Casa del Alba: шлях праз Світанак

№ 9 (827) 01.03.2008 - 07.03.2008 г

Часовы Павераны ў справах Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Амерыка Дыяс НУНЬЕС адказвае на пытанні нашага карэспандэнта

 /i/content/pi/cult/151/1122/Pasol.jpg

Двухбаковыя стасункі Беларусі і Венесуэлы сёння як ніколі на ўздыме. Супрацоўніцтва паміж нашымі геаграфічна далёкімі, але сутнасна блізкімі дзяржавамі развіваецца ў розных сферах, у тым ліку і ў культурнай. Таму не дзіва, што і Часовы Павераны ў справах Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Амерыка Дыяс НУНЬЕС пачаў знаёмства з нашай краінай... на канцэрце славутыхХарошак”. Пра падабенства беларусаў і венесуэльцаў, аб праектах і перспектывах двухбаковых адносін, пра Дом Альбы і кніжны аддзел Венесуэлы ў Нацыянальнай бібліятэцы Амерыка Дыяс Нуньес расказвае карэспандэнтуК”.

— Спадар Нуньес, у Беларусі вы прадстаўляеце Венесуэлу ў якасці Часовага Паверанага. Тэрмін вашага знаходжання ў нашай краіне не вельмі вялікі, але, відаць, вы ўжо маеце ўяўленне пра Беларусь, яе людзей, культуру, прыроду. Якія яны, гэтыя ўражанні?

— Маё першае ўражанне аб Беларусі — гэта краіна з самабытнай культурай, карані якой сыходзяць у далёкую, дахрысціянскую эпоху, а каштоўнасці вызначаюць дух прадпрымальнай нацыі, што любіць жыццё, шануе прыгажосць, сяброўства, працу. Праз вельмі кароткі час пасля майго прыезду ў Мінск я змог упэўніцца ў гэтым на выступленні ансамбля “Харошкі”. У кулуарах побач з залай, дзе праходзіла выступленне незвычайнай і таленавітай трупы беларускіх танцораў, я і пазнаёміўся з яе мастацкім кіраўніком Валянцінай Гаявой.

Адметнымі рысамі беларускага народа з’яўляюцца адукаванасць, здольнасць сябраваць, ветлівасць, імкненне да міру. Але, перш за ўсё, ваш народ ушаноўвае сваіх герояў і сваё мінулае, што дае яснае ўяўленне аб тым, наколькі гэты народ паважае самога сябе. Беларусы не спрабуюць быць да каго-небудзь падобнымі і не згодны паддавацца транскультурызацыі і зманлівай прывабнаці касмапалітызму.

— Падчас апошняга свайго візіту ў Рэспубліку Беларусь Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес адзначыў падабенства нашых народаў, іх лёсаў і менталітэту. У чым гэта, на ваш погляд, выяўляецца?

— Нашы народы — венесуэльскі і беларускі — гэта простыя, працавітыя людзі, якія любяць сваё больш за ўсё, шануюць традыцыі славы і крэатуюць новае. Абодва народы — высакародныя і шчодрыя, дружалюбныя і міралюбныя, нягледзячы на адлегласць, вельмі блізкія, таксама, як іх прэзідэнты і ўрады. Нас аб’ядноўвае таксама культура. Беларусы і венесуэльцы шануюць і захоўваюць свае традыцыі, не парушаючы іх, імкнуцца ствараць новае.

— Самым яркім і перспектыўным дыпламатам любой краіны з’яўляецца яе культура. Дзе вам ужо давялося пабываць у Беларусі і што ўбачыць у культурнай прасторы? Што вам спадабалася? Аб чым бы вы распавялі венесуэльцам у гэтым кантэксце?

— Сапраўды, самы яркі і перспектыўны, да таго ж пераканаўчы і натхнёны дыпламат любой краіны — гэта культура. Разам з сям’ёй я наведаўвядомыя мастацкія музеі ў Мінску і экспазіцыі ў малых населеных пунктах, дзе пазнаёміўся са старажытным побытам і звычаямі беларусаў, з кулінарнымі традыцыямі. Давялося пабываць і ў цырку.

Падчас вандроўкі ў вёску мы прынялі ўдзел ў сяўбе і нарыхтоўцы дроў, пабачылі святкаванні і беларускія народныя танцы, ацанілі нацыянальныя строі беларусаў, пачаставаліся беларускімі стравамі. Было прыемна адзначыць, што ў вас шануюць знакамітых людзей, якія зрабілі ўнёсак у гісторыю і культуру рэспублікі. Усё пабачанае дапамагло нам упэўніцца: ваша краіна мае магчымасці прапанаваць і сваім грамадзянам, і замежнікам вялізнае культурнае багацце. Беларусь здольная быць міжнародным турыстычным цэнтрам новага тыпу: прапаноўваць экалагічны, прыродны, творчы, культурны, спартыўны турызм ды шмат што яшчэ. Усё гэта можа быць цікавым і для венесуэльцаў. Застаецца толькі ўсталяваць паміж Беларуссю і Венесуэлай больш прамыя шляхі для ўзаемаабмену турызмам такога тыпу.

— Як мяркуецца развіваць беларуска-венесуэльскія сацыяльна-эканамічныя і культурныя сувязі? Якія сумесныя праекты плануецца рэалізоўваць?

— Мяне натхняе ідэя мець у Мінску ды іншых гарадах Беларусі плошчу для дэманстрацый культурных дасягненняў абедзвюх краін. Напрыклад, Дом Альбы (Casa del Alba), дзе б мы маглі паказваць венесуэльскія танцы, песні ў выкананні музычных гуртоў, фальклорных ансамбляў, артыстаў з усіх рэгіёнаў не толькі Венесуэлы, але і з іншых краін Лацінскай Амерыкі. Паняцце “Альба” расшыфроўваецца як “Баліварыянская Альтэрнатыва для народаў Амерыкі”, а таксама перакладаецца з іспанскай мовы як “світанак”. Дом Альбы быў бы найперш месцам сустрэч розных культур, а таксама стартавай пляцоўкай для развіцця супрацоўніцтва ў галіне спорту, навукі, палітыкі, адукацыі, маладзёжных рухаў і грамадскіх арганізацый. Разам з беларускім бокам прынята некалькі пагадненняў у сферы адукацыі: па абмене вопытам, праграмамі, выкладчыкамі і навучэнцамі. Але існуе яшчэ шмат ідэй, якія знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі. Яны датычацца арганізацыі выступленняў юнацкіх аркестраў, выставак жывапісу, конкурсаў для навучэнцаў беларускіх школ і студэнтаў універсітэтаў, дзе выкладаюць іспанскую мову, развіцця культурнага і экалагічнага турызму.

— Спадар Нуньес, вы прымалі ўдзел у Нацыянальнай выстаўцы Рэспублікі Беларусь у Каракасе. Вашы ўражанні аб экспазіцыі?

— Лепшай “візітнай карткай” Беларусі ў Венесуэле і ўсёй Лацінскай Амерыцы сталася яе цудоўная выстаўка-кірмаш у 2007 г. у Каракасе. Экспазіцыя — уражальны доказ найлепшых эканамічных, навуковых, культурных і ўвогуле агульначалавечых дасягненняў Беларусі.

— Газета “Культура”, як вядома, таксама была ўдзельніцай Нацыянальнай выстаўкі Рэспублікі Беларусь у Каракасе. Як ўспрынялі венесуэльцы наш спецыяльны нумар, прысвечаны культуры Беларусі?

— Ваша газета цудоўная па якасці і графіцы. На выстаўцы ў Каракасе я бачыў, як яна разыходзілася. Нават мне дастаўся толькі адзін экзэмпляр.

— Якія плануюцца беларуска-венесуэльскія пагадненні ў галіне культуры?

— Што да развіцця беларуска-венесуэльскіх культурных кантактаў, дык у перспектыве — падпісанне пагаднення ў гэтай сферы, якое ахоплівае ўсе праявы творчай дзейнасці і грунтуецца на прынцыпах салідарнасці, дапаўняльнасці і ўзаемапавагі.

Венесуэльскае Пасольства плануе пазнаёміць беларусаў з творчасцю многіх венесуэльскіх пісьменнікаў. Мяркуецца адкрыць кніжны аддзел Венесуэлы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі з той мэтай, каб беларускія чытачы здолелі спасцігнуць нашу літаратуру, даведацца пра навукоўцаў і пісьменнікаў. Акрамя таго, плануецца прыезд у вашу краіну мастакоў і творчых калектываў, такіх, як Маладзёжны сімфанічны аркестр Венесуэлы. У той жа час, мы імкнёмся, кааб нашы стасункі насілі двухбаковы характар: хочам запрасіць беларускі бок для ўдзелу ў сумесных мерапрыемствах, якія даказалі б наша жаданне культурнага яднання. У планы місіі ўваходзіць таксама стварэнне, як я ўзгадваў ужо, Дома Альбы — ланцужка паміж Лацінскай Амерыкай і дзяржавамі-членамі СНД, еўрапейскімі краінамі.

— Якія найбліжэйшыя мерапрыемствы адбудуцца з вашым удзелам?

— У хуткім часе мы чакаем чарговы візіт нашага Прэзідэнта Чавеса ў Беларусь. Гэта будзе трэці яго прыезд да вас за апошнія тры гады. Дадзены факт даказвае, што сувязі, якія фарміруюцца паміж нашымі краінамі, набываюць вельмі трывалы і доўгатэрміновы характар. Яны з’яўляюцца фактарам дапаўняльнасці і салідарнасці, якія існуюць толькі між братэрскімі народамі, нягледзячы на геаграфічную адлегласць, што нас раздзяляе.

Мы фарміруем уласную “салідарную глабалізацыю” без камерцыйнай або меркантыльнай афарбоўкі, што разбурае дух чалавека. Наша салідарнасць ужо ахапіла пяць кантынентаў і працягвае расці, насуперак процідзеянню іншай глабалізацыі, імперскай, якая супрацьстаіць высокім пачуццям народаў і варожая сапраўднай культуры.

 Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА