Партытура рэжысёра

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Валерыя Скварцова: гучанне жыцця не перапыніцца
Ёсць паняцце “творчая меншасць”. Гэта азначае, што залогам развіцця любога грамадства з’яўляюцца папраўдзе творчыя асобы, здольныя прапаноўваць новы змест, ствараць іншыя формы, адстойваць ідэі. Гэта людзі, надзеленыя дарам разумення, адчування, стварэння. Вакол такіх пануе асаблівая энергетычная прастора, стваральны пазітыў, жаданне адпавядаць лепшаму. Такіх не бывае шмат. Але без іх мы былі б абдзеленымі.

/i/content/pi/cult/521/11228/14-2.jpg

Быць можа, Валерыя Скварцова не вельмі пагадзілася б з тым, што яе адносяць да кола творчай, інтэлектуальнай эліты. Яна ўвогуле не любіла сябе вылучаць. Але ж была менавіта такой — творчай натурай, якая адкрывае пласты нацыянальнай культуры, шчыра любіла тых, хто ствараў гэтую культуру. А сёння сталі рэдкасцю як здольнасць дарыць “раскошу зносін”, так і здольнасць шанаваць апошнюю. У Леры быў талент і першага, і другога. Безаглядна прысвячаючы час тым, хто меў патрэбу ў яе увазе або прысутнасці, яна заставалася цэласнай натурай, пазбаўленай мітусні, бяздзейнасці. Не заяўляла пра амбіцыі, не патрабавала ўвагі да сябе, не змагалася за атрыманне якіх-небудзь прывілеяў. Сціпласць не тое што “ўпрыгожвала” яе, а стала ейнай сутнасцю, як можа быць сутнасцю патомных арыстакратаў пачуццё годнасці і непадробнае, унутранае высакародства душы.

Асобы такога плана пражываюць няпростае жыццё: бар’еры ў выглядзе здрады, зайздрасці, а часам і абыякавасці, няўвагі. Яна гэта ведала, але ніколі не апускалася да таго, каб адказаць крыўдзіцелям тым жа. Здаецца, яна не магла ні ліхасловіць, ні асуджаць. Мо гэта і ёсць хрысціянская пакора? У такіх сітуацыях перамогай можа быць адно: здольнасць не згубіць сябе, не зняверыцца ды ісці наперад. У яе гэта атрымлівалася.

З 1960-х, калі Валерыя працавала на тэлебачанні, у памяці засталіся яе праграмы “Аб музыцы ад “А” да “Я”. Прайшлі гады, а асобы вядучых (яна працавала ў пары з Уладзімірам Шэліхіным) памятаюцца. Тую праграму можна вызначыць словамі, якія не пасуюць сучаснаму ТБ: інтэлігентнасць, культурнасць, бездакорнае веданне прадмета. Па сутнасці, яна сталася адной з тых, хто закладваў класічныя традыцыі мастацтва тэлебачання.

Музыка была не толькі адной з яе прафесій, але і тым складнікам, без чаго не ўяўлялася ні тэлерэжысура, ні дакументалістыка, ні педагогіка, ні жыццё наогул. Дый створаныя ёю пасля “тэлевізійнага перыяду” дакументальныя фільмы — музычныя. Не столькі па саўндтрэку, колькі па прынцыпах арганізацыі. Музычнасць як адмысловая якасць слухання чалавека выяўлялася ў партрэтах дзеячаў музычнага мастацтва (“Гучанне жыцця” пра Уладзіміра Мулявіна, “Анатоль” пра Анатоля Ярмоленку, “Мелодыі лёсу” пра Ігара Лучанка, “Я тут жыву” пра Валянціна Дудкевіча, “Ён песню сэрцам адчуваў” пра Генадзя Цітовіча), мастакоў (“Цішыня” пра Леаніда Марчанку, “Наталля і Георгій” пра сям’ю Паплаўскіх, “Нінэль Шчасная”), Мітрапаліта Філарэта (“Па імені і жыціе”) або архітэктараў, інжынераў (“Крышталь душы”), акцёраў (“Святло і цені майго лёсу” пра Вольгу Клебановіч) ці жыхароў невялікіх гарадкоў...

Мелодыі яе фільмаў — нягучныя, а мо і не ўсім чутныя. Як не ўсе могуць убачыць ды адчуць такі важны складнік экраннай дзеі, як атмасфера. У фільмах Валерыі Скварцовай ёсць тая атмасфера, якая спрыяе і разуменню героя, і адчуванню часу, і счытванню глыбінных, а не паверхневых сэнсаў. У фільме “Анатоль”, як музычны рэфрэн, “гучаць” кадры з лёгкім снегам, што падае на мінскія вуліцы. Атрымаўся накцюрн на фоне снегападу. Менавіта такой дакладна абранай танальнасці больш за ўсё адпавядала і танальнасць размовы пра героя. Не толькі спявак быў перад намі, але і асоба, што разважае пра творчасць, дом, сям’ю, адказнасць, любоў, сяброўства…

Валерыя ў любым героі галоўны акцэнт рабіла на яго асобасным пачатку. Так было і ў фільме пра Ігара Лучанка. У сааўтарстве са сцэнарыстам Галінай Злабенка яна так арганізавала аповед, што ўзнікае асаблівае пачуццё суперажывання. Гледачы часта на праглядзе плачуць. Напрыклад, калі бачаць Лучанка, які грае за раялем у бацькоўскай хаце тую мелодыю, што чула апошняй яго маці, паміраючы, альбо калі сын выконвае на акардэоне бацьку “Майскі вальс”…

Скварцова належыла да катэгорыі рэжысёраў, якія не сябе стараліся паказаць, а героя. У гэтым таксама — своеасаблівы арыстакратызм. Разам з тым, ва ўсіх яе карцінах, як у сапраўднага аўтара, адчуваецца і бачыцца той, хто — па іншы бок кінакамеры. Усе ейныя карціны — і партрэт яе самой. А героі, як і яна, супадаюць у высокай культуры, творчай рэалізаванасці, высакароднасці.

Цяжка, напэўна, “ачалавечваць” тое, што становіцца не толькі фактам гарадскога асяроддзя, гісторыі, але і грамадскага статусу. Назва, якую Валерыя абрала для фільма пра Нацыянальную бібліятэку — “Крышталь душы”, — дакладна перадавала галоўную тэму ды стаўленне аўтара. Яна паказала бібліятэку як цэнтр чалавечых дасягненняў, волі, інтэлекту, таленту. Але яшчэ рэжысёр падкрэсліла: унікальная прастора культуры з’яўляецца адначасова і прасторай пачуццяў, пошукаў, пераадоленняў. У фільме “крышталь” быў напоўнены душэўным зместам. А кампазіцыйна работа нагадвала спіралепадобную вертыкаль, кожны новы віток якой супастаўны з новым узроўнем спазнання. Па сутнасці, гэты прыём паўтараў кампазіцыйную аснову бібліятэкі — круг, які пазначае дух і дасканаласць, адзінства і сталасць, дынамічнасць ды завершанасць. Як і іншыя, гэты фільм, нягледзячы на разнастайнасць матываў, ліній, вылучаецца асаблівай музычнасцю. У ім ёсць нягучная, чутная сэрцам мелодыя. За кадрамі рытмаў сучаснасці ўлоўліваюцца чароўныя мелодыі Мендэльсона і Пахельбеля. Музычная партытура і тут выбудавана з асаблівай дбайнасцю, за якой адчуваліся густ, тонкасць і мера.

Калі вызначаць стыль, які ўгадваўся ў яе фільмах, то гэта, вядома ж, — класіка. Цяжка ўявіць Валерыю Скварцову ў кантэксце постмадэрнісцкай іроніі або эфектнага авангарда. Яна ніколі безаглядна не паддавалася новым павевам, была асцярожная ў стаўленні да яркіх, крыклівых форм. Часцей выбірала спакойную класічную, якая прадугледжвае гармонію ды мэтазгоднасць, выразнасць і строгасць, спакой ды засяроджанасць, яснасць і паслядоўнасць. Гэта ў яе характары, разуменні чалавека і поглядах на свет.

Фільмы Валерыі Скварцовай можна вызначаць па-рознаму. Як чалавек культуры яна адчувала асаблівую каштоўнасць і важнасць гэтай катэгорыі. Таму і стужкі ейныя адрозніваюцца асаблівай культурнай змястоўнасцю. Іхняя значнасць будзе толькі ўзрастаць. Для тых, хто ведаў і любіў Валерыю, час узмоцніць асаблівае гучанне яе жыцця. Для тых жа, хто ўпершыню паглядзіць яе фільмы, час па-новаму адкрые іх сэнс ды ўнікальнасць…

Словы памяці

Ігар ЛУЧАНОК, кампазітар, народны артыст Беларусі і СССР:

— Шмат выдатных людзей, але Лера — адна. Гэта быў самы светлы і дарагі для мяне чалавек. У маім успрыманні — наогул святы. Я яе любіў, люблю і буду любіць…

Георгій ПАПЛАЎСКІ, народны мастак Беларусі:

— Вялікі боль, што не стала Валерыі — выдатнай, адухоўленай асобы. Гэта той выпадак, калі колькасць добрых слоў не можа быць лішняй. Яна заслугоўвала гэта і пры жыцці — прыгожы чалавек ва ўсіх сэнсах. На яе немагчыма было не звярнуць увагі: высакароднасць, годнасць, жыццялюбства, акрыленасць... Калі яна здымала фільм “Наталля і Георгій”, я звярнуў увагу, як яна працуе, як да яе ставіцца група. Ды яе ж абагаўлялі! Сваёй яна, прасякнутая аўрай святла і дабрыні, стала і ў асяроддзі мастакоў…

Ніна МАРЧАНКА, мастацтвазнаўца, старшыня секцыі “Верасень” Беларускага саюза мастакоў:

— Тое, што стварыла ў мастацтве Валерыя Скварцова, будзе жыць і зноўку адкрывацца не адно дзесяцігоддзе. Яна была сапраўдным мастаком у сваёй справе. І сапраўдным чалавекам. Памятаю, як яна не пашкадавала ні часу, ні сродкаў, калі стварала фільм пра майго мужа, мастака Леаніда Марчанку. У яе была выдатная група, і яны знялі выдатны фільм. Усё, што было звязана з Лерай, заўсёды таленавіта і ярка...

Вольга КЛЕБАНОВІЧ, народная артыстка Беларусі:

— Яе сыход — як страта каханага, сябра, нават больш чым сваяка. Яна была сапраўдная лэдзі: стыль заўважаўся ва ўсім. Ды Валерыя — далёкая ад свецкай мішуры, не любіла прыцягваць да сябе ўвагу. Яна была не толькі вельмі таленавітай ды працавітай, але і неверагодна мужнай, чалавекам высокага духу. І не толькі ў прафесіі.

Галіна ЗЛАБЕНКА, сцэнарыст, сааўтар фільмаў:

— Лера была чалавекам глабальнага светапогляду. Любы факт разглядала з праекцыяй на час і прастору. Яна была не толькі добразычлівай да сваіх герояў, але кожны раз здзіўлялася і ганарылася імі, жадаючы, каб тое ж самае спасціг і глядач. Да таго ж у Валерыі рэжысёрскі дар дапаўняўся музычным. Таму ў кожнай ейнай карціне — дзівосная партытура. Гэта не проста музычнае афармленне. І заўсёды ў партытуры, як і ў фільме, прысутнічае шчымлівая нота смутку, за якой адгадваліся і іншыя ноты — сілы, гонару, волі. Самы вялікі наш боль быў з фільмам “Слуцкія паясы. Знакі лёсу”: нам не далі яго зняць у адпаведнасці са сцэнарыем. У нас не было магчымасці паехаць у Варшаву, Санкт-Пецярбург, Маскву, дзе захоўваюцца арыгіналы паясоў: усё абмежавалася Нясвіжам. А фільм мусілі пабудаваць па законах дэтэктыва. Мы як быццам шукалі знакамітыя паясы, чыталі іх арнаментыку, раскрывалі сэнс. Нічога гэтага няма ў стужцы. Але стараліся як маглі. Лера вельмі перажывала, бо хацела раскрыць лёс народа, час праз сімволіку паясоў. Нават у такой нялёгкай сітуацыі рабіла ўсё, каб фільм адбыўся. Гэта была яе апошняя карціна... Я ўспрымаю Леру ў вобразе Яраслаўны. Яна мела моцны характар і далікатную душу, спрабуючы дапамагчы ўсім, хто меў патрэбу... Мая душа апусцела без яе...

Людміла САЯНКОВА, загадчык кафедры літаратурна-мастацкай  крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ,  кандыдат філалогіі

Фота Уладзіміра НІКАЛАЙЧЫКА