Каларыт у самой сутнасці

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Казачнае майстэрства Паўла Татарнікава
Цікава назіраць за юнымі светлагорцамі ў час іх знаёмства з дзвюхзальнай экспазіцыяй ілюстрацый гэтага знакамітага мастака ў карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава. Усе адценні радасці, смутку, жартаўлівай здагадлівасці можна заўважыць на шчаслівых тварах... Колькі разоў даводзілася і чуць, і чытаць, дый самому пераконвацца ў тым, што кніжныя ўвасабленні, аўтарам якіх з’яўляецца Павел Татарнікаў, насычаны пераканаўчымі, гістарычна выверанымі дэталямі, вызначаюцца пранікнёнымі нюансамі сэнсаў.

/i/content/pi/cult/521/11226/9-1.jpg

Але вартасць іх яшчэ і ў нейкім адухоўленым адзінстве панарамнага адчування, ва ўласцівай толькі ім рамантычнай сімволіцы. Акварэльная хуткасць не толькі не перашкаджае, а, наадварот, спрыяе мастаку ў стварэнні надзвычай цэласных, быццам выдыхнутых адзіна магчымымі фарбамі, вобразаў уяўных або гістарычна дакладных герояў. Пры гэтым ніякай фрагментарнасці — усё дакладна акрэслена. Нават фонавае паветра, здаецца, адпавядае гістарычнаму часу.

Вось і цяпер мы захапляемся яго мастацкім аздабленнем беларускіх народных казак “Прынцэса ў падземным царстве”, “Пакацігарошак”, “Норка-звер”, “Іванка і вядзьмарка”, “Медны Дзядок”… Так і хочацца сказаць, што для казак яму спатрэбілася казачнае майстэрства. І яно навідавоку. Зрэшты, і патаемнага нямала. Мастак прымушае ўглядацца, разважаць аб псіхалагічнай канкрэтыцы кожнага малюнка, які не толькі ілюструе тэкст, але і зрокава паглыбляе яго, а ў рэшце рэшт — набывае ўласную экспазіцыйную незалежнасць. І тут ужо нельга разважаць толькі пра свядомы ці нават падсвядомы беларускі каларыт ілюстрацый. Ён у самой іх сутнасці. Праз яго “Браму мінулага” мы пабачылі Полацкую Сафію, Жыровіцкі і Мінскі абразы Божай Маці, канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегу, слыннага магната і ваяводу Яна Гаштольда, беларускую Жанну д’Арк — легендарную абаронцу Слуцка Анастасію, стваральніка найбагацейшага прыватнага кнігазбору, апошняга канцлера Вялікага Княства Літоўскага Яўхіма Храптовіча, жонку польскага караля Ягайлы Соф’ю Гальшанскую, знакамітага віленскага ваяводу Яна Хадкевіча, выдатнага палкаводца князя Канстанціна Астрожскага… А яшчэ акварэльныя ўвасабленні Крэўскага і Мірскага замкаў, Камянецкай вежы, Каложы, Крыжа Ефрасінні, Сынкавіцкай царквы, бітвы на Нямізе, Нясвіжскага палаца і нават скарынаўскай “Бібліі”…

Можна і прыгадаць цяпер ужо класічныя для беларускага выяўленчага мастацтва ілюстрацыі да кніг Алеся Краўцэвіча “Рыцары і дойліды Гародні”, а таксама “Сем цудаў Беларусі” Уладзіміра Ягоўдзіка, альбо “Званы Нямігі”, “У гасцях у вечнасці”, “За наміткай гісторыі”, “Белая Русь. Гісторыя ў легендах і паданнях” Анатоля Бутэвіча… І захапляцца, ніякім чынам не супрацьпастаўляючы іх не менш цудоўнаму афармленню іншых сусветна вядомых выданняў. А гэта ілюстрацыі да опернага лібрэта “Золата Рэйна” Рыхарда Вагнера, да кнігі “Артур — кароль Альбіёна”. Дарэчы, ля акварэльных выяў да яе і цяпер у галерэі шмат зацікаўленых школьнікаў. Сусветнае прызнанне прынесла мастаку аздабленне шэкспіраўскіх “Гамлета”, “Караля Ліра”, “Буры”. Не менш пераканаўчым быў поспех увасаблення “Песні пра паход Ігараў” у перакладзе Янкі Купалы і “Аповесці мінулых гадоў”. А ў выніку творчых стасункаў з тайваньскімі мастакамі Татарнікаў далучыўся да ўвасаблення касмаганічнай міфалогіі кітайскага народа. Дзякуючы гэтаму стаў яшчэ больш метафарычна стрыманым, па-філасофску лаканічным…

І ці варта здзіўляцца, што Павел Юр’евіч двойчы ўганараваны прэміяй Міжнароднага біенале “Залаты яблык”, стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, што ўсе яго ўзнагароды, бадай, і пералічыць немагчыма. Але ніколі не забуду, як на адной з першых уласных выставак у Светлагорску ён па-свойму дапытліва агледзеў дзвюхзальную экспазіцыю, якой мы так захапляліся, і быццам пакрыўдзіў яе прызнаннем: “Вось цяпер бачу свае недахопы…” За 23 гады існавання светлагорскай галерэі ў нас пабывала мноства цудоўных мастакоў, але такіх слоў патрабавальнага прызнання чуць не давялося. Можа, у гэтым і ёсць адна з таямніц яго вялікага майстэрства?

…Я падышоў да дзяўчынкі, якая ўсміхалася карціне з казкі “Прынцэса падземнага царства”, і запытаўся: “Хто гэта?” Яна здзівілася такому пытанню, але адказала: “Прынцэса з падземнага царства”. “Адкуль ты ведаеш? Твор жа не падпісаны”. — “А навошта? І так бачна!” “А гэта Пакацігарошак!”; “Вярнігара і Вярнідуб!”, “Васіліна, Крагавей!” — пачуліся галасы… Вось яна, найвышэйшая пахвала мастаку: героі яго казачнага таленту пазнавальна ажылі і па-за межамі кніг…

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ, мастацтвазнаўца

Светлагорск