Дробязей не бывае

№ 9 (1187) 28.02.2015 - 06.03.2015 г

Напярэдадні 23 лютага ў калідоры аднаго адміністрацыйнага будынка сталіцы з’явіўся каляровы плакат з віншаваннем з нагоды “мужчынскага” свята. Тое, што адміністрацыя ўстановы памятае пра дзяржаўныя святы і клапоціцца пра псіхалагічны камфорт тых, хто працуе ў яе будынку, — факт станоўчы.

/i/content/pi/cult/521/11214/4-28.jpgРазам з тэкстам на плакаце змешчаны выявы ўзнагарод савецкай эпохі. І сама іх падборка адсылае нашу свядомасць да той вайны, якая пачалася ў 1941 годзе абаронай Брэсцкай крэпасці, а скончылася ў 1945-м узяццем Берліна. Мяркую, што падзякаваўшы аўтару і замоўцу віншавання, я выкажу агульную думку ўсіх, каму той плакат трапіў на вочы. Чалавеку прыемна, калі яму робяць прыемнае.

Але ёсць у мяне з гэтай нагоды і свая асабістая думка. Так бы мовіць, у дадатак… У мінулым нумары мы пісалі пра тое, як маскоўскія дызайнеры, робячы аздобу перавыдадзенага альбома “Песняроў” “Праз усю вайну”, “адрэдагавалі” на свой капыл яго аўтэнтычную вокладку: яны расфарбавалі зробленыя ў манахроме выявы ваенных узнагарод. А паколькі пры гэтым логіка і адпаведнасць гісторыі іх не цікавілі, атрымалася даволі дзіўная рэч. Нешта падобнае я пабачыў і на згаданым вышэй віншавальным плакаце. Зразумела, што ваенную доблесць у дадзеным кантэксце мусяць сімвалізаваць ваенныя ўзнагароды. А на плакаце побач з медалём “За адвагу” і ордэнам Айчыннай вайны чамусьці прысутнічае ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, якім у СССР адзначаліся працоўныя заслугі і які з’яўляецца сімвалам даваенных “пяцігодак”. Магчыма, аўтар проста зблытаў яго з ордэнам Чырвонага Сцяга, што ўзнік яшчэ ў Грамадзянскую вайну ды існаваў да скону СССР, якім узнагароджвалі за ваенныя подзвігі? Зрэшты, не абавязаны чалавек усё ведаць. Але ж калі робіш дызайнерскую працу, дык найперш збяры неабходную інфармацыю. Не ведаеш чаго — дык хаця б у Google зазірні, калі не ў энцыклапедыю.

Медаль “За адвагу” чамусьці прадстаўлены на прамавугольнай калодцы чырвонага колеру, накшталт той, што на “Залатой Зорцы” Героя Савецкага Саюза. Насамрэч жа калодка павінна мець традыцыйную для савецкіх медалёў форму, а стужка на ёй мусіць быць шэрага ("стальнога") колеру з сінім кантам.

Не зразумела і тое, чаму скарыстана выява першага, падвяснога, варыянту ордэна Айчыннай вайны, што праіснаваў нядоўга, а не вінтавога, дызайн якога з’яўляецца кананічным і якім ушаноўвалі ветэранаў аж да 1991 года.

Усё гэта, нібыта, дробязі. Падумаеш, не тую калодку да медаля прычапіў ды зблытаў працоўны ордэн з баявым, — усё адно грамада ў рэшце рэшт зразумее, што мастак хацеў сказаць. Але ў дадзеным выпадку гаворка ідзе яшчэ і пра святыя для многіх, хто памятае савецкую эпоху, сімвалы. Да таго ж адсутнасць у мастака інфармацыйнай культуры ставіць пад сумнеў ягоны прафесіяналізм. Дый увогуле, гісторыю Радзімы, асабліва яе гераічныя старонкі, пажадана ведаць.

Эпізод з віншавальным плакатам я выбраў з шэрагу падобных, вядомых мне. Мой уласны свет істотна адрозніваецца ад рэалій, якія атачалі маіх бацькоў. А маім дзецям цікава далёка не ўсё, што лічу вартым для сябе. Усё, што аддаляецца ў часе, непазбежна страчвае частку сэнсавай ды візуальнай акрэсленасці. Тое трэба прымаць, як дадзенасць. Але Вялікая Айчынная вайна — гэта тое, што яднае пакаленні, што з’яўляецца неразменным гістарычным капіталам беларускай нацыі. Таму не хацелася б, каб выпадкі перарасталі ў з’яву, і эпізоды, на якія, здаецца, можна пакуль не звяртаць ўвагі, запачаткоўвалі небяспечную тэндэнцыю. Неахайнасць у дробязях пры звяртанні да рэалій блізкай мінуўшчыны можа перарасці ў вялікую абыякавасць і да падзей, занатаваных у сямейных хроніках, і да вялікай гісторыі краіны. Да таго ж, кожны ведае, што ў жыцці дробязей не бывае...

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"