Намінацыя з падтэкстам

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Ёсць шэраг раёнаў, пра стан культуры якіх мне ці не забаронена часта пісаць. Пазіцыя кіраўніцтва газеты заразумелая: ці ж можна зацыклівацца толькі на тых, хто пастаянна зоркі з неба хапае! Маўляў, на Беларусі іншых рэгіёнаў дастаткова, пра творчыя дасягненні якіх на старонках “К” гады ў рады можна даведацца. Цудоўна гэта ўсведамляю. Але час ад часу, калі душа збузавана ад таго, што бачу ды чую ледзь не штодня, хочацца купіць білет туды, дзе праца на культурнай ніве прыносіць яе “сейбітам” творчае задавальненне і дзе абавязкова сустрэнешся з новым, цікавым ды арыгінальным.

У аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рагачоўскага райвыканкама не спыняецца праца па атрыманні еўрасаюзаўскіх грантаў, распачатая яшчэ ў 2009 годзе. Сёння нават цяжка і падлічыць, колькі гэтых грантаў аддзел ужо мае ды з поспехам выкарыстоўвае на карысць спажыўцам культуры. На апошні з іх, да прыкладу, набыты… трактар з наборам прычапнога інвентара.

Авохці мне, ды навошта ім яшчэ і трактар! Аказваецца, для таго, каб прывесці да належнага ладу Кісцянёўскі парк, што ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Праект гэты — экалагічны. А ўнікальны набор драўляных парод на маляўнічым беразе Дняпра — цудоўны ўзор пейзажнага садова-паркавага мастацтва XIX стагоддзя. Цяпер тут узводзяцца альтанкі, наладжваецца асвятленне.

Больш за тое: мясцовы СДК пераўтвораны днямі ў Цэнтр экалагічнай культуры і творчасці. Дзе як не тут вучыцца разумець, што мы — толькі дробная частка неабсяжнага ды непаўторнага прыроднага свету…

Цяжка паверыць, што большая частка выпускнікоў Ельскай дзіцячай школы мастацтваў паступіла ў сярэднія спецыяльныя ўстановы. Між тым, гэта так: паступальнасць — 54 працэнты. На Гомельшчыне гэты паказчык перакрыты толькі ў абласным цэнтры.

Трэба калі-небудзь падсумаваць ды абагульніць досвед работы гаспадарчых груп. Ёсць у названай сферы папраўдзе прарыўныя дасягненні. Журналісты “К” пепраканаліся ў гэтым пад час колішняй выязной рэдакцыі, у тым ліку і на Ельшчыне. Зараз будаўнікі аддзела займаюцца рамонтам СДК у вёсцы Скароднае. Эканомія дзяржаўных сродкаў пры такім стане спраў — відавочная…

Сур’ёзны вынік дасягаецца пры вясёлай працы, дзе куражу роўна столькі, колькі і азарту. На Міншчыне шырока вядомыя намінацыі з падтэкстам, што прыдумваюць на Любаншчыне, каб адзначыць лепшых работнікаў культуры раёна. Калі быў Год добраўпарадкавання, усе імкнуліся атрымаць “Венік года”, а ў Год эканоміі і беражлівасці змаганне ішло за званне “Куркулятар года”.

Пад такія вось жартачкі работнікі культуры Любанскага раёна зарабілі летась… 900 мільёнаў пазабюджэтных рублёў. Важкі ўнёсак у агульную скарбонку зрабіў дырэктар Сароцкага ЦДК Фёдар Крупянькоў, прызнаны на Любаншчыне лепшым спецыялістам 2014 года. Ён не толькі дырэктар, але і менеджар з прадзюсарам. Справа ў тым, што ва ўстанове дзейнічае цэнтральная філарманічная пляцоўка. Бывае, што ў месяц тут ладзіцца па два канцэрты, і не толькі філарманічныя. Паколькі Крупянькоў пастаянна маніторыць запыты вясковага насельніцтва, зала ніколі не пустуе…

І нескладаная выснова. Крэатыўны праект не з’яўляецца як грыбы пасля дажджу, сам па сабе. Яго трэба прыдумаць-выпакутаваць, рэалізаваць-выштукарыць. Дык хто “пераплюне” Рагачоўшчыну, Ельшчыну ды Любаншчыну?..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"