Парушаючы зону камфорту

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Фотавыстаўка ўзняла сацыяльныя пытанні
Пра тое, што беларуская фотажурналістыка можа выходзіць за межы ролі, адведзенай ёй — ілюстрацыі падзей, — спрабуе распавесці выстаўка “Бліжэй, чым блізка” ў прасторы “ЦЭХ”. І сапраўды, не інерцыйнае фатаграфаванне “на адлегласці”, у бяспецы (падзеі ці чалавека), а набліжэнне, паглынанне, парушэнне зоны камфорту (і ўласнай, і чужой), і ў выніку — нараджэнне пэўнай эмоцыі, уражання, эфекту, роздуму. Вышэйназванае і вылучае праекты адзінаццаці беларускіх аўтараў — удзельнікаў выстаўкі.

/i/content/pi/cult/516/11193/9-1.jpg

“Бліжэй, чым блізка” — гэта ўжо другі выпуск навучальнага курса пад кіраўніцтвам слынных расійскіх фатографаў Юрыя Козырава, Андрэя Паліканава, Таццяны Плотнікавай, што ладзіцца ў Беларусі з мінулага года дзякуючы высілкам беларускага фатографа Юліі Дарашкевіч. Першы — леташні выпуск — адзначыўся выніковай выстаўкай “Працэс”, сёлетняя ж “абарона дыпломаў” увасобілася ў дадзеную экспазіцыю.

Што вылучае работы выпускнікоў курсаў, дык гэта спроба даследавання пэўнай тэмы, увасобленая ў паўнавартасны праект. У “Працэсе” не ўсе серыі атрымалі якасць завершанай работы. “Бліжэй, чым блізка” прапануе большую колькасць спелых праектаў, якія вызначаюцца імкненнем зрабіць бачнымі многія незаўважныя праявы сучаснага 
жыцця.

Сацыяльная арыентаванасць — як праява неабыякавасці, шчырасці, зацікаўленасці фатографа. Позірк аўтара, што вылучае з’явы, рэчы, людзей, абрысы якіх звычайна паглынае шэрасць будняў, плынь руціны і абыякавасці, — вось тая адметнасць, што робіць фатаграфію новай генерацыі цікавай і па-сапраўднаму актуальнай.

Напрыклад, ці ведае наш сучаснік як выглядае праца пошукавага атраду “Анёл” — суполкі энтузіястаў, якія трацяць свой час, каб знайсці людзей, што зніклі па невядомых прычынах? Ці задумваецца большасць над тым, а хто шукае тых зніклых, партрэты якіх даволі часта бачым у метро ды сацыяльных сетках? Лаканічны і між тым надзвычай атмасферны ды адначасова жорсткі, напружаны праект Максіма Сарычава распавядае нам пра гэты пошук зніклых жанчын, дзяцей, юнакоў. Пошук, які вядзецца, здаецца, “у нікуды”…

І далей. Ці ўдавалася каму-небудзь з нас бываць на футбольным матчы, дзе гуляюць толькі невідушчыя? А між тым гэта спаборніцтва, не пазбаўленае тых жа эмоцый ды напалу, як і звычайны матч, хоць і адбываецца з пэўнымі асаблівасцямі. Невідушчыя футбалісты прызвычайваюцца да пляцоўкі, цягам двух гадоў яны гуляюць адмысловым мячом, які “выдае” гучны гук, што дазваляе “пачуць” яго, да ўсяго, гульцы “пазначаюць” сабе адмысловымі ж поклічамі… Пра ўсё гэта дае магчымасць даведацца праект “Нябачны футбол” Уладзя Грыдзіна, які зрабіў, здаецца, звычайны рэпартаж з такой гульні. Але ці такі ўжо гэты рэпартаж і звычайны? На палосах якіх газет даводзілася яго бачыць?.. Дадам, што Уладзь “дапасуе” гэты рэпартаж і больш “прыватнай” серыяй пра дзяўчыну, якая ніколі не бачыла, — “Наташа”.

Яшчэ адзін праект, што працінае наскрозь, — гэта серыя “Найвышэйшая мера” Сяргея Балая. Дадзеная тэма мае дастатковую колькасць “пастак” для фатографа, але Сяргей абірае разумны і далікатны шлях у яе асвятленні. Ён факусіруе ўвагу на няшчасці маці, што страцілі сваіх дзяцей, — на горы маці ахвяры і маці злодзея, якога прысудзілі да смяротнага пакарання. Сяргей дэманструе два бакі сітуацыі — калі глядач не ведае дакладна, чыя маці на здымку пакутуе ад смерці свайго дзіцяці. І можна спытаць сябе, гледзячы на фота, поўныя болю: дык чыё гора большае? Што можа даць супакой гэтым жанчынам? Праект Сяргея — гэта тонка створанае пасланне для роздуму…

“Бліжэй, чым блізка” таксама прапануе і даследаванні больш “лёгкіх” тэм. Напрыклад, Дар’я Сапранецкая ў сваім праекце вывучае паўсядзённасць мінскага аэраклуба ў пасёлку Баравая. Трэніроўкі ахвотных скокнуць з парашутам, скачкі ў неба, спартсмены і аматары, якія лунаюць ў паветры… Дар’я распавяла, што пад час падрыхтоўкі свайго “дыплома” правяла на Баравой амаль цэлае лета. Не дзіва, што фатографу ўдалося зафіксаваць не толькі штодзённыя імгненні рамантычнага спорту-захаплення (хоць, прызнацца, асабіста мне не хапіла фатаграфій у палёце, скачка самой аўтаркі), але і дазнацца пра пагрозу магчымага закрыцця аэраклуба. Апошняя на постсавецкай прасторы падобная арганізацыя, як выявілася, можа быць закрыта з-за будучага будаўніцтва на тэрыторыі Баравой панельнага жыллёвага комплексу. Маляўнічыя пагоркі пасёлка падаліся прывабнай зонай для ўзвядзення новых аб’ектаў, якія могуць “пасунуць” знаны аэраклуб. Вось, здаецца, і не сацыяльная тэма…

Дасціпным і папраўдзе пазнаваўчым, карысным стаўся праект вывучэння “свету навукі” Аляксандры Салдатавай — “Навука — гэта…”. Метад даследавання навуковай рэчаіснасці аўтарка абрала, здаецца, просты. Завітаўшы ў рабочыя пакоі Акадэміі навук, яна прасіла адказаць навукоўцаў на пытанне: што для іх ёсць навука? Фіксуючы іхнія адказы (напрыклад, “дысцыпліна, якая імкнецца спасцігаць ісціну”; “стыль жыцця “безбашенных” людзей”), фатограф захавала моманты працоўных будняў тых, хто з’яўляецца стваральнікам сучаснай беларускай навукі. Візуальны выгляд памяшканняў, у якіх, лічы, “жыве” навуковы свет, абліччы адданых прафесіяналаў, іх адказы — эфект ад убачанага, прачытанага нараджаецца “дзесьці паміж”. У серыі аўтаркі ўяўныя абліччы навукі, якія пануюць, у тым ліку, у сучасных медыя, тэлесерыялах, праходзяць “выпрабаванне” жыццём, нашым лакальным. Пры гэтым творца не мае на мэце выяўленне недахопаў — яна шчыра задае пытанне і спрабуе выявіць невытлумачальнае праз фатаграфію. Дык як выглядае сёння сучасная беларуская навука? Хто яе стварае? “Гэтыя людзі — і ёсць наша навука”, — рэзюмуе Аляксандра.

Дык што можа быць “бліжэй, чым блізка”? Дзе заканчваецца “лёгкая” тэма і пачынаецца “сур’ёзная”? Вандроўка разам з беларускім чэмпіёнам тайскага боксу на радзіму спорту, самагонаварэнне — як знікаючая беларуская традыцыя, візіт да польскага рэжысёра Кшыштафа Занусі — як вандроўка ў сыходзячую кінаэпоху… Аўтары выстаўкі адкрыта і шчыра, рупліва даследуюць жыццё ды сябе. І таму гэта сапраўды блізка.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"