Чаму чакаем “глыбіні” ад моды?

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

Вадзім ПРАКОПЧЫК, архітэктар, дызайнер
Наслухаўся, наглядзеўся, начытаўся пра вышыванкі. І не згодны я з усімі прамоўцамі (ці амаль з усімі).

/i/content/pi/cult/520/11202/5-2.jpgНу, вось, скажам, тэзіс пра “mission impossible” — невыканальную задачу. Мяне заўсёды дзівіла, калі адзенню надавалася нейкая надзвычайная “місія”. А цяпер менавіта слова “місія” гучыць і з вуснаў апалагетаў вышыванак, і ад праціўнікаў іх пашырэння. Гэта ж толькі адзенне, спадарства! Адны кажуць, што вышыванкі начапілі людзі, якія недастаткова глыбока спазналі Беларусь. Іншыя ж, наадварот, бачаць тут першы крок да спазнання Беларусі! Зразумела, доля праўды ёсць у кожным з выпадкаў.

Але з чаго такія дзіўныя патрабаванні і спадзевы?!. Чаму да гэтай “вышываначнай” моды нейкія асаблівыя, іншыя патрабаванні ды чаканні, чым да клёшу, “вараных” джынсаў, хіпстараў, гопнікаў ды іншых? Чаму вы чакаеце ад гэтага нейкай “глыбіні” і “ўсвядомленасці”? Гэта так наіўна і дзіўна. Гэта проста “масавая культура”, “мода” — як заўгодна называйце, але не патрабуйце ад кавалку тканіны з прынтам ці вышыўкай (апошняе вымаўляць “благоговейно” і з прыдыханнем) нейкага надзвычайнага месэджа. Проста глядзіце ды радуйцеся, пакуль тое ёсць. Бо “і гэта міне”.

Дарэчы, пра вышыванкі “сапраўдныя” і “несапраўдныя”. Цяпер, дзякуючы некаторым адмыслоўцам, устойліва сфарміраваны падзел вышыванак. Пад “сапраўднымі” нам прапануюць разумець тыя, што “вышыты рукамі”, а яшчэ лепш, каб гэтая вышыванка перайшла да вас ад прашчураў, — тады, маўляў, яна — “сапраўды сапраўдная”. І што тут запярэчыць? Сам маю нейкую адзежу ад продкаў, якую раз на год дастаю са скрыні, гляджу на яе як на сакральны прадмет, апранаю і зноў кладу ў скрыню. Бо не будзеш жа насіць такую рэч штодня: па-першае, яна да таго непрыдатная, па-другое, музейныя экспанаты падобным чынам не эксплуатуюць.

Такім чынам, мы бачым разгляд двух аспектаў: спосаб вырабу і сакральнасць (ці рарытэтнасць). Што да першага, дык заўсёды хачу пацікавіцца ў прыхільнікаў такой думкі: а як у вас асабіста з астатняй “бытавухай”? Калі прынты ў ХХІ стагоддзі — “несапраўдныя”, дык, напэўна, вы жывяце ў драўлянай хаце, гатуеце ў печы, у Мінск — толькі на конях, замест электрычнасці — лучына, думкі пра вышыванку перадаяце ў СМІ на бяросце? Што да другога аспекту, дык тут зусім проста. Калі мы хочам, каб тыя ж арнаменты-ўзоры памерлі ці і надалей даставаліся са скрыні раз на год, каб яны так і не пачалі самі жыць у сучаснасці, не прыняўшы яе правілаў і форм, нарэшце, не пачалі самі бурліць гаючай крыніцай, тады давайце выступаць выключна за “рарытэтнасць” ды “сакральнасць”. Дык якія мэты? Стварыць вузкую касту ці пашыраць светапогляд? Выбірайце хутчэй: “цягнік адыходзіць”, як і любая мода...

І давайце будзем шчырымі: вышываначны бум стварылі асобы, лідары, хаця яны паўтараюць як мантру, што ўсяго толькі падхапілі “народную хвалю”. Гэта потым шмат хто, пабачыўшы вынікі, таксама ўзняў галаву, а ў вытворцаў ды спажыўцоў загарэліся вочы. Гэта пазней увесь бамонд вырашыў выказацца па тэме. Такім чынам, стварылі новы попыт, новы рынак, новы прадукт. Гэтак сама, як ствараў, скажам, Стыў Джобс, а ў нас задалі хвалю і попыт на вывучэнне роднай мовы адмысловыя курсы. Усё гэта “прадукты”, без якіх цяпер ужо не ўявіш наша жыццё.

Гэта я да чаго? Стварайце і прыдумляйце, будзьце сучаснымі і вы абавязкова нечага дасягнеце. Не адкладвайце “на пасля” — сёння якраз “той самы” панядзелак, з якога і варта пачынаць. Плёну вам ды спору!