На цешчыны бліны

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Нядаўна ў жыхароў аграгарадка “Мажэйкава” Лідскага раёна адбылося сапраўднае сямейнае свята: у Доме культуры прайшла конкурсная шоу-праграма “Мой зяць — як у людзей пяць”.

/i/content/pi/cult/521/11237/11-4.jpg

У Мажэйкаве сабраліся таленавітыя і энергічныя цешчы ды іхнія зяці — як мясцовыя, так і з аграгарадкоў “Тарнова”, “Ганчары”, “Ёдкі” ды пасёлка Першамайскі. Арганізатары конкурснай праграмы (Лідскі РМЦНТ і Мажэйкаўскі ЦДК) ставілі за мэту паказаць, што добрыя адносіны паміж зяцем і цешчай магчымыя, нягледзячы на існаванне незлічонай колькасці баек ды анекдотаў пра іх супярэчнасці.

Ярка і дынамічна прадставілі сябе ўдзельніцы — цешчы — у першым конкурсе-візітоўцы: чыталі вершы, спявалі прыпеўкі, дэманстравалі на мультымедыя фотаздымкі. Першы этап ацэньваць было складана, паколькі кожная цешча нахвальвала свайго зяця як магла.

Хто мае талент танцора, дазволіў вызначыць конкурс бытавых танцаў. Тут і цешчы, і зяці былі роўныя. Вось ужо дзе па-сапраўднаму разгарнулася душа ўдзельнікаў праграмы! Кулінарны конкурс “Цешчыны бліны” выклікаў хвалю ажыўлення. Бліны пакаштаваў ці не кожны глядач у зале. У конкурсе “Майстар” зяці, узброіўшыся малаткамі, цвікамі і дошкамі, павінны былі зрабіць лаву. Не на апошнім месцы ў цешчаў ды зяцёў — артыстычныя здольнасці, якія многія з поспехам ужываюць у паўсядзённым жыцці. Гэты талент наглядна прадэманстравалі ўдзельнікі ў творчым конкурсе.

Нават тыя, хто ўпершыню апынуўся на сцэне, хутка спраўляліся з сарамлівасцю і “запальвалі” залу. Практычна кожны нумар суправаджаўся гучнымі апладысментамі гледачоў ды воклічамі ў падтрымку ўдзельнікаў.

Як і варта было здагадацца, у падобнай конкурснай праграме перамагла дружба. Лепшымі аказаліся абсалютна ўсе канкурсанты. Па-іншаму і быць не магло: яны ж суперцешчы ды суперзяці! Узнагародай для ўдзельнікаў конкурсу сталі высокія ацэнкі журы і апладысменты гледачоў. Ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама ды прадпрыемстваў былі ўручаны падарункі і сертыфікаты.

Наталля ВАЙЦЮКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі і фальклоры Лідскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці