Сцэна з балета “Спартак”. |
У першай дзеі балета, нягледзячы на класічную свабоду артыста ў скоку, вярчэнні, адчувалася хваляванне выканаўцы, ён быццам адшукваў траекторыю далейшай выбудовы вобраза. Але ў другой дзеі, падчас сцэны з куртызанкамі, паказаў свайго героя гэткім улюбёнцам лёсу, які гуляе са сваімі партнёркамі, быццам кот з мышкамі. Перад намі быў сапраўдны рымскі патрыцый, арыстакрат, які прызвычаіўся атрымліваць усе радасці жыцця і добра ведае ягоны смак. Асабліва цікава было сачыць за далейшым разгортваннем падзей пасля з’яўлення ў гэтай сцэне Фрыгіі— каханай Спартака. Нават добрыя знаўцы гэтага балета жылі ў няведанні: чым жа скончыцца гэтае сутыкненне двух моцных духам характараў. Фрыгія (Людміла Кудраўцава) не скаралася, і гэта выклікала ў Краса цэлы шквал эмоцый: разгубленасць, здзіўленне, нараджэнне і развіццё незнаёмага яму раней пачуцця. Час быццам спыніўся, бо кожнае імгненне, пражытае яго героем, насычалася касмічным палётам душы ў прадчуванні асалоды. Для такога Краса некаторыя жанчыны не тое што букецік красак — жыцця не пашкадавалі б.
Жорсткім Крас паўставаў у трэцяй дзеі — у адпаведнасціса сваімі военачальніцкімі абавязкамі. Прычым жорсткасць выяўлялася праз абвастрэнне танца, большую рэзкасць рухаў, а не парушэнне гармоніі пластыкі. У выніку атрымаўся складаны, неадназначны герой, які не абмяжоўваецца адно ўменнем размахваць зброяй.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Васіля МАЙСЯЁНКА