рэалізоўваўся не толькі на акцёрскай, але і на рэжысёрскай і педагагічнай ніве. На сцэне тэатра ён паставіў мюзікл “Прыгоды ў замку Алфавіт”, дзе выконваў таксама партыю Настаўніка, быццам прадказаўшы сабе самому выкладанне ў СШ № 170 г. Мінска з агульнаэстэтычным ухілам, заўзятую працу з дзецьмі, у тым ліку над пастаноўкай мюзіклаў. Сярод яго шматлікіх выхаванцаў — пакаленне не толькі будучых артыстаў, але і людзей, для каго тэатр стане такой жа візуальнай (не, лепей — новай жыццёвай) рэальнасцю, якой ён быў для яго.