“Да таго месца вялікую ласку маюць…”

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё
Адной з яркіх падзей у культурным жыцці сталіцы апошняга часу сталася прэзентацыя кнігі “Францыск Скарына на мовах свету”. Мерапрыемства сабрала навукоўцаў, выдаўцоў, пісьменнікаў, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса. І гэта невыпадкова.

/i/content/pi/cult/521/11218/5-2.jpgІмя Скарыны сёння атаясамліваецца з найвыдатнымі постацямі эпохі Адраджэння. Амаль 500 гадоў таму ён падарыў люду паспалітаму друкаваную кнігу. У той час, калі кнігі перапісваліся ад рукі летапісцамі ў храмах, друкаваныя фаліянты з гравюрамі і прадмовамі аўтара сталіся прарывам. Скарына ж стаўся для ўсходніх славян фігурай незаменнай, паклаўшы пачатак друкаванаму слову на нашых землях. І друкуючы Слова Божае, наш зямляк заўсёды падкрэсліваў месца свайго нараджэння — слаўны Полацк.

Памятаю, як юнаком я прысутнічаў на адкрыцці помніка Скарыну на плошчы, што носіць яго імя. Незабыўным засталося і тое пачуццё гонару за сваю зямлю, за свае родныя, полацкія, мясціны. Гэтае пачуццё ўскалыхнулася наноў і надзвычай ярка праз гады, калі прачытаў перастварэнне са старабеларускай на нашу родную мову, якое зрабіў наш сучаснік, выдатны паэт Алесь Разанаў. Тая прадмова палачаніна ўпрыгожвае і новае выданне: “Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і рэках, чуюць віры свае, і як пчолы бароняць вуллі свае — гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць”.

Гэтыя словы вялікага земляка, якія сталі для мяне жыццёвым запаветам, з’явіліся сёння ў згаданым выданні на англійскай, кітайскай, нямецкай, французскай, украінскай ды іншых мовах. Іх чыталі на вечарыне іншаземцы як знак павагі і прызнання ўраджэнцу нашай роднай Беларусі. А саветнік Пасольства Украіны ў Беларусі Марына Гуцала засведчыла, што праектам зацікавілася Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Вярнадскага ў Кіеве, з якой супрацоўнічае Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Таму можна спадзявацца, што мерапрыемствы, прысвечаныя Скарыну, пройдуць пад эгідай абедзвюх устаноў у суседняй брацкай 
краіне.

Сонца і паўмесяц. Скарынавы знак на кнігах увасабляе асвету, веды і духоўнасць. Гэта тое, што неабходна людзям ва ўсе часы, што актуальна і сёння. І мне асабліва прыемна, што гэтыя высокія ідэалы нарадзіліся ў чалавека, чый лёс пачынаўся на берагах маіх родных Палаты і Дзвіны, дзе тварылі свой жыццёвы і духоўны подзіг святая прападобная Ефрасіння Полацкая, асветнік і паэт Сімяон Полацкі…

Да таго месца вялікую ласку маюць… Гэты запавет натхніў мяне пагадзіцца на прапанову полацкіх улад дапамагчы зладзіць у родным горадзе Міжнароднае літаратурна-краязнаўчае свята, і я ўдзячны, што ідэю падтрымалі выдавецкі дом “Звязда“, Беларускі фонд культуры. Ёсць згода паўдзельнічаць у мерапрыемстве і ад супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі. І хочацца спадзявацца, што ўжо сёлета ў старажытны горад з’едуцца пісьменнікі, краязнаўцы ды навукоўцы з Масквы, Прагі, Кракава, Падуі. І на розных мовах прагучаць словы ўдзячнасці і сяброўства, духоўнай еднасці.

Не дзеля славы ды амбіцый арганізатараў і ўдзельнікаў, а як святы абавязак памятаць слаўных папярэднікаў, натхніцца іх светлай дзейнасцю, паказаць свету, што ў нас ёсць зямля, якую мы любім, якой ганарымся, якая нарадзіла такіх велічных волатаў духу.

Аўтар: Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё