З чырвонымі трамвайчыкамі

№ 5 (1183) 31.01.2015 - 06.02.2015 г

Алена Марцьянава — маладая мастачка з Чэрвеня. Яе этапы сталення: Чэрвеньская школа мастацтваў, Лінгвістычны ўніверсітэт, прафесія перакладчыка, вандроўкі па Еўропе, ЗША. Дарэчы, менавіта са стрытаў і авеню Нью-Ёрка паходзяць яркія чырвоныя трамвайчыкі на карцінах Алены — цяпер, мабыць, самы пазнавальны элемент яе работ урбаністычнага кірунку.

/i/content/pi/cult/516/11190/11-3.jpg

Да апошняга часу гарадская тэма дамінавала ў творчасці Алены Марцьянавай, у чым можна было ўпэўніцца, пабачыўшы персанальную выстаўку мастачкі ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна год таму. Яе нядаўні “Сумбурны стыль-life” адбыўся ў тых жа сценах, — цяпер на іх паболела нацюрмортаў ды кампазіцый. Назву варта расшыфраваць: “сумбурны” — як апраўданне творчага пошуку, разнажанравасці, рознастылёвасці карцін і, як вынік, іх непадуладнасці агульнай канцэпцыі (ідэя — сам пошук?), а “стыль-life” — гульня слоў з частковай транслітэрацыяй, бо “нацюрморт” па-англійску гучыць як “still life” (“нерухомае, застылае жыццё”).

Асновай твораў Марцьянавай становяцца здымкі, зробленыя ці ёй самой, ці ейнымі знаёмымі. Аўтарцы часам дастаткова ўразіцца інстаграмам сябра, каб пачаць працаваць. Гэта не значыць, што Алена механічна пераносіць на палатно і без таго здзейснены ў сваім відзе мастацтва вобраз. Сэнс у тым, каб прапусціць “карцінку” праз сябе, перастварыць і паказаць праз сваё бачанне.

Марцьянава падкрэслівае, што капіраваннем не займаецца. Фотаздымак — адзін з інструментаў, дапаможны, а не вызначальны. Тэмпы жыцця такія, што няма часу “ўпалёўваць” сюжэты для твораў, даводзіцца іх падглядаць. Да таго ж працаваць алейнымі фарбамі ў экстэр’еры нязручна, трэба лічыцца з капрызамі надвор’я: святло і святлацень не будуць паслухмяна чакаць, пакуль мастак дапіша палатно.

Акрамя таго, Алена фатаграфуе карціну і пад час працы над ёй. Праз слабы зрок яна дэталёва бачыць толькі амаль усутыч паднесеныя да вачэй прадметы. Таму, каб цалкам кантраляваць творчы працэс, выяўляць хібы ды рабіць адпаведныя праўкі на палатне, Алена стала праглядаць алічбаваныя фрагменты карціны на экране фотаапарата. Для мастачкі асаблівай таямніцай з’яўляецца фінальнае злучэнне ўсіх частак, дробязей, дэталей твора ў цэласную, завершаную выяву.

Асаблівасць экспазіцыі — адсутнасць подпісаў. Безыменныя Нью-Ёрк ці Парыж адгадваюцца па архітэктурных прыкметах, а вось кадры нацюрмортаў, не прыбітыя да ўмоўнай сцяны свядомасці цвікамі больш-менш канкрэтных аўтарскіх намінацый, дораць свабоду ўспрымання. На выстаўках Марцьянавай глядач можа пакінуць у кнізе водгукаў свае варыянты назваў, такім чынам ён запрашаецца ў суаўтары. Станоўчая правакацыя на дастварэнне работ, на саўдзел ад пачатку прыводзіць гледача да галоўнага: свядома, удумліва ўспрымаць творы, рэфлексаваць і спрабаваць выразіць свае перажыванні вербальна, у лаканічнай думцы.

Ёсць яшчэ адна “фішка” выставак Алены Марцьянавай і яшчэ адна форма інтэрактыўнасці паміж аўтарам і гледачом — наяўнасць карцін-кульбітаў. Такую карціну кожны можа перакуліць. Усё гэта — элементы ўзаемавыгаднай тактыкі, прызванай разварушыць любога гледача, уключыць яго ў акт творчасці. Між іншым, дзейсны спосаб “выменяць” давер на давер.

Што далей? Марцьянава інтрыгуе намёкамі на верагоднасць якасна новай выстаўкі, дзе будуць прадстаўлены яшчэ невядомыя яе работы авангарднага характару. Пакуль Алена іх хавае, бо публіка, па словах аўтаркі, да іх не падрыхтавана.

Паліна ПІТКЕВІЧ