Патэлефанавала Гвоздзікаву. Ён вельмі здзівіўся: “Мы ж толькі пару гадзін як усталявалі яе. Адкуль вы пра гэта даведаліся?” А подпіс “Агікбел” растлумачыў гэтак: “Гэта чыста творчая выхадка скульптараў. Мы можам пісаць на сваёй працы ўсё, што заўгодна. У дадзеным выпадку: АГ — Аляксандр Гвоздзікаў, ІК — Іван Казак, Бел — Аляксандр Бялоў. Мы склалі так, каб лёгка чыталася”.
Першапачатковая ідэя была І.Казака — Пэн з палітрай, які журботна глядзіць з вакна сваёй хаты. Потым А.Гвоздзікаў дадаў галубкоў, як сімвал сям’і (мастак ніколі не быў жанаты). Усю кампазіцыю скульптары вылепілі з пластыліну, А.Бялоў выканаў іх задумку ў новым для нашага манументальнага мастацтва матэрыяле — літыевым камені (або палімербетоне, або штучны камень), які быў вынайдзены савецкімі хімікамі яшчэ ў 30-я гады ХХ стагоддзя: палімерныя смолы з дадаткамі пяску і даламіту. “Замяняе метал і атрымліваецца амаль такі, як камень, за што і атрымаў сваю назву”, — растлумачыў А.Гвоздзікаў.
Адпаведна рашэнням віцебскіх уладаў, гэтую мемарыяльную дошку планавалася ўсталяваць да 150-годдзя Юрыя Майсеевіча (Іегуды, або Юдэля Мойшавіча) Пэна, які нарадзіўся 24 мая (5 чэрвеня) 1854 г. у мястэчку Новааляксандраўск (цяпер Зарасай, Літва). Але, як часта бывае, не хапіла сродкаў ажыццявіць задуманае своечасова. Затое цяпер і віцябляне, і шматлікія госці горада ведаюць, што на месцы “сіняга дома” калісьці стаяла хата, дзе на другім паверсе была майстэрня Пэна. Віцябляне любяць адпачываць поруч з помнікамі А.Пушкіну або У.Караткевічу. Некаторыя прыходзяць ушанаваць памяць воінаўафганцаў да помніка на вуліцы Воінаў Інтэрнацыяналістаў, але мала хто ведае аўтара гэтых твораў — Івана Казака. Не менш запамінальныя і работы скульптара Аляксандра Гвоздзікава: помнікі М.Шагалу ў Віцебску, дзецям М.Ф.Шмырова ў Суражы, М.Сільніцкаму на шашы Віцебск — Полацк. Што ж, выбітныя скульптурныя вобразы маюць куды большую вядомасць за ўласных аўтараў. Але ж мы павінны ведаць не толькі сваю гісторыю, але і тых, хто нам яе прыадкрывае.
Алена АЛІМАВА