Танцуй, Ваня!

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Рэжысёр-пастаноўшчык (ён жа — аўтар інсцэніроўкі) спектакля “Да трэціх пеўняў” Міхась Краснабаеў стварыў па аднайменнай аповесці Васілія Шукшына ў Нацыянальным акдэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа яркае, забаўляльнае, камедыйнае відовішча. У ім пераважае іранічны погляд на гісторыю, на ўсіх, без выключэння, персанажаў, тым не менш асобна прасочваецца і сатырычны, выкрывальны сарказм. І ў эпізодах, дзе рэжысёру ўдаецца выявіць падтэкст твора, матэрыялізаваць яго “эзопаву мову”, пастаноўка набывае мастацкі аб’ём. Сама аповесць знешне як быццам бы не вельмі прыкметная — ну, падумаеш, нейкая там казачка. Але чытаеш — і здзіўляешся сатырычнай вастрыні твора, глыбіні падтэксту, закладзенага ў ім.

/i/content/pi/cult/516/11191/8-1.jpg

Сцэна са спектакля "Да трэціх пеўняў". / Фота прадастаўлена тэатрам

Яшчэ ў пралогу на сцэнічным коле паўстае шэраг застылых герояў. Праз колькі хвілін яны ажывуць, быццам сышоўшы з кніжных паліц, рассунуўшы пэўныя часавыя рамкі. Але ход са сцэнічным колам запомніцца, бо нясе пэўную сэнсавую нагрузку і атаясамліваецца як з часам, што можа змяніць сваю хаду, так і з тымі кругамі пекла, праз якія давядзецца прайсці Івану. У мастацкім афармленні спектакля (сцэнограф — Святлана Макаранка) пануе мінімалізм, што вызваляе прастору і дае магчымасць гледачу больш засяродзіцца на акцёрскай ігры. Шэры “гумавы” фон, які ад карціны да карціны трансфармуецца, “рухаецца”, адцяняе жывую, дынамічную пластыку артыста, колеравую гаму касцюмаў. Хіба што замест кабінетнага стэнда, дзе змяняюцца аркушы з пазначэннем месца дзеяння, можна было б ужыць макет вялікай кнігі. Гэта надало б афармленню больш вобразны характар.

Аповесць населена мноствам эпізадычных персанажаў, прычым некаторыя з іх маюць сваіх двайнікоў у далейшым разгортванні сюжэта (прыкладам, тыя ж чэрці вельмі нагадваюць “залатую моладзь” у сцэне з Несмяянай, а бібліятэкарка з першай карціны — вылітая сакратарка Мудраца). Рэжысёр пайшоў такім шляхам: большасць выканаўцаў іграюць па тры, а то і па чатыры ролі. Да гонару артыстаў зазначу, што яны працуюць мабільна, нідзе не паўтараюцца, знаходзяць новыя цікавыя фарбы, добра адчуваюць партнёраў. Калі ж вярнуцца да кніжных персанажаў, то тут меліся на ўвазе тыя дэмагогі ад палітыкі ці культуры, якія балбочуць пра народ, ды грэбуюць ім. Для папраўдзе народнага пісьменніка Шукшына такое было непрымальна. Фактычна аўтар спачувае толькі двум героям, якія — на баку Івана: Ільі Мурамцу (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько) і Атаману (артыст Цімур Жусупаў) — тут меўся на ўвазе, вядома, Сценька Разін, адзін з найбольш упадабаных Шукшыным гістарычных персанажаў. Калі першы выканаўца і сапраўды адпавядае кніжнаму прататыпу — амаль нерухомы, магутны, маналітны, як глыба (ва ўсякім выпадку, знешне; аб логіцы ж учынкаў героя можна паспрачацца: занадта квола ён супрацьстаіць нягеглым персанажам), — то другі, хутчэй, — пародыя на яго, бо занадта мітуслівы, эмацыйна выбуховы, нават неўрастэнічны (акцёр карыстаецца кідкімі, буйнымі мазкамі і стварае яскравы гратэскавы вобраз).

У спектаклі занята шмат моладзі. Асабліва вылучаецца Раман Салаўёў у эпізадычнай ролі Вытанчанага Чорта. Колькі акцёрскага куражу, імправізацыі ў рамках зададзенага малюнка ролі, адпаведнай інтанацыі! Здаецца, усе выяўленчыя сродкі ён выкарыстоўвае для стварэння вобраза хітрага прайдзісвета, гэткага інтэлектуальнага езуіта. А колькі вынаходлівасці, гумару ў танцы чарцей, апранутых матрошкамі (харэограф — Дзіяна Юрчанка)! І тут малады артыст таксама задае тон, чым выклікае авацыю глядзельнай залы. Поруч з моладдзю годна працуюць і сталыя коласаўцы. Сярод іх вылучаецца Рыгор Шацько, які яскрава выконвае тры ролі (Мурамца, Першай галавы Гарыныча і Стражніка). Асабліва ж яму ўдаецца вобраз Змея, дакладней, яго часткі (тут ён працуе ў тандэме з Георгіем Лойкам і Аляксандрам Фраловым). Першая галава — самая важная, яна верхаводзіць іншымі, нездарма ж носіць маршальскую папаху — знак асаблівага першынства. Сентыментальная, слязлівая, неабыякавая да рамансаў, яна ніяк не можа зразумець дзёрзкасці простага мужыка. Гэта ж так зразумела, так проста: праспяваць альбо станчыць! А ён спрачаецца! Яна ж на самым версе, дык ёй лепш ведаць, што праспяваць, а пра што змаўчаць!..

Рэй у спектаклі вядзе Яўген Бераснеў — выканаўца ролі Івана. Зрэшты, з яго дзея і пачынаецца, калі герой яшчэ пры поўным святле робіць музычны “зачын” да спектакля. На ім трымаецца ўсё відовішча. Выканаўца добра перадае супярэчлівасць папраўдзе рускага характару, не абмінаючы яго слабасці ў стасунках з дачкой Бабы-ягі, Гарынычам, чарцямі, Мудрацом, калі ён ці то вымушана, ці то па легкадумнасці ідзе на здзелку са сваім сумленнем, здраджвае ўласным маральным прынцыпам. І таму ў фінале не абысціся без праславутага рускага пакаяння. Так, ён адольвае сваіх супраціўнікаў: пераможаны Атаманам Гарыныч, зганьбаваны Мудрэц (яшчэ адна версія “голага караля”; Георгій Лойка у гэтай ролі не шкадуе гратэскавых сродкаў, з’едлівага сарказму), здабыта пячатка замест даведкі (толькі што з ёй рабіць?), але весялосці няма. Герой даказаў сваю важкасць, сцвердзіў сябе занадта высокай цаной. І хоць узняўся на нейкую прыступку, там усё роўна скача. Такім чынам уладкаваны свет, такі парадак рэчаў, і ён застаецца нязменны, — сумны вынік вясёлага і, я сказаў бы, шматслойнага спектакля.

Галоўная думка, што прасочваецца літаральна ва ўсіх эпізодах: хочаш выжыць — трэба “танчыць”. Для “маленькага чалавека з народа” іншага выйсця няма. Гэта значыць, трэба хітраваць, прыстасоўвацца, прагінацца, ліслівіць, падмазваць — толькі так можна чагосьці дамагчыся. Жыццё — той жа цырк, а ты ў гэтым цырку — клоўн, блазан. Ды і не толькі пра “маленькага чалавека” тут. Аўтар ішоў далей: Шукшына турбавала, чаму недалёкія, надзеленыя ўладай, людзі маральна знішчаюць магутныя таленты — таго ж Ясеніна, Рубцова, Высоцкага. Тыя сур’ёзныя, грунтоўныя пытанні — пра здратаваную веру, адцуранне сваіх каранёў мімікрыю зла, — якія вялікі мастак задаў сваім творам, звернуты і да нас, сённяшніх…

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа