Каму перадаць сцяг?

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Выстаўка твораў маладых мастакоў у Год моладзі — гэта як трапнае слова ў паэтычны радок і як лыжка да абеду. Няйначай такая імпрэза ў планах Саюза мастакоў ёсць, і ў свой час мы яе пабачым ці ў Палацы мастацтва, ці ў павільёне, што на плошчы Дзяржаўнага сцяга, ці ў абодвух будынках адначасова ды яшчэ з даважкам адкрытай прасторы плошчы Якуба Коласа альбо агароджы парку Чалюскінцаў, ужо звыкла прыстасаваных для экспазіцыйных мэт. Але калі тое ў сталіцы яшчэ будзе… А вось у Брэсце рэгіянальная маладзёжная выстаўка ўжо адкрылася. Такую аператыўнасць, канешне ж, трэба толькі вітаць.

/i/content/pi/cult/516/11194/9-2.jpg

/i/content/pi/cult/516/11194/9-3.jpg

Выстаўка мае дэмакратычную назву “Усе разам-2”. У ёй бяруць удзел больш за дваццаць мастакоў і экспануецца звыш ста твораў. Я неаднойчы меў магчымасць пераканацца, што на ўспрыманне мастацкіх аб’ектаў істотна ўплывае прастора, у якой яны знаходзяцца. Скажам, адна і тая карціна на сцяне прыватнага жытла і на сцяне нацыянальнага музея ўздзейнічае на гледача па-рознаму. Маўляў, калі з’явілася ў культурнай прасторы, дык невыпадкова: значыць, нешта ў гэтым ёсць… Я да таго, што значную частку прадстаўленага на выстаўцы “Усе разам-2”, я абмінуў бы ўвагай, з пункта гледжання выставачнай залы. Не маю на мэце кагосьці пакрыўдзіць і з цікавасцю паслухаю апанента, які мае супрацьлеглае меркаванне. Можа, я занадта кансерватыўны, але мушу згадаць, што прафесіяналізму як базавага чынніка творчасці ніхто не адмяняў. А адсутнасць умення маляваць не прыкрыеш тэзай “я так бачу” альбо спасылкай на эстэтыку імпрэсіянізму, экспрэсіянізму, абстракцыянізму ці інсіту.

Вельмі спрэчнымі ў сэнсе прафесіяналізму і з гледзішча эстэтыкі падаюцца эратычныя опусы Юрыя Стыльскага. А між тым згаданыя “ню” за кошт немалых памераў і агрэсіўнай расфарбоўкі дамінуюць у экспазіцыі. Асабліва кідаецца ў вочы аўтарскае ўспрыняцце анатоміі. Праўда, Юрый Стыльскі — музыкант...

Зорнае неба на карціне Святланы Валасюк “Вялікая Мядзведзіца” кажа пра тое, што аўтар калі-нікалі гартае альбомы з рэпрадукцыямі твораў Эдварда Мунка і Вінсэнта Ван-Гога, але жывапіснай культуры хацелася б больш. “Сіняя дарога” Таццяны Патворавай сведчыць пра захапленне імпрэсіянізмам, але мне бачыцца тут і простае цытаванне. Тое ж скажу і пра жывапіс Валерыя Патворава “Маскоўскае сонца” і “Проста свята”. Сяргей Касцюк, мабыць, шукае натхнення ў брутальным экспрэсіянізме 20-х гадоў мінулага стагоддзя.

Прастору экспазіцыі, так бы мовіць, трымаюць, акрамя згаданых вышэй брутальных “ню”, жывапісны цыкл Міраўлада Палачыча “Абуджэнне” і падборка работ Пятра Кузьміча. “Абуджэнне” ўжо экспанавалася ў мінскім Цэнтры сучасных мастацтваў, а Пётр Кузьміч зусім нядаўна ладзіў у гэтай жа выставачнай зале сваю персаналію. У творцаў адчуваецца, прынамсі, свой стыль і нават заўважны рысы канцэптуальнасці. Палачыч пазіцыянуе сябе як жывапісец, хоць мне падаецца, што ягоныя работы больш пасуюць мастацтву дэкаратыўна-прыкладному. Але ў дадзеным кантэксце гэта не істотна. У любым выпадку маем прафесійна зробленыя рэчы пры наяўнасці аўтарскай думкі. Большасць жа работ экспазіцыі, нават з ліку някепска намаляваных, успрымаюцца як выпадковыя, як першыя, што трапілі мастакам пад руку, калі ім прапанавалі выставіцца.

Сярод прыемных уражанняў я назваў бы жывапіс Марыі Радзько. Гэта якасныя, прафесійныя творы. У ейных карцінах ёсць тое, што па-руску называецца “мастеровитостью”. І яшчэ адзначу, што сутнасць яе творчай працы вызначаюць не спантанная пачуцёвасць ды няўцямнасць памкненняў, уласцівыя многім удзельнікам дадзенай выстаўкі, а самадысцыпліна, без якой у творчай прафесіі поспех недасягальны, і канкрэтыка ў асэнсаванні абранай тэмы. Яна малюе тое, што ведае: сваіх сяброў і людзей, якія нечым цікавыя менавіта ёй.

Яшчэ мне чамусьці запомніўся някідкі, але вельмі шчымлівы чорна-белы краявід Марыі Мароз “У хвалях снягоў і завей” ды містычная графіка Алега Алейніка. Гэтыя творы падаліся мне шчырымі . Аўтара першага вабіць знікаючая рэальнасць вясковай Беларусі, другога — тэхнагенная эстэтыка віртуальнага свету.

Падводзячы вынікі, скажу што выстаўка можа быць цікавай гледачу менавіта сваёй эклектычнасцю, адсутнасцю канцэпцыі, перападамі якасці прадстаўленых работ. Яна адлюстроўвае рэальны стан маладзёжнага мастацтва ў рэгіёне.

На вернісажы адсутнічалі мастакі старэйшага пакалення, чыя творчасць даўно лічыцца культурным брэндам рэгіёна і краіны, прытым што іх запрашалі... Яны адмовіліся, бо палічылі, што менавіта такая экспазіцыя моладзі надта стасуецца з іхнімі эстэтычнымі ўяўленнямі. Не ведаю, правільна гэта ці не… А вось праблему пераемнасці пакаленняў дадзеная выстаўка высветліла. Так што мэтрам Брэстчыны варта падумаць, як сказалі б за Саветамі, “каму перадаць сцяг”. Зрэшты, гэта праблема для ўсяго беларускага мастацтва…

Фота Эдуарда КАБЯКА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"